Таму я выходжу.
Тысячы затрыманых, тысячы збітых, сотні знявечаных, дзясяткі забітых. Мільёны нескароных. Мільёны тых, хто верыць, — пасля ночы заўсёды надыходзіць світанак. Сотні тысяч смелых — і столькі ж пакуль маўклівых. Крок за крокам краіна ідзе да сваёй новай будучыні.
Да той Беларусі, дзе галоўнымі каштоўнасцямі будуць сумленне, а не лаяльнасць, адукаванасць, а не агрэсіўнае невуцтва, добразычлівасць, а не хамства. Дзе закон будзе законам, а не анучай пад нагамі тых, хто ў балаклаве і з дручком. Дзе Канстытуцыя, а не бязглуздыя загады будзе вызначаць лёс народа. Дзе салідарнасць і спагада будуць вызначаць адносіны паміж людзьмі.
Вы скажыце: гэта ўтопія, такой краіны няма і быць не можа. Такой краіны не было, дакладна. Але наша Беларусь мае ўсе шанцы такой стаць. Паглядзіце навокал! Бачыце, колькі годных людзей! Колькі тых, хто гатовы падзяліцца апошнім, дапамагчы, не чакаючы чагосьці ўзамен. Колькі тых, хто гатовы абараняць сваё права на годнае жыццё, ваша права на годнае жыццё!
Ужо сёння наша краіна — прыклад для ўсяго свету. Людзі розных краін з рознымі рэжымамі захапляюцца намі, вераць, што ў нас няма шляху назад. Вераць, што наша будучыня можа быць толькі лепшай і светлай. І толькі чамусьці мы самі час ад часу губляем надзею. Не верым у саміх сябе. Не верым у нашу моц.
Паглядзіце навокал! Якая будучыня ў тых, што ў балаклавах і з дручкамі? У іх ужо няма нават уласнага твару. Яны баяцца, што вы іх пазнаеце. А можа, ужо баяцца, што самі сябе пазнаюць і не змогуць з гэтым жыць. Яны крычаць і мацюкаюцца, каб не чуць сваёй роспачы. Яны б’юць і зневажаюць, каб хоць так адчуць сябе жывымі. Яны хочуць, каб іх баяліся, але самі баяцца ўбачыць нашу ўсмешку.
Краіну атачыла чорная зграя, ці аліўкавая, ці яшчэ невядома якога колеру. Над Беларуссю пакуль яшчэ пануе ноч. Але ноч заўсёды заканчваецца світанкам. Гэта закон прыроды. Гэта закон чалавечнасці.
Не трэба роспачы і расчараванняў. Мы разам, нас многа, за намі перамога!
Таму сёння я выходжу.
Аксана Колб, «Новы час»