Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Таксічны Баскаў

20.11.2020 спорт
Таксічны Баскаў

Чаму пазбаўленне Беларусі хакейнага чэмпіянату свету амаль непазбежна.

Вясной 2017 года стала вядома, что хакейны чэмпіянат свету-2021 прымуць дзве краіны — Беларусь і Латвія. У студзені 2019-га была створана Дырэкцыя па правядзенні ЧС, якую ўзначаліў тагачасны кіраўнік федэрацыі хакея Беларусі Генадзь Савілаў. Сёлета ў лютым бакі ўрачыста абвясцілі, што афіцыйным маскотам форума стане вожык Спайкі.

Але прыйшла восень — і прынесла вялікую верагоднасць, что ніякага чэмпіянату ў беларускай сталіцы не будзе.

Рада без радасці

Гэта стала зразумела па выніках учорашняга паседжання Рады Міжнароднай федэрацыі (ІІХФ), дзе сярод іншых пытанняў разглядалі справаздачу адмысловай камісіі на конт месца правядзення ЧС-2021. Камісію гэтую ўзялі не са столі — заснавалі спецыяльным рашэннем яшчэ ў верасні, калі страшная інфармацыя пра адваротны бок хвалёнай беларускай стабільнасці дакацілася да Захаду. Ужо наставіў хіб урад Латвіі, прынцыпова адмовіўшыся ладзіць хакейнае свята ў адной суполцы з Беларуссю. Ужо не паехаў у госці да мінскага «Дынама» фінскій «Ёкерыт» — па патрабаванні сваіх заўзятараў. Ужо сведчанні пра паслявыбарныя катаванні, здзекі і зверствы патрапілі з беларускіх вуліц і ізалятараў акурат на старонкі замежных медыя.

ІІХФ на той момант яшчэ старанна рабіла покер-фэйс і ўвогуле выгляд, што на Дзерыбасаўскай добрае надвор’е. Што падрыхтоўка ідзе звыклам шляхам, нагоды для надзвычайных рашэнныў няма, а Беларусь застаецца надзейным партнёрам і светлым аазісам сусветнай хакейнай карце. Такое стаўленне не здзіўляла: калі на Захадзе і ёсць канцэнтраваныя прыклады той самай еўрапейскай бюракратыі і самым горшым сыэнсе — то іх трэба шукаць менавіта ў міжнародных спартыўных федэрацыях. 70-гадовы бос ІІХФ швейцарац Рэнэ Фазел — вядомы кансерватар і вельмі не любіць адхіляцца ад аднойчы ўзятага курсу. У дадатак яго звязваюць з Аляксандрам Лукашэнкам добрыя стасункі, а старое сяброўства, як вядома, не іржавее.

Тады, у верасні, ІІХФ вырашыла выйграць час — і намінавая ёй камісія атрымала два месяцы на маніторынг сітуацыі ў Беларусі. І вось час мінуў. І якія ж высновы агучыла рабочая група?

Кавід і бяспека

Не будзем цытаваць працяглы прэс-рэліз, які абляцеў сусветныя СМІ ўчорашнім вечарам. Толькі галоўнае, у якім, па сутнасці два пункты:

1. Пытанні бяспекі, па-ранейшаму, моцна турбуюць афіцыйны Цурых, і яны пакуль не вырашаны;

2. ІІХФ насцярожана ставіцца да распаўсюду COVID-19 ў Беларусі, бо — увага — ёсць «сумнеў адносна карэктнасці афіцыйнай статыстыкі па вірусе ў краіне, колькасці выпадкаў захворвання з верасня 2020 года і дастатковасці мер, што прымаюцца дзяржавай для прадухілення распаўсюджвання пандэміі».

У другім пункце Міжнародная федэрацыя фактычна заявіла аб тым, аб чым не першы месяц гавораць простыя беларусы. Што «каронавірусныя» лічбы ад нашага руплівага Мінздароўя, мягка кажучы, слаба карэліруюць з рэчаіснасцю. Іншымі словамі, ІІХФ усур’ёз западозрыла, што Беларусь наўпрост «лепіць гарбатага» і «ўцірае акуляры» ў пытанні, цана якому — жыцці людзей. У Еўропе з яе надзвычай уважлівым стаўленнем да пандэміі такое стаўленне да смяротна небяспечнай хваробы — недаравальны зашквар.

Але ж і першы пункт — пра бяспеку — хай і сфармуляваны лаканічна, мае падвоенае дно. Каб не сказаць — днішча. На момант пасяджэння Рады ІІХФ звесткі пра трагічную гібель Рамана Бандарэнкі ўжо абляцелі свет. Услед за гэтымі звесткамі таропка ляцелі і другія — пра верагоднае дачыненне да смерці 31-гадовага мастака набліжаных да Лукашэнкі «спартсменаў» Дзмітрыя Басквава і яго цёзкі Шакуты.

Так, сцярджаць гэта ў юрыдычных катэгорыях пакуль нельга. Аднак, здаецца, гэта той самы выпадак, да якога можна ўжыць наша адвечнае — «ну, вы ж самі ўсё разумееце…»

Кіраўнік без гарнітура

Сумнявацца ў тым, што Баскаў прысутнічаў у той трагічны вечар 11 лістапада на Плошчы Пераменаў, сапраўды не прыходзіцца. Хоць бы таму, што Дзмітрый Юр’евіч, памаўчаўшы амаль тыдзень, раптам зрабіў спробу абяліцца — выйшаў на людзі з тлумачэннем сітуацыі. Яно, тлумачэнне, аказалася настолькі бездапаможным і двухсэнсоўным, што на наступным дні журналісты марна спрабавалі даведацца, што ж ён меў на ўвазе…

Баскаў, калі хто не ведае, гэта старшыня Беларускай федэрацыі хакея. То бок галоўны контрагент з еўрапейцамі пры падрыхтоўцы чэмпіянату свету. Ці нават намінальны гарант у вачах ІІХФ, што ЧС у Мінску пройдзе ў адпаведнасці з найвышэйшымі стандартамі бяспекі.

Ці бачаць еўрапейцы ў ім гаранта — пытанне цяпер рытарычнае. Заходняя прэса добра і ў падрабязнасцях — з вынасам на першыя старонкі — распавяла пра здарэнне на рагу мінскіх вуліц Чарвякова і Смаргоўскага тракту. Загалоўкі накшталт «Хакейнага мэнэджэра Беларусі абвінавачваюць у датычнасьці да смяротнага збіцця», мякка кажучы, не дадалі пазітыўнага іміджу нашаму «кавалачку зямлі» ў вачах заходняй супольнасці. Скрыны, дзе Дзмітрый Баскаў зафіксаваны не ў дзелавым гарнітуры з гальштукам, а ў цёмным адзенні, якое больш пасуе «чувакам з раёну», яўна паглыбілі ўяўленні еўрапейцаў аб шырокім функцыянале беларускіх чыноўнікаў. У старым савецкім кіно з другой нагоды гаварылася: вы толькі гляньце на нашага актывіста…

Персона нон-грата

Зрэшты, з чым-чым, а з уяўленнямі праблем даўно ўжо мусіць не быць. Пра кафкіянскую беларускую рэальнасць да і пасля 9 жніўня сусветная прэса гудзе ўжо колькі месяцаў. Цікаўным чытачам-гледачам-карыстальнікам у Германіі, Швецыі ці ЗША даўно ўжо вядома, што ў пастарунак у нас можна загрымець за дэструктыўнае спалучэнне колераў аддзення, а пад крымінальную справу нядоўга патрапіць за «цынічны» запіс мелам на асфальце. Плюс збіцце, катаванні, балаклавы з дубінкамі на вуліцах… І ўсё тое іншае, што вылезла на белы свет у адказ на жаданне беларусаў нешта ў сваёй краіне вырашаць.

Між тым маятнік лётае ў абодва бакі, і Захад намагаецца даваць сіметрычныя адказы. Уводзяцца санкцыі — анансаваны ўжо ці то другі, ці то трэці пакет. Прыпыняюцца праграмы фінансавай падтрымкі. Паслаблаюцца каналы дыпламатычнай сувязі і узмацняецца салідарнасць з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Па хакеі гэта таксама б’е. Дэпутаты і чыноўнікі розных краін ціснуць на ІІХФ, заклікаючы выкрасліць Беларусь з ліку гаспадароў ЧС-2021. З розных хакейных федэрацый ідуць сігналы — маўляў, у Мінск наша зборная ў наступным годзе не паедзе. І, бадай, галоўнае — Баскаў ужо аб’яўлены персонай нон-грата ў Латвіі. Ён афіцыйна неўязны — прычым акурат у краіну-кампаньён па чэмпіянаце. Ну, і як тут праводзіць ЧС, калі паміж Беларуссю і Захадам ужо вырасла амальштожалезная заслона?

Зрэшты, важна памятаць: ІІХФ пакуль нічога не вырашыла. Па сваёй старой звычцы Фазел і К будуць цягнуць да апошняга, употай спадзяючыся, што сітуацыя ў Беларусі неяк сама рассасецца. Каронавірус да вясны — згіне. Пратэсы — супакояцца. І ў маі, калі турнір стартуе, Мінск зноў будзе такім утульным і светлым, як ў 2014-м. Калі так, цягам бліжэйшых тыдняў атачэнне павінна растлумачыць галоўнаму функцыянеру, што бягучыя перамены ў нашым цэнтры Еўропы маюцць незваротны характар, і так, як раней, дакладна ўжо не будзе ніколі.

Дылема Лукашэнкі

Па вялікаму рахунку, толькі адзін чалавек зараз можа паўплываць на сітуацыю з геаграфічнай прапіскай чэмпіянату. І прозвішча яго Лукашэнка. Відавочна, што Баскаў, заахвоціўшыся зразаннем чырвона-белых стужак у мінскіх дварах, стаў для сусветнага хакея фігурай непапраўна таксічнай. Каб хоць як запакоіць Еўропу і Амерыку, кіраўніка федэрацыі трэба, груба кажучы, «зліваць» — здымаць з пасады. Але ці пойдзе Лукашэнка на такі паказальна беспрэцэдэнтны крок? Практыка сведчыць, што здаваць сваіх нават пры самых змрочных абставінах — гэта супраць самой яго натуры.

Можа, ён увогуле ў душы ўжо скарыўся, што элітнага хакея Беларусь праз паўгода не ўбачыць. Тым больш, у нейкім сэнсе скарыцца і не складана — калі разумець, што вялікае скопішча свабодных людзей сёння не на карысць уладзе. У такім натоўпе БЧБ-колеры ўзнікаюць неяк зусім стыхійна і некантралявана. І разбірацца з гэтым «дэструктывам» звыклымі метадамі падчас ЧС будзе цяжка і няёмка. Нечаканыя дручкі і бусікі могуць сапсаваць карцінку для міжнароднай супольнасці, і іншаземныя заўзятары павязуць з Беларусі дадому не толькі ўспаміны пра рушнікі з арнаментам ды саламяныя капялюшы.

Так што, магчыма, Беларусі ў будучым годзе прыйдзецца перабіцца адным толькі студзеньскім Калядным хакейным турнірам. Ды й яго яшчэ трэба правесці хоць у колькі-небудзь прадстаўнічым складзе, што таксама зусім не гарантавана.

Сяргей Кайко, «Новы час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]