Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Мы проста па логіцы не можам не перамагчы

14.11.2020 политика
Мы проста па логіцы не можам не перамагчы

Таму давайце сціснем зубы.

Паслухайце, дарагія мае, усе, хто цяпер у адчаі альбо ў роспачы. Ну мы проста па логіцы не можам не перамагчы.

Па-першае, так не бывае: каб рэжым, захраснуўшы ў стылістыцы, этыцы і эстэтыцы даўно памерлай імперыі, меў хаця б якія перспектывы ў тэхналагічнай, адкрытай свету будучыні.

Па-другое, ён цяпер у міжнароднай ізаляцыі: ніякай знешняй падтрымкі, ніякіх новых кантрактаў, ніякіх падпісанняў міжнародных дакументаў — бо ўлада не прызнаная легітымнай.

Па-трэцяе, ніякага развіцця: каб развівацца, патрэбныя людзі і грошы, нічога гэтага цяпер у рэжыма няма. І што важна: і не будзе, бо патрабаванне адстаўкі вышэйшага кіраўніцтва непахіснае і бясспрэчнае. Зусім хутка ўсё гэта стане зразумелым нават тым буйным бізнэсоўцам і дырэктарату прадпрыемстваў, якія пакуль што стаяць у баку. Будучыня — гэта не дзевяноста дзён на дубінках АМАПу. Каб жыць і расці ў будучыні, навокал трэба каб была пэўнасць і адсутнасць страху.

Яшчэ я думаю, што пакрысе выводзяць адсюль грошы тыя буйныя міжнародныя злачынцы, што ўкладаліся ў нашу эканоміку: ім цяпер тут страшна і небяспечна. Грошы ў краіне - усё. Ніхто не будзе ўкладацца ў дзяржаву, дзе не працуе закон. Больш за тое. Думаю, кожнаму буйному бізнэсоўцу, што пакуль маўчыць і спрабуе зрабіць выгляд, нібыта ўсё нармальна - хутка давядзецца сутыкнуцца з патрабаваннем фінансаваць дубінкі і газ — як яны мусілі фінансаваць калгасы і спартовыя клубы. Шмат кажуць пра тое, што нават АМАП і астатнія ўжо не атрымлівае прэміяльных і трымаецца цяпер толькі на ўласным страху за сябе і свае сем'і.

Падумайце проста галавой. Асабліва тыя, хто цяпер сядзіць ціхенька і чакае, чым скончыцца, каб хуценька і элегантна перапаўзці пад шумок на бок дабра. Можаце пачынаць: дабро пераможа.

Нам засталося меней, чым мы прайшлі. Гэта не голы аптымізм, гэта проста логіка. Адзіны наш сапраўдны вораг цяпер — гэта паніка, адчай і страх. Іншага моцнага і непераможнага ворага ў нас няма. Усе астатнія — слабыя, бесперспектыўныя і дэзарыентаваныя.

Таму давайце сціснем зубы — і будзем проста рабіць сваю справу, як рабілі ўсе гэтыя тры месяцы. Яна цяжкая, але яна правільная. І мы пераможам.

Ганна Севярынец, «Фейсбук»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]