Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ганна Севярынец: Беларусы — як птушка Фенікс, якая кожныя 30 гадоў раптам адчувае сваю сілу

21.11.2020 культура
Ганна Севярынец: Беларусы — як птушка Фенікс, якая кожныя 30 гадоў раптам адчувае сваю сілу

Tое, што мы моцныя і што мы шмат можам, ведаюць тыя, хто займаецца беларускай гісторыяй.

Адкуль у беларусаў з’явілася адчуванне «другаснасці», што нам гавораць расстраляныя паэты і як беларуская літаратура стала «беллітам»? Даследчыца і настаўніца Ганна Севярынец распавядае пра гэта ў мінскіх дварах, піша «Новы час».

Выступ, з якім Ганна Севярынец наведвае мінчукоў і не толькі ў іх дварах, называецца «Непаслухмяныя дзеці рэвалюцыі». Ён прысвечаны беларускім літаратарам, якія трапілі пад сталінскія знішчэнні. Але разам з тым — усім нам сучасным, бо сёння мы зноў перажываем хвалю рэпрэсій. І галасы тых — маладых, сапраўды геніяльных, забітых — праз 80 гадоў нарэшце могуць дакрычацца да нас, іх імёны цяпер — не толькі на зжаўцелых старонках архіваў, але і на вуснах вольных беларусаў.

— Усе, хто вучыўся ў беларускіх школах, вырасталі з адчуваннем, што мы нейкія другасныя, не такія, як нашы суседзі. Што ў іх ёсць вялікая культура, літаратура, цікавыя музеі, прыгожыя гарады. А ў нас — нічога: літаратура, у якой пішацца, у асноўным, пра Вялікую айчынную вайну і пра вёску, нейкія паэты, якія ні ў якое параўнанне не ідуць з іншымі, у нас няма нічога такога, чым мы можам пахваліцца перад іншымі краінