Яны разумеюць, што ў краіне поўны прававы дэфолт.
Кандыдат псыхалягічных навук, дацэнт факультэту філязофіі і сацыяльных навук Белдзяржунівэрсытэту Тацяна Сініца, якую затрымалі ў Менску 9 лістапада, у дзень маршу пэнсіянэраў, пагутарыла з «Радыё Свабода».
Тацяна Сініца — адна з паўсотні выкладчыкаў БДУ, якія выступілі зь відэазваротам «Унівэрсытэт — тэрыторыя свабоды», яна падтрымала студэнтаў-страйкоўцаў.
«Людзі там сядзяць выдатныя, фантастычныя»
Выкладчыца кажа, што яе затрымалі «дзіўна», бо яна не была ў калёне, а стаяла са студэнтамі ля «Макдональдса». У руцэ трымала кветку, як і бальшыня пэнсіянэраў.
«У мікрааўтобусе, які пад’ехаў, ужо былі адчыненыя дзьверцы, выбеглі людзі ў чорным. Студэнты зьбеглі, а я пайшла ім насустрач, людзі ў чорным сказалі, што мяне затрымліваюць».
У РУУС на яе склалі пратакол па артыкуле 23.34 і адвезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна. На наступны дзень суд па скайпе аштрафаваў яе на 810 рублёў.
На Акрэсьціна Тацяна Сініца трапіла ў адну камэру зь лекаркамі, якіх затрымалі 7 лістапада, і са студэнткай факультэту міжнародных адносін БДУ Ульянай Масалавай.
«Ульяну затрымлівалі больш жорстка, напалі ззаду, цягнулі і крычалі на яе „С..ка, зараз табе пальцы адрэжам“, бо ў яе быў бел-чырвона-белы манікюр, на яе ціснулі ў РУУС і потым далі 12 сутак. Людзі там сядзяць выдатныя, фантастычныя. Дзяўчына Натальля прыйшла ў РУУС па позьве. На яе ціснулі, каб яна падпісала пратакол, што ёй выдалі кветкі і заплацілі за ўдзел грошы. Яна адмовілася, і яе накіравалі на Акрэсьціна».
Марш пэнсіянэраў 9 лістапада ў Менску«Свабода паступова сыходзіла цягам 26 гадоў»
Паводле Тацяны Сініцы, ва ўнівэрсытэце «не супакояцца ні выкладчыкі, ні студэнты», хоць на гэты момант пратэсты ня масавыя.
«Гэта немагчыма пагасіць, пакуль усё не павернецца ў нармальнае рэчышча. Бальшыня выкладчыкаў супраць гвалту і стараюцца як могуць падтрымліваць студэнтаў, яны разумеюць, што ў краіне поўны прававы дэфолт. Сэнс адукацыі прападае, калі нічога не памяняецца ў бок захаваньня законнасьці, правоў чалавека. Бо калі ёсьць сіла і гэта галоўны закон, то для чаго тады веды?»
У БДУ прыходзіла старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава. Пасьля гутаркі са студэнтамі Качанава сказала, што яны, маўляў, самі ня ведаюць, чаго хочуць. Як Тацяна Сініца ставіцца да гэтых словаў чыноўніцы?
«Насамрэч гэта прамая маніпуляцыя. Выкладчыкі і студэнты ведаюць, чаго яны хочуць, прычым гэта нармальныя, простыя рэчы. У нас ёсьць Канстытуцыя, заканадаўства, таму дзейнічайце паводле Канстытуцыі і законаў. Ня трэба перапісваць Канстытуцыю. Выпраўце, калі ласка, тое, што ўжо было сапсавана. Былі сапсаваныя выбары — вярніце гэта. Быў гвалт, недапушчальны па законах, — выпраўце гэта. Дайце нам аснову. Ёсьць закон — дзейнічайце па законе».
У відэазвароце выкладчыкаў Тацяна Сініца кажа, што вышэйшая мэта сфэры адукацыі і яе работнікаў — дапамагчы сфармавацца асобе, а ва ўмовах несвабоды гэта немагчыма. Ці застаецца БДУ тэрыторыяй свабоды?
«Свабода паступова сыходзіла з унівэрсытэту цягам 26 гадоў. І цяпер, падчас абвастрэньня сытуацыі, стала відавочна, што часам на чале факультэтаў стаяць некампэтэнтныя людзі, якія ўмеюць рабіць пэўныя дысцыплінарныя рэчы. Унівэрсытэт не цяпер страціў свабоду. Але цяпер узьнікла вострае разуменьне таго, што гэтую свабоду трэба вяртаць».