Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Радослаў Сікорскі: Беларусы зьдзівілі Эўропу

20.11.2020 политика
Радослаў Сікорскі: Беларусы зьдзівілі Эўропу

Пратэсты ў Беларусі — гэта новая форма нацыянальнага руху.

Дэпутат Эўрапейскага парлямэнту і былы міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі расказвае ў інтэрвію «Радыё Свабода», як яго зьдзівілі пратэсты ў Беларусі i разважае пра іх прычыны.

— Тры месяцы, больш за сто дзён, у Беларусі адбываецца рэвалюцыя, пратэсты, па-рознаму можна гэта называць. Беларусы чакаюць падтрымкі з боку ЭЗ. Зразумела, усё адбываецца ў самой Беларусі, і спадзеў гэты меншы, чым раней, бо людзі разумеюць, што гэта яны ўсё вырашаюць. Тым ня менш, чаканьні пэўныя ёсьць. Але ня бачна, каб Брусэль неяк актыўна займаўся Беларусьсю. Можа, вы нешта ведаеце пра гэта больш, каб абвергнуць пэсымістычныя ацэнкі беларусаў?

— Я б не абвінавачваў Брусэль у тым, што ён не цікавіцца. З маіх размоваў у Камісіі па замежных справах Эўрапарлямэнту, з размоваў з высокім прадстаўніком або дэпартамэнтамі Эўразьвязу, пратэсты беларусаў супраць сфальсыфікаваных выбараў актыўна цікавяць і выклікаюць чалавечую сымпатыю да людзей, якія змагаюцца за свабоду. У той жа час Брусэль разумее, наколькі абмежаваны ягоны ўплыў і інструмэнты ўзьдзеяньня. Тое, што ён мог зрабіць — то бок увесьці санкцыі супраць асобаў, адказных за рэпрэсіі, — Брусэль ужо зрабіў. Тое, што адбываецца ў Беларусі, зьяўляецца перадумовай да новага рэгуляваньня Эўразьвязу, накшталт «акту Магніцкага», які дзейнічае, калі не памыляюся, ужо ў сямі краінах, сярод якіх ЗША і Вялікая Брытанія. Эўразьвяз распрацаваў для сябе інструмэнт, які дазволіць без пастаянных узгадненьняў паміж урадамі забараніць уезд або замарожваць рахункі адказных за рэпрэсіі і карупцыю. Літаральна ўчора ў нас адбылася канфэрэнцыя пра гэта з удзелам і падтрымкай вярхоўнага прадстаўніка Эўрапейскай камісіі.

Вашы пратэсты адрозьніваюцца ад украінскіх. Пратэсты ва Ўкраіне пачаліся пасьля таго, як Януковіч падмануў сваю краіну, абяцаў, што падпіша дамову аб асацыяцыі з ЭЗ, і не зрабіў гэтага. З гэтага і пачаўся Майдан. Майдан ад самага пачатку быў праэўрапейскім рухам. Вядома, сумленнасьць выбараў — гэта эўрапейская каштоўнасьць, але пратэсты ў Беларусі — гэта ваш нацыянальны рух пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў. Мы гэта шануем, але мы ня хочам, каб нас абвінавачвалі, як вы намякнулі ў першым пытаньні, ва ўмяшаньні, арганізацыі гэтага руху, бо ён зьдзівіў Эўропу. Мы, як, напэўна, і шмат хто з вас, лічылі, што будзе так, як было і раней — некалькі пратэстаў, і што Лукашэнка здолее гэта задушыць. А тым часам мы бачым сапраўднае нараджэньне беларускай грамадзянскай супольнасьці, якая дамагаецца сваіх правоў.

— А як вы асабіста можаце растлумачыце тое, што сталася? Вы сочыце за падзеямі, маеце сяброў, зьвязаных зь Беларусьсю. Чаму гэтым разам усё інакш? Я памятаю, як у першыя дні пасьля пратэстаў у «Газэце Выборчай» выйшаў артыкул пад назвай «Мы недаацанілі беларусаў».

— І гэта праўда. У мяне трохі супярэчлівы погляд на гэтую тэму. У Польшчы, і ўвогуле ў Эўразьвязе, існуе мэнтальнае клішэ, што паколькі Беларусь недэмакратычная краіна, то яна павінна быць бедная. Але Беларусь больш заможная, чым Украіна, таму, між іншым, што ў яе больш замежных інвэстыцый. Выяўляецца, што нашыя бізнэсоўцы аддаюць перавагу стабільнай дыктатуры, а не карумпаванай дэмакратыі. Мне здаецца, што ў чалавечай прыродзе ёсьць герархія патрэбаў. І тады, калі дасягаецца пэўны ўзровень заможнасьці, павялічваецца і патрэба чалавека кантраляваць свой лёс, у тым ліку і ў палітычнай сфэры. У Польшчы «Салідарнасьць» была ў пэўным сэнсе адказам на крах даволі пасьпяховай эканамічнай палітыкі часоў Эдварда Герэка ў 1970-х гадах. Думаю, што гэты аспэкт можа мець значэньне і ў выпадку Беларусі.

— Давайце яшчэ на хвілінку вернемся да эўрапейскай салідарнасьці адносна Беларусі. Ці бачыце вы нейкія дыпляматычныя або палітычныя інструмэнты ў руках Эўразьвязу, якія былі б у стане паспрыяць вырашэньню палітычнага крызісу ў Беларусі?

