12 кастрычніка Вадзіміра Заранкіна выцягнулі з машыны каля «Рыгі» і затрымалі.
Вадзімір Заранкін — 32-гадовы супрацоўнік культурнага аддзела пасольства ЗША.
12 кастрычніка яго выцягнулі з машыны каля «Рыгі» і затрымалі, пра гэта выпадкова даведаўся яго малодшы брат Піліп і забраў машыну, паведамляе «Наша Нiва».
Абодва яны — сыны кіраўніка Віцебска.
Піліп ужо затрымліваўся ў Мінску і адбываў суткі, двое сутак праседзеў і Вадзімір.
Цяпер ён аспрэчвае сваё затрыманне, нядаўна справу накіравалі на дапрацоўку, Вадзімір расказаў «Нашай Ніве» абставіны таго вечара.
«Хаця я і чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якую выказваю рознымі шляхамі, але ў той вечар — 12 кастрычніка, — далібог, не ў чым не ўдзельнічаў.
Я прыехаў на «Рыгу» у «Суседзі», там нічога не адбывалася, так, былі пратэстуючыя, але нічога не адбывалася, у мяне былі свае планы. Па выхадзе я ўбачыў характэрны бусік, але ён спыніўся даволі далёка, я вырашыў сыходзіць адтуль і пайшоў на паркоўку да машыны, сеў, завёў рухавік, ад'ехаў няўдала і закрануў чужую машыну, але тут падскочылі некалькі чалавек, пачалі біць шкло і спрабаваць адчыніць дзверы, ім гэта ўдалося. Мяне выцягнулі, паклалі тварам на плітку, некалькі разоў далі дручком па спіне, рукі сцягнулі будаўнічай зацяжкай, на вочы нацягнулі капюшон і павялі ў свой бус. Але гэта быў не той бус, які я бачыў раней, таму я зразумеў так, што пачалася аблава і яны былі з розных бакоў, і я памыліўся, думаючы, што сяду і з'еду. Хто тыя людзі, якія мяне затрымлівалі, я не ведаю, яны былі ў шлемах і бронекамізэльках, не прадстаўляліся, як таго патрабуе закон, не тлумачылі прычыны затрымання, мяне ўдары ў твар потым да зорачак у галаве, спрачаліся, ці трэба мяне «пазначаць»», — расказвае Вадзімір.
Потым яго закінулі галавой наперад у бус, сказалі не варушыцца, пагражалі доўгім турэмным тэрмінам. Па прыездзе ў РУУС мужчын выгрузілі ў падвал.
«Як я зразумеў, гэта было Савецкае РУУС. У сутарэннях нас паставілі на калені: рукі ўгору, галава ўніз. Людзей было шмат, нейкая жанчына спачатку апытвала імёны і месцы работы, потым чалавек на камеру задаваў нейкія агульныя пытанні, потым ужо больш спецыфічныя і іншы чалавека, пры гэтым мы да яго стаялі спінай і яго не бачылі, ён быў у балаклаве. У мяне патрабавалі пароль ад майго тэлефона, але я не сказаў. І калі я лічыў тую аварыю з чужой машынай непрыемнасцю, то аказалася, што яна мне дапамагла — уласнік той машыны выклікаў ДАІ, разам з ДАІ яны знайшлі мяне ў РУУСе, мяне вывелі з падвала, каб скласці еўрапратакол, у мяне атрымалася перадаць яму мабільны свайго брата, якому той набраў, і Піліп прыехаў забраць пабітую машыну», — расказвае Вадзімір.
У РУУСе людзей трымалі прыкладна да 4 гадзін раніцы, пасля чаго па іх прыехаў аўтазак.
«У аўтазак трэба было бегчы, у ім усіх паставілі на калені на падлогу, так мы гадзіну ехалі да Жодзіна, пад адным хлопцам за гэты час налілася лужына крыві — яго білі ў нос. Стаўленне да нас было грэблівае, як да злачынцаў, ніякай павагі да чалавечай годнасці, тых, хто спрачаўся з канваірамі — білі. У самім Жодзіне дваццаць чалавек займалі 10 мясцовую камеру, спалі мы седзячы на жалезных нарах, увесь наступны дзень правялі ў камеры, нейкай ежы далі толькі ўвечары, рассялілі па камерах, бялізны не далі, толькі жалезныя нары, раніцай далі кашы і пачаліся суды, суддзі былі з вобласці. Давалі то штрафы, то адпраўлялі на перагляд, нейкаму хлопцу аднаму далі 25 сутак. Я сказаў, што ў мяне ёсць адвакат і я патрабую яго прысутнасці, мне ёсць што сказаць, таму суддзя перанесла пасяджэнне, мяне выпусцілі, цяпер справа на «дапрацоўцы»», — кажа Вадзімір.
Мужчына падзяліўся высновамі, якія зрабіў са сваіх прыгод.
«Я знаходзіўся з людзьмі, за якімі будучыня гэтай краіны: маладыя, разумныя, мы шмат усяго абгаварылі. Былі рабяты айцішнікі, інжынер МЗКЦ, студэнты. Усе яны ехалі ў крыві ў аўтазаку, іх марылі голадам, пагражалі. Гэта не дужа страшна, але гэта ненармальна і мне незразумела, навошта гэта ўсё. Былі выпадковыя людзі — хлопец на свой Дзень народзінаў выскачыў у краму. Яны казалі, што вось раней не задумваліся, але, перажыўшы бязмежжа, задумаюцца аб выхадзе на мітынгі, бо ніводная чалавечая істота не зразумее такога стаўлення да невінаватых і не будзе падтрымліваць тых, хто гэта робіць, і іх камандзіраў. У ХХІ стагоддзі гэта недапушчальна, гэта тэрор і генацыд», — падсумаваў Вадзімір.
Ён таксама дадаў, што бацька ў курсе ўсёй гісторыі.
«У межах сям'і мы ўсё гэта абмяркоўваем, я яму расказваў, ён ведае. Я патлумачыў, што я не хачу, каб маім дзецям было за мяне сорамна за тое, што я пайшоў на кампраміс з сумленнем у той момант гісторыі, калі кампраміс быў немагчымы».