Людзі прынеслі кветкі і свечкі да помніка жыхарам Віцебска, закатаваным падчас Другой Сусветнай вайны.
Кветкі і свечкі людзі прынеслі да помніка жыхарам Віцебска, закатаваным падчас Другой Сусветнай вайны, які стаіць каля будынка ратушы, перадае «Радыё Рацыя».
Ад гэтага месца сёння распачалося і шэсце ў памяць пра Рамана Бандарэнку, забітага ў Менску. Шэсце ахапіла прастору ад ратушы да плошчы Леніна: калона прайшла там некалькі разоў, але праз паўтары гадзіны міліцыянты зладзілі кардон, і людзі былі вымушаны разысціся.
Каля дзясятка чалавек трапілі ў пастарунак, у тым ліку журналісты – фатографы Алесь Пілецкі і Ігар Мацьвееў. Абодвух адпусцілі праз некалькі гадзінаў, але некалькі чалавек застаюцца за кратамі.
Міліцыя патрулюе цэнтр горада, патрулі спыняюць мінакоў, якія ідуць па вуліцы з кветкамі, і патрабуюць тлумачэнняў. Мікрааўтобус з міліцыянтамі, а таксама некалькі міліцэйскіх машынаў сочаць за мінакамі ў раёне ратушы, каля якой гараць свечкі і ляжаць кветкі.
фота: racyja.comГэты новы мемарыял па Раману Бандарэнку паўстаў тут з вымушаных прычынаў. Спачатку віцябляне вырашылі, што найлепшае месца для ўшанавання ягонай памяці – гэта помнік “Боль”, усталяваны па загінулых віцебскіх воінах-“афганцах”.
12 і 13 лістапада там стаялі партрэты Рамана Бандарэнкі, гарэлі свечкі і ляжалі кветкі. Але зараз ад гэтага ўсяго няма і знаку, а каля помніка кругласуткава дзяжурыць міліцэйская машына. Хтосьці з гараджанаў сцвярджае, што супраць ушанавання памяці забітага жыхара Менску выступілі былыя “афганцы”. Маўляў, гэтае месца памяці належыць толькі ім.
Віцябляне распавядаюць, што каля помніка іх сапраўды сустракалі мужчыны ў цывільным і прасілі ўскладаць кветкі ў іншым месцы. Ці былі гэта насамрэч былыя ўдзельнікі вайны ў Афганістане, застаецца невядомым, але ў сацыяльных сетках з’яўляюцца сведчанні ад былых “афганцаў”, што яны мемарыял не знішчалі.