— Мы заўсёды прапаноўвалі беларускім уладам шлях выбару і намагаліся ня толькі ўводзіць санкцыі як цану кепскай палітыкі, але і ствараць стымулы за жаданьне пайсьці па шляху добрай палітыкі. Калі рэжым забіваў журналістаў і апазыцыянэраў, тады былі санкцыі. Потым ён перастаў забіваць, і нават празь некаторы час вызваліў палітвязьняў, тады мы зьнялі санкцыі. Калі я быў у Менску разам зь міністрам замежных спраў Нямеччыны Гвіда Вэстэрвэле, то са згоды Эўразьвязу, пэўных камісараў Эўракамісіі, мы прапанавалі прэзыдэнту Лукашэнку пакет падтрымкі для беларускіх рэформаў у памеры 3 мільярды эўра, пры ўмове, што выбары ў 2010 годзе былі б менш сфальсыфікаваныя, чым раней. Але для такога тыпу лідэраў утрыманьне сваёй улады, а прынамсі ўтрыманьне беспакаранасьці — важнейшыя, чым росквіт свайго народу. У гэтым палягае праблема.

— Польшча і некаторыя іншыя краіны ЭЗ, але ня ўсе, не прызнаюць Лукашэнку легітымным. Ці будзе наступствам гэтага, напрыклад, непрызнаньне дамоваў, якія ён падпісвае, напрыклад з Расеяй? Бо многія беларусы спадзяюцца, што ўсё, што ён падпісвае пасьля 6 лістапада, калі скончыўся яго тэрмін паўнамоцтваў, усё што ён робіць пасьля, — ня мае законнай сілы. Ці ёсьць верагоднасьць, што такія дамовы ня будуць прызнаныя, ці гэта хутчэй сымбалічны крок?

— Беларусь не зьвязаная нейкай вялікай колькасьцю дамоваў. Беларусь, бадай, адзіная краіна Эўропы, якая ня мае ніякай дамовы аб супрацы з Эўразьвязам. Зрэшты, будзьма шчырымі, папярэднія выбары таксама былі сфальсыфікаваныя. Але гэтым разам ён зрабіў гэта выключна нахабна. Мы ня шмат можам зрабіць, бо і так не запрашалі Лукашэнку на міжнародныя сустрэчы, ён і так ня быў часткай дэмакратычнай сям’і народаў. Ад поўнай ізаляцыі яго бароніць Уладзімір Пуцін, які, сьцяўшы зубы, вымушаны цярпець ягонае нахабства. Але здаецца, што Пуцін прыйшоў да высновы, што аслаблены Лукашэнка, якога ён выратаваў, для Расеі найбольш карысны, бо ён тады больш паслухмяны і дае больш надзеі на тое, што нарэшце стане рэальнасьцю «саюз Расеі і Беларусі», то бок паглынаньне Беларусі Расеяй.

— А ці бачыце вы палітычную лёгіку ў дзеяньнях Уладзіміра Пуціна, калі ён ставіць на чалавека, які цалкам страціў падтрымку грамадзян? Многія лічаць, што калі б Пуцін выступіў на баку рэвалюцыі, нават з тактычнага пункту гледжаньня, падтрымаўшы мірны пратэст, тое, што ўлада павінна мяняцца, то ён мог бы стаць героем для беларусаў.

— Магчыма, Пуцін быў бы тады больш папулярны ў Беларусі, але не Беларусь для яго першы прыярытэт, а Расея. І мне падаецца, што як Пуцін ня мог суіснаваць з дэмакратычнай Украінай, так ён ня можа дазволіць, каб дэмакратыя ўсталявалася і ў Беларусі. Гэта быў бы кепскі прыклад, зь яго пункту гледжаньня, для саміх расейцаў. Бо расейцы падумалі б, што калі і ў Беларусі можа быць дэмакратыя, то чаму яе ня можа быць у нас? Бо ва Ўладзіміра Пуціна тая самая праблема, што і ў Аляксандра Лукашэнкі. Калі ўжо загадаў забіваць і накраўся, то хто вам потым можа гарантаваць асабістую бясьпеку? Менавіта таму ягоны першы прыярытэт — захаваньне ўлады. А стварэньне прэцэдэнту ў братняй славянскай краіне, зьмена ўлады пад прэсінгам вуліцы і ціскам народу — гэта для яго вельмі небясьпечна.

— Апошняе пытаньне — пра будучыню. Напэўна ўсё гэта калісьці скончыцца і, спадзяёмся, перамогай дэмакратыі. Што, на вашу думку, можа быць гарантыяй таго, што краіна застанецца дэмакратычнай і што ёй ня будзе пагражаць новы аўтарытарызм ці іншая дыктатура?

— Найперш павінна быць адпаведная воля грамадзянаў. І нельга галасаваць за тыранаў і нацыяналістаў. Калі нехта галасуе за кепскіх людзей, то ён робіцца не ахвярай, а іх партнэрам. А па-другое, Эўразьвяз цяпер прыйшоў да высновы, што бар’еры падчас далучэньня да Эўразьвязу недастатковыя. Бо высьвятляецца, што ёсьць краіны, якія гатовыя выканаць крытэры падчас далучэньня, але потым хочуць самі ў сябе зьнішчаць дэмакратычныя стандарты. Літаральна сёньня адбываецца паседжаньне Эўрапейскай рады, на якой абмяркоўваецца эўрапейскі бюджэт і яго сувязь зь вяршэнствам закону. ЭЗ, то бок Эўрапейская рада, галасаваньнем 25 на 2, бо «супраць» былі Польшча і Вугоршчына, «за» быў таксама Эўрапейскі парлямэнт, абсалютная яго большасьць, кажа: калі вы будзеце парушаць вяршэнства закону, то мы можам прыпыніць фінансавыя сродкі. Дзеля таго каб эўрапейскія грошы не выкарыстоўваліся для фінансаваньня тыраніі. І я лічу гэта слушным крокам.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]