Пасля таго, як кіраўнік праўлення Нацбанка, Герой Беларусі Пётр Пракаповіч перанёс складаную аперацыю на сэрцы, яго паўнамоцтвы перайшлі да двух першых намеснікаў — Юрыя Алымава і Мікалая Лузгіна.
Паколькі Пракаповіча чакае доўгая рэабілітацыя, можна лічыць, што ў галоўнага банка краіны з’явіўся новы кіраўнік. Але хто, Алымаў ці Лузгін?
Па словах кіраўніка упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоля Драздова, абавязкі Пракаповіча выконвае менавіта Юрый Алымаў, паведамляе "Наша нiва".
Што пра яго мяркуе былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч? Якіх пазіцый прытрымліваецца выканаўца абавязкаў?
«Гэта ціхі выканаўца, пра якога я не магу сказаць нічога — ні добрага, ні дрэннага», — узгадвае Багданкевіч. Па яго словах, ад Алымава ніколі не сыходзіла ніякай ініцыятывы. У Нацбанк той прыйшоў у 1998 годзе, адначасова з Пракаповічам. А вось іншага намесніка, Мікалая Лузгіна, Багданкевіч хваліць: «Я ведаю, што Лузгін — рыначнік, сапраўдны прафесіянал сваёй справы.
Такіх засталося няшмат, яшчэ хіба што Павел Калаур, якога цяпер прызначылі кіраваць „Белзнешэканомбанкам“. Гэта мае вучні».