Знакамiты паэт распавёў пра 13 сутак зняволення ў жодзінскай турме.
Па вызваленні Дзмітрый Строцаў творца падзяліўся з «Нашай Нівай» уражаннямі ад арышту.
«Вельмі пазітыўны досвед, шмат цудоўных сустрэч, у нас была вельмі крэатыўная кампанія. Прыдумалі новы сцяг для артыкула «23.34», збіраемся адкрыць клуб з назвай «23.34». З вялікімі напрацоўкамі выходзім на волю.
Фармальна мне прад’явілі фрагмент відэа, дзе я ўдзельнічаю ў шэсці 4 кастрычніка. Паколькі ж мяне дапытвалі ў КДБ, то ёсць здагадка, што інтарэс быў больш шырокі. Але канкрэтных размоў пра мае іншыя «правіннасці» не было.
Я ішоў дадому з «Беларусбанка», але за некалькі крокаў ад пад’езда мне надзелі на галаву мяшок, пагрузілі ў мікрааўтобус і, як я потым зразумеў, адвезлі ў КДБ на Камсамольскую.
У КДБ мы знаходзіліся гадзіны паўтары, знаёміліся, як мне здаецца. Я адмаўляўся ад усяго, але ў мяне не быў заблакаваны тэлефон, і там яны знайшлі мноства дадатковых матэрыялаў, якія маглі неяк падставіць іншых людзей. Таму я пагадзіўся на той эпізод, дзе быў адзін. Падпісаў пратакол, што згодны. Пасля гэтага мяне прывезлі ў Цэнтральнае РУУС.
Пры затрыманні не білі, нават калі змясцілі ў мікрааўтобус, надзелі мяшок і кайданкі, то ветліва спыталі: «Як сэрца?». Я ім нічога не адказваў да таго моманту, як не знялі мяшок і не адвялі ў кабінет следчага. Першае, што я сказаў — я вам не давяраю, вы мяне скралі.
Следчы прадставіўся не супрацоўнікам КДБ, а міліцыянерам. Яму я прапаноўваў пераходзіць на бок народа, бо «вашы дні злічаныя». Калі мяне выводзілі, то я зразумеў, што гэта КДБ, мне кепска надзелі мяшок, я ўсё бачыў.
Я даў шмат інфанагодаў, занадта шмат і свабодна публікаваў матэрыялы на фэйсбуку. У іх ёсць пункцік, што яны шукаюць лялькаводаў і арганізатараў, але размовы ў нас не атрымалася. Крымінальнай справай мяне не палохалі.
Са мной у камеры сядзеў студэнт Дзмітрый Мазура, які адседзеў 38 сутак. Быў яшчэ студэнт, у якога было 45 сутак арышту, ён быў напружаны, што могуць дадаць яшчэ.
У камеры ў нас была цудоўная атмасфера. Калідорныя былі самыя розныя: хтосьці — дастойныя мужыкі, хтосьці — з садысцкімі схільнасцямі».