Новая Беларусь будзе будавацца з разуменнем важнай ісціны.
Дыктатарская сістэма, нягледзячы на знешні пошлы і танны глянец, дэманстратыўна пампезныя выезды нелегітымнага дыктатара на адкрыццё станцый метро, уручэнне ім генеральскіх пагонаў і ўзнагарод, згніла. У гэтым пераконваюць жыццёвыя рэаліі, дурнота чыноўнікаў і сілавікоў, з якой сутыкаюцца грамадзяне.
Зацягнутае супрацьстаянне пратэстуючага народа і ўладнай вертыкалі высвеціла сутнасць двух бакоў. Грамадзяне, адчуваючы сваю прававую і маральную перавагу, пераадольваюць страх прад сілай гвалту і вядуць змаганне за праўду, свабоду і дэмакратыю. Яны выходзяць на маршы, пікеты ў любое надвор’е, дзейнічаюць сумленна, мірна, вытрымана, адкрыта, мужна і смела. Сёння нашы многія людзі — героі, я захапляюся і ганаруся імі.
Прадстаўнікі дыктатарскай сістэмы, каб утрымацца ва ўладзе, наадварот, зрабілі стаўку на хлусню, сілавыя і адміністратыўныя метады запалохвання, фальсіфікацыі, арышты, суды, пасадкі. Пасля жульніцкіх выбараў яны спачатку хацелі задушыць усіх, хто пратэстуе, агулам. Але нічога не атрымалася. Маршы працягваюцца і ў буднія дні, і па нядзелях. Тады рэжым пераключыўся на ўдушэнне пратэстуючых па катэгорыях. Толькі і тут — аблом. Ні рабочыя, ні шахцёры, ні выкладчыкі, ні студэнты, ні спартсмены, ні ўрачы, ні айцішнікі, ні журналісты, ні настаўнікі, ні акцёры, ні спевакі, ні пенсіянеры, ні інваліды не здаюцца, і так будзе да перамогі.
Пры ўсёй важнасці праблемы з сілавым блокам, які скіраваны на татальны гвалт, збіццё грамадзян, які зацэментаваны прапагандысцкай апрацоўкай і «шалёнымі» грашыма, не яна — галоўная. Пасля новага тэрору з імі ўсё ясна. Больш дзівяць чыноўнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў, рэктары ВНУ. Яны добра разумеюць, што адбываецца ў краіне, але ідуць на злом галавы ўслед за нелегітымным, аганізуючым, неадэкватным узурпатарам.
Тут, відаць, вінаваты не толькі змаганне за аклады і прывілеі, або тупізм і ўпёртасць. Многія з іх — слабыя прафесіяналы, выйшлі ў начальнікі не дзякуючы здольнасцям і дасягненням, а праз самапіяр, падхалімства, асабістую адданасць галоўнаму босу. Людзі проста знаходзяцца не на сваім месцы. Яны баяцца страціць крэсла, бо не ўпэўнены, што нармальна ўладкуюцца пры новай уладзе.
Калі яны сядзяць у кабінетах або сустракаюцца з «прасеянай» аўдыторыяй, то не так выпірае іх адарванасць ад рэальнага жыцця, няўменне гаварыць з людзьмі, а то і невуцтва. Цяпер жа трэба «супакоіць» бунтуючы народ, таму ўзяты курс «на дыялог». Але які дыялог можа будаваць той, хто прывык, як і дыктатар, да ментарскіх маналогаў. Ці можаце вы ўспомніць выпадак, калі б А. Лукашэнка вёў дыскусіі з прэтэндэнтамі на прэзідэнцкую пасаду або паважліва гаварыў з апанентамі? Да адных ён зусім не прыходзіў, а другім на паўслове затыкаў рот...
«Плотную» працу са студэнтамі павяла Н. Качанава, якая дагэтуль не была ва ўніверсітэце. Аднак яны былі «невоспитанными», не паважалі яе ўзрост, бо задавалі вострыя, нязручныя пытанні пра арышты, гвалт і катаванні. А абураная чыноўніца ў адказ манатонна паўтарала: «Ложь, ложь, ложь…» — і пыталася ў моладзі: «А что вам не нравится?»
Ці няпраўда, цікавы «дыялог» атрымаўся?
Першы намеснік міністра ўнутраных спраў Г. Казакевіч, як чалавек ваенны, пасля рогату студэнтаў з яго фантастычных пасажаў не цырымоніўся, «строіў» і застрашваў: «Вы все идентифицированы». А затым прапанаваў: «Хотите высказать свою позицию? Объединяйтесь в группу и приходите в МВД — поможем и направим».
Трагедыя цэрбераў дыктатуры ў тым, што маючы слабы інтэлектуальны патэнцыял, яны ўяўляюць сябе вялікімі дзеячамі, палітыкамі. Смешна з іхніх нападак на С. Ціханоўскую, М. Калеснікаву і іншых сучасных палітыкаў. А хто ведаў вашага куміра і ўсіх вас, пакуль не ўзлезлі на пасады? Адкуль такая пыха і фанабэрыя?
Лагічна мы падыйшлі да суб’екта, які ўцягнуў беларусаў у палітычны тупік і трагічныя падзеі. Пра тое, што А. Лукашэнка знаходзіцца не на сваім месцы, я пісаў у 1994 годзе. А раней выступаў у друку за парламенцкую рэспубліку, супраць увядзення інстытута прэзідэнцтва, казаў, што «народный президент», чарговы «хозяин страны» можа прывесці Беларусь да стану «бананавай рэспублікі».
Узурпатар, які яшчэ ў 1995 годзе пачаў раз’юшана таптацца па парастках дэмакратыі, дзякуючы якім прыйшоў да ўлады, цяпер злосна накінуўся на канкурэнтныя, свабодныя і сумленныя амерыканскія выбары, называючы іх «позорищем», «издевательством над демократией». Гэтыя словы дакладна дапасуюцца да таго, што робіць сам дыктатар. Ні ён, ні У. Пуцін і блізка не стаялі ля дэмакратыі.
Гэта няпраўда, што А. Лукашэнку «никто никуда не толкал». Згадайце яго прэзідэнцкі «марафон», які грунтаваўся на шантажы, інтрыгах, пазыках і грашовых уліваннях Расіі. Суседзі-палітыканы ўратавалі ад імпічмента, давалі газ, нафту, каб захоўваў дыктатуру, быў у «саюзнай дзяржаве». Узурпатар зноў спадзяецца на «дружбана». Ён не хоча прызнаць, што беларускі народ без іх ведама кардынальна памяняў сітуацыю. Як ні стараюцца Лукашэнка і Пуцін, якому пляваць на імкненне беларусаў да свабоды, бо ў яго крытэрый — «Александр Григорьевич попросил», але фокусы з запалохваннем расійскімі войскамі, з Канстытуцыяй не ўдаюцца.
Пратэстуючы народ не падманеш, ён наскрозь бачыць дзеячаў кадэбісцкай і саўгаснай загартоўкі. Курс на сыход нелегітымнага ўзурпатара, вызваленне палітвязняў, пакаранне сілавікоў-злачынцаў, новыя сумленныя выбары пераглядацца не будзе. Папраўкі да Канстытуцыі грамадзяне вырашаць пазней— свабодна, самастойна і без спешкі.
Не на сваім месцы ў палітычным плане знаходзіцца і сама Беларусь, якая гістарычна з’яўляецца еўрапейскай краінай. Навошта беларусам і расіянам ствараць сумніўны «неа-СССР»? Дастаткова мець нармальныя двухбаковыя стасункі і на гэтым супакоіцца.
Чаму народ, які жыў у Вялікім Княстве Літоўскім паводле выдатнага юрыдычнага дакумента — Статута, напісанага на старабеларускай мове, у гарадах з Магдэбургскім правам, павінен забыць прагрэсіўнае мінулае?
Жулікі ў цывільным адзенні і ў пагонах хітра намерыліся «замыліць» свае злачынствы, не разглядаюць перавышэнні службовых паўнамоцтваў, факты катаванняў і спадзяюцца перасядзець «у замарожаным стане» зіму, а там усё будзе «акей». Свет прывыкне да беларускага гнілога «апендыкса» і не стане чапаць хірургічным ланцэтам. Пазіцыя ўзурпатара ясная: «Уважают в мире только сильных и тех, кто может стоять намертво. Мы будем стоять». Але планы А. Лукашэнкі правальныя.
Па-першае, паводзіць сябе па-ранейшаму ім не дазволіць народ, па-другое, мізарнеюць грашовыя рэсурсы на рэпрэсіўны апарат, па-трэцяе, дыктатура знаходзіцца пад пільным наглядам і санкцыямі ЗША і Еўразвязу.
Каму патрэбна хлуслівая, бяздарная і яшчэ ў дадатак садысцкая ўлада? Нікому! Над Беларуссю гучыць: «Уходи!», а мне ўспамінаецца вясковае: «Дзед, злазь з даху, не псуй гонты!»
Нам трэба будаваць новую Беларусь з разуменнем важнай ісціны. Чым болей людзей у краіне будзе знаходзіцца на сваім месцы, тым хутчэй яна ўзмацнее эканамічна, у ёй трывала запануе дэмакратыя, стануць захоўвацца правы і свабоды чалавека.
Сяргей Законнікаў, sn-plus