Зараз самы навальнічны час у гісторыі Беларусі.
З паэтам Эдуардам Акулінам пагаварыла журналістка «Радыё Свабода» Валянціна Аксак.
— Раскажыце, як было з вашым затрыманьнем?
— Гэта здарылася недзе каля 10:30 ранку на праспэкце Дзяржынскага побач са станцыяй мэтро «Малінаўка». Мы стаялі ў ланцугу салідарнасьці, калі раптоўна, акурат насупроць мяне, спыніўся невялікі белы бус і адтуль, як гарох, высыпалі байцы АМАПу, апранутыя ў чорную форму… Зразумела, што мы сталі ўцякаць… За мной пагналіся адразу двое… Акружылі з двух бакоў, і, пачуўшы злосны вокліч «Стаяць, міліцыя!», мне нічога не заставалася, як падпарадкавацца… Мяне амаль культурна, пад рукі завялі і пасадзілі ў бус… Я сказаў, што зьяўляюся журналістам і маю пасьведчаньне без акрэдытацыі… «Тады яно несапраўднае», — пачуў у адказ.
Амапаўцы былі ўзброеныя гумовымі дубінкамі, а таксама пісталетамі і газавымі балёнчыкамі на папругах… Шчыра прызнаюся, да мяне паставіліся зь нейкай доляй павагі, нават пасадзілі ў крэсла, загадалі зьняць маску і зрабілі відэафіксацыю… А вось яшчэ дваіх палоньнікаў, маладых хлапцоў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на плячах, паставілі на калені, нахілілі тварамі ў падлогу і па некалькі разоў «ахрысьцілі» па сьпінах дубінкамі… Мяне ўразілі іх вочы. Перапоўненыя лютасьцю, налітыя крывёй вочы разьятраных ваўкоў…
— Што адбывалася ў раённым аддзеле міліцыі?
— Нас даставілі ў Маскоўскі РАУС, дзе абшукалі, зрабілі вопіс забраных рэчаў, правялі арышт тэлефонаў… Затрыманых у зале сабралася чалавек 10, і з кожным па чарзе пачалі працаваць сьледчыя, складаючы пратаколы. Я адмовіўся размаўляць з афіцэрам міліцыі, заявіўшы сваё права на адваката. На што мне даволі ветліва адказалі: «Чакайце». Адваката я прачакаў аж да 7 гадзін вечара, але так і не дачакаўся…
Прыехаў аўтазак, і нам абвясьцілі, што ўсіх затрыманых вязуць у Жодзінскі ІЧУ. У аўтазаку было 8 мэталічных адсекаў, спачатку нас траіх пасадзілі ў трохмесны адсек, а празь нейкі час, заехаўшы па дарозе яшчэ ў нейкі сталічны РАУС, нам падсялілі яшчэ дваіх «пасажыраў», месца для якіх, зразумела ўжо не было… Гэта былі маладыя хлапцы, якія, стоячы з сагнутымі галовамі ў нязручнай паставе, вымушаныя былі гэтак трываць усю дарогу да Жодзіна. На маю прапанову памяняцца месцамі, яны, відаць, шануючы мой узрост, ветліва адмаўляліся…
Потым была выгрузка, пераклічка, прагон доўгімі падземнымі калідорамі пад гучныя воклічы і злосную лаянку турэмных вертухаяў… Гучныя загады «Рукі за сьпіну!», «Глядзець у падлогу перад сабой!», «Тварам да сьцяны!», і ўсё гэта пад гучны брэх аўчарак, якім поўніўся турэмны двор… Думкі ў гэты час былі толькі пра адно — няўжо гэта ня страшны сон? А адчуваньне, нібыта я рэальна трапіў у 37-ы год… Потым было маральнае прыніжэньне праз разьдзяваньне дагала і загад тройчы прысесьці, і нарэшце разьмеркаваньне па камэрах…
У камэру з 8 ложкамі нас разьмясьцілі 16 чалавек. Пазьней аднаго зь сядзельцаў некуды забралі… Спалі, калі гэта можна назваць сном, на мэталічных закратаваных ложках па два чалавекі, апранутыя, у абутку, бо батарэя ня грэла, а вакно было насьцеж… Ні матрацаў, ні пітной вады, ні ежы нам ніхто ня даў… Думалі, што пакормяць і дадуць вады ранкам або ў абед. Не пра наш гонар…
Добра, што пасьля абеду пачаліся суды. Я зноў запатрабаваў адваката, бо як высьветлілася, безь мяне мяне ажанілі і пратакол на мяне быў ужо складзены. Судзьдзя перанесла разгляд справы ў Крупскі суд, бо сваіх судзьдзяў на такую колькасьць затрыманых не хапала. Кампанія ў камэры падабралася вельмі шляхетная: студэнты БНТУ, інжынэры, праграмісты, дызайнэры і адзін паэт…
Страйк
Каб прыбраць бандытаў шайкі
з вуліц нашых гарадоў,
каб урэзаць хлеба пайкі
для прыўладніцкіх чыноў,
каб мацней заціснуць гайкі
для начальніцкіх балтоў,
каб заціхлі балалайкі
у крамлёўскіх ігруноў,
каб прымусіць чарнамайкі
зьняць з амонаўскіх галоў,
каб ня гвалцілі «карайкі»
больш Фэміду шмат гадоў,
каб за ўладу, нібы п’яўкі,
не трымаўся клан «бацькоў», —
не да працы, а да страйку
мой Народзе, ты гатоў?..
— Гэты верш зьмешчаны вамі ў Facebook у 7:45 раніцай 26 кастрычніка. А праз пару гадзінаў на вас напалі і схапілі. Як вы думаеце: вас затрымлівалі, як і тысячы іншых актыўных грамадзян, ці як паэта, які рэзка выказваецца ў сваіх вершах пра цяперашнія палітычныя падзеі ў краіне?
— Мяне затрымлівалі, як і тысячы іншых беларусаў, якія выйшлі на вуліцы гарадоў, каб мірна выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю…
— Арышт адбыла ўжо паэтка Ганна Комар. Цяпер за кратамі знаходзіцца паэт Дзьмітры Строцаў. Вас чакае суд. Няўжо ўзброенай да зубоў уладзе так страшныя вершы?
— Зброя АМАПу — гумовыя дубцы, фінскія нажы, балёнчыкі cа сьлезацечным газам, пісталеты, аўтаматы, гранаты і вадамёты… Зброя паэта — слова. А слова, калі ім правільна карыстацца, мае велізарную сілу. Ня марна ж Янка Купала пісаў: «Магутнае слова, ты, роднае слова!» Сапраўды, слова можа вучыць, слова можа праклінаць, слова можа заклікаць, слова можа лячыць і слова можа забіваць… Калі не фізычна, дык маральна. Вось чаму многія беларускія паэты, а іх сотні, прайшлі праз турмы, ссылкі, ГУЛАГ і Курапаты…
Выступаючы на маёй юбілейнай вечарыне і згадваючы маіх сяброў Анатоля Сыса і Алеся Бяляцкага, Уладзімер Някляеў сказаў: «Аднаго зь іх прытуліла турма, другога прыбрала зямля, а трэці ў гэтай сьвяточнай зале адзначае свой юбілей». Мне стала нават крыху няёмка… А Ўладзімер Пракопавіч праз паўзу дабавіў: «Не перажывай, Эдуард, у цябе яшчэ ўсё наперадзе…» Вось і ня вер пасьля гэтага, што паэты — прарокі. А наогул, у канцы бясконцай бяссоннай начы ў халоднай, абшарпанай, з закратаваным акном турэмнай клетцы мы адчувалі сябе самымі свабоднымі на сьвеце людзьмі, бо за намі стаяла праўда… А за праўдай стаіць Бог.
— Якая наогул, па-вашаму, роля літаратара ў сучаснай Беларусі?
— Паэты ва ўсе часы былі выказьнікамі мараў і спадзяваньняў свайго народу. Наш нацыянальны геній Янка Купала заўсёды марыў «З цэлым народам гутарку весьці…» Паэты, пісьменьнікі, творцы ня могуць маўчаць у час, калі вырашаецца лёс Бацькаўшчыны, калі на шалях беларускага Лёсу з аднаго боку — воля і незалежнасьць, а з другога — рабства і палон. Ня марна ж іх калісьці называлі трубадурамі свабоды.
Але, на вялікі жаль, «ціхары», якіх сёньня так шмат разьвялося на вуліцах нашых гарадоў, сустракаюцца і сярод літаратараў. Прычым у абодвух пісьменьніцкіх саюзах… Пра такіх літаратурных «перысідэнтаў», якія ад страху пахаваліся ў свае цёплыя ўтульныя кабінэты і маўкліва чакаюць, чым жа скончыцца народная рэвалюцыя, я нядаўна напісаў верш, які так і называецца — «Ціхары».
Ціхары
Сярод паэтаў ёсьць нямала ціхароў…
Маўчаньне даражэй ім за Свабоду…
Я ненавіджу ціхіх «змагароў», —
прамых нашчадкаў юдзінага роду…
За трыццаць срэбнікаў гатовыя прадаць
Сумленьне, Гонар, Бацькаўшчыну, Веру…
Самога Госпада нанова ўкрыжаваць
ня супраць па загадзе Люцыфэра…
Вы, для каго эрзацам стаў Хрыстос,
знайдзіце у сабе хоць грам адвагі, —
каб узгадаць, як Геніюш свой лёс
крывёй пісала на сьнягах ГУЛАГу…
— Што вы думаеце пра падзеі лета і восені 2020-га? Калі і чым яны скончацца?
— Думаю, што гэта самы навальнічны час у гісторыі сучаснай Беларусі. І цьвёрда перакананы, што ён скончыцца перамогай сілаў Сьвятла над сіламі Цемры. А іначай і быць ня можа… Аб гэтым сьведчыць і пакінуты некім надпіс на біле турэмнага ложка: «Жыве Беларусь!»
ВЕРШЫ ЭДУАРДА АКУЛІНА
Вера
Дзе той вой, які Народ праславіць
І пакліча ў бітву за сабой?!
Подласьць не схаваць у балаклаве…
Подласьці дамо сьмяротны бой!
Зноў ажыў між нас біблейскі Каін
І занёс дубец над галавой…
Здраду не схаваць у балаклаве…
Здраду выклікаю на двубой!
Докуль лютасьць намі будзе правіць,
Плюючы атрутнаю сьліной?!
Лютасьць не схаваць у балаклаве…
Лютасьць пераможам Дабрынёй!
Веру ў вырай змусам не адправіш, —
Вернецца крыжамі ўздоўж дарог…
Веру не схаваць у балаклаве…
Вера несьмяротная, як Бог!
Запомні — кроў не высыхае…
Заміж таго, каб збочыць годна
дзеля Свабоды і Красы, —
ты распачаў вайну з народам,
украўшы нашы галасы…
Ты нам надзеі не пакінуў,
калі пачуўся першы стрэл…
Ня можа бацька ў вочы сыну
глядзець праз лазэрны прыцэл…
Ты дваццаць шэсьць гадоў ваякам,
нібы аўчаркам лютым косьць,
кідаў, каб сёньня ў аўтазаках
душылі нашу Маладосьць…
Ў любові кляўся да Каханай,
а за адмову жонкай стаць, —
твар адвярнуўшы ад экрана,
аддаў загад ў яе страляць…
Дык вось яна твая якая —
усенародная Любоў?..
Запомні, што не высыхае
на Плашчаніцы сьцяга кроў!
Беларускае Шчасьце
Маладая мама
нахілілася над вазком,
каб дзіцятка ў яго пакласьці…
Пахне порахам
і грудным малаком
беларускае Шчасьце…