Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Не схлусіў — пратэстуеш»

18.11.2020 политика
«Не схлусіў — пратэстуеш»

Пра дабро як форму пратэсту.

Падзеі вакол нас даўно ўжо набылі біблейны характар. Нават нерэлігійны чалавек, угледзеўшыся, лёгка заўважыць: тут сапраўды ідзе не палітычная барацьба, а змаганьне, даруйце за патас, Дабра са Злом. Нейкім незаўважаным, але пераканаўчым чынам канфлікт з палітычнага імкліва пераўтварыўся ў маральны.

Калі прыняць за маральную норму патрабаваньні рэжыму, цяпер у нас зьяўляецца злачынствам: памятаць сваіх мёртвых, ушаноўваць іх памяць кветкамі, даваць прытулак тым, хто ў небясьпецы, падвозіць ваду тым, хто яе ня мае, казаць праўду, абараняць затрыманых ці звольненых калег і сваякоў, заклікаць да спыненьня гвалту, апэляваць у сваіх патрабаваньнях да народу.

Наадварот, правільным і ўхвальным зьяўляецца: ілгаць, ілжэсьведчыць, кідаць сваіх у бядзе, біць нагамі памінальныя лямпадкі, выдаваць тых, хто схаваўся ад небясьпекі, зачыняць дзьверы перад тымі, хто баіцца. Калі царква заклікае не апаганьваць памяць мёртвых — ёй загадваюць заткнуцца. Калі, наадварот, царква ўхваляе гвалт над людзьмі — ёй даюць месцы ля мікрафонаў. Калі доктар выказвае спачуваньне і міласэрнасьць да зьбітага — доктара звальняюць з працы. Калі доктар у ІВС штурхае нагой спакутаванага — ён застаецца працаваць.

Каб зрабіць кар’еру сёньня, трэба быць: жорсткім, хлусьлівым, амаральным, бессардэчным. Каб гарантавана страціць працу, трэба быць праўдзівым, неабыякавым, прыязным да людзей. Ты можаш нават ня мець з сабой сьцягоў, не дэкляраваць палітычных патрабаваньняў, ты можаш проста прынесьці кветкі на месца забойства — і ты будзеш злачынцам. А можаш раскідаць кветкі нагамі — і ты будзеш паслухмяным грамадзянінам. Дый наогул, ты можаш абылгаць мёртвага — і выдаваць сябе за ікону маралі. А можаш прад’явіць людзям праўду насуперак гэтай ілжы — і справакаваць забарону на праўду для ўсіх.

Ня ведаю, ці заўважаюць гэта тыя, хто сёньня трымае на сваіх плячах былую ўладу: як лёгка і як беспаваротна яны звальваюцца ў маральную бездань. Вось ты судзьдзя, неблагая, напэўна, дзяўчына, харошая дачка харошай мамы, але ты проста вынесла прысуд на падставе ілжэсьведчаньняў, якія даў невядомы ані табе, ані іншым Іван Іванавіч Іваноў — опа, і ты ўжо на баку Зла. Здаецца, проста выконвала сваю работу (потым так і скажаш). Але дабро і зло ня ведаюць межаў паміж работай і не-работай. Немагчыма быць на працы са Злом, а дома з Дабром. Так проста не бывае. Шчэ ў палітыцы можна падтрымліваць аднаго, а працаваць на іншага, без праблем. А з дабром і злом такія жарцікі не праходзяць. Ты альбо там — альбо там.

Мне падаецца, я разумею цяперашнюю беларускую Салідарнасьць — салідарнасьць маштабную, касьмічную, салідарнасьць, якая ня мае меры і межаў. Дабро цяпер — гэта пратэст. Што б ты ні рабіў добрага — ты ўжо пратэстуеш. Прывёз вады — пратэстуеш. Аднавіў паламаную чорнымі людзьмі мэблю — пратэстуеш. Пусьціў памыцца ці адпачыць незнаёмца — пратэстуеш. Не схлусіў — пратэстуеш. Абараніў слабога — пратэстуеш.

Ну можна зрэзаць усе стужачкі, разьбіць усе лямпадкі, пасадзіць усіх з вуліцы, забараніць партрэты Рамана Бандарэнкі. Можна. Але з Дабром — што рабіць? Як ты яго забароніш? Нават калі жыцьцё пакласьці на гэта — ну ніяк.

І менавіта таму ў гэтым канфлікце перамога — прадвызначаная. Ну так, Зло, бывае, выйграе ў тактыцы. Нават найчасьцей так і бывае — тактычна Зло і больш хітрае, і больш жорсткае, і часьцяком лепей аплочваецца. Але стратэгічна ў Зла няма ніякіх шансаў. І ня проста таму, што так напісана ў Бібліі. А таму, што чалавецтва, каб выжыць і не пажэрці адзін аднаго, ад самага свайго пачатку вымушана трымацца Дабра. Голы практычны сэнс.

А беларусы людзі практычныя.

Хочацца расказаць напрыканцы адну праўдзівую гісторыю. Адна мая знаёмая настаўніца прыйшла ў панядзелак на ўрок зьбітая, зь вялізарным сіняком на твары. На нядзельным маршы яна кінулася бараніць чалавека, якога цягнулі ў бус, і яе ўдарыў у твар амапавец. Дзеці, натуральна, успалашыліся: што з вамі? Яна шчыра расказала, як было.

А назаўтра яе выклікаў дырэктар і голасам прарока пратрубіў у яе разьбіты твар: «Мне сёньня патэлілі з аддзелу адукацыі! Туды паступіў сыгнал, што вы ўчора на ўроку сказалі дзецям праўду!»

Мы ішлі зь ёю поплеч па праспэкце Пераможцаў, зноў была нядзеля, зноў побач было шмат прыгожых людзей, сіняк яе цьвіў ужо жоўтым і чорным, і мы сьмяяліся.

Ганна Севярынец, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]