Упершыню ў шматгалоссі сёлетніх пратэсных шэрагаў Мінска мы пачулі яе 13 жніўня.
Увечары таго дня некалькі дзясяткаў жанчын сабраліся ля помніка Якубу Коласу і запяялі не чаканую ў той момант «Пагоню» альбо баявы марш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», і не рэлігійны гімн «Магутны Божа», і не «Муры» з іх надзённым рэфрэнам «Прагнеш свабоды, то бяры», і нават не бясспрэчны адраджэнскі хіт Лявона Вольскага «Тры чарапахі». Паліла́ся ж над пляцам лірычная «Купалінка». Яе журботныя словы і журлівая мелодыя ніяк, здавалася б, не пасавалі мітынговаму настрою, і тым больш узгадаваным на мадэрновых рытмах маладым галасам пратэстоўцаў.
Назаўтра, 14 жніўня, «Купалінка» разлеглася па наваколлі магутным рэхам прафесійных выканаўцаў. Ад раніцы яе акапэльна праспявалі артысты Беларускай дзяржаўнай філармоніі, а ўдзень у суправаджэнні аркестра опернага тэатра над Траецкаю горкай залунаў магутны барытон маладой зоркі Іллі Сіўчукова. Ад 19 жніўня амаль месяц апоўдні ля зачыненых дзвярэй Купалаўскага тэатра «Купалінку» разам з усімі ахвотнымі выконваў Спеўны сход Сержука Доўгушава. А з 20 жніўня пад скрыпку Таццяны Грыневіч яе штовечар спяваў шматтысячны хор на пляцы Незалежнасці. Па суботах жа і нядзелях «Купалінка» асвятляла твары сотняў тысячаў удзельнікаў пратэсных маршаў.
Чаму ж менавіта гэтая песня стала паслявыбарчым народным гімнам?
Адказ, мяркую, трэба шукаць там, дзе ёсць і адказ на іншае пытанне: чаму так хутка і рашуча народ узняў забаронены праз цэлае стагоддзе нацыянальны сцяг, правёўшы тым самым народны рэферэндум па сімволіцы. Прага чысціні і сапраўднасці адразу ж знайшла і адпаведны музычны сімвал.
«Купалінку» за савецкім часам называлі фальклорнаю песняй. Але насамрэч музыку яе стварыў Уладзімер Тэраўскі, а народныя словы апрацаваў Міхась Чарот. І кампазітар, і паэт былі забітыя камуністычнай уладай. Імёны іх як «ворагаў народа» згадваць не дазвалялася. Але забараніць іхні твор антынародная ўлада не змагла. Толькі ўклала ў вусны фалькларыстаў, маўляў, гэта песня пра маладую дзяўчыну, якая на Купалле шукае сваё каханне.
Насамрэч «Купалінка» – як і кожны іншы сапраўдны шэдэўр – у сваёй простасці хавае велізарны ўнутраны падтэкст. Давайце ўслухаемся:
– Купалiнка-купалiнка,
Цёмная ночка...
Цёмная ночка, дзе ж твая дочка?
Зачын песні гучыць ад імя кагосьці невядомага да Купалінкі, якая, як бачым, зусім не дзяўчына, а цёмная ночка. І менавіта ў яе, цёмнае ночкі, хтосьці пытаецца, дзе ж яе дочка.
Далей адказ ночкі:
– Мая дочка у садочку
Ружу, ружу полiць,
Ружу, ружу полiць,
Белы ручкi колiць.
Высвятляецца, што дочка не таямнічую Папараць-кветку ў змрочным лесе шукае, а ў садзе ўзгадоўвае ружу. Пры гэтым яна добра разумее, што перш чым наталіцца далікатным хараством і водарам, ёй давядзецца шмат чаго зазнаць. Але дочка рупна ўзгадоўвае кветку мары. Нават вяночкі з яе ўжо звівае. Хоць і ведае, што вянок з ружаў – гэта не толькі прыгожыя кветкі, але й калючыя шыпы. Амаль Хрыстовы цярновы вянок, ад якога дочка ночкі не адмаўляецца і тады, калі ад болю не ў сілах стрываць горкіх слёз:
Кветачкi рвець, кветачкi рвець,
Вяночкi звiвае,
Вяночкi звiвае,
Слёзкi пралiвае.
Фінал песні адкрыты. Як і фінал цяперашняй поствыбарчай сітуацыі. Краіна – цёмная ночка. Яе дачка, дакладней, тысячы і тысячы дачок, якія прагнуць выйсці з ночы да святла, ужо ўзгадавалі кветкі, сплялі вянкі, але з-пад іх па прыгожых світальных абліччах цячэ кроў. Што будзе далей? Пытанне без адказу.
– Купалiнка-купалiнка,
Цёмная ночка...
Цёмная ночка, дзе ж твая дочка?
Бясконца насіць крывавыя вянкі нават самыя цярплівыя знясільваюць. Апошні раз прыціснутыя чорнымі амбаламі да нейкае глухое сцяны жанчыны спявалі «Купалінку» 19 верасня. З таго азвярэла «хапунскага» вечара і на пляцы Незалежнасці яна тысячагалосым хорам больш не гучыць. На штотыднёвых маршах у гнаных бястварымі бандытамі пратэстоўцаў што раз паскараецца крок. І не стае ўжо дыхання, каб подбегам зацягнуць на ўсю моц улюбёную песню.
Раздроблены амапаўскімі дубінкамі на лакальныя вакальныя групы шматтысячны хор то тут, то там рэхам адгукаецца ў вечаровых восеньскіх дварах. Туды на падмогу завітваюць барды і рокеры. Пад іх рытмы лёгка таньчыць, саграваючы сподзеў на вясновае светлае ранне.
А каларатурнае сапрана галасоў выбітных дочак цёмнае беларускае ночы цяпер напоўніцу гучыць у высокіх залах міжнародных дэмакратычных інстытуцыяў. Іх чуюць. Імі захапляюцца. Іх натхняюць. І мы верым, што неўзабаве знойдзем адказ на галоўнае пытанне беларускага народнага гімна.
Валянціна Аксак, «Новы час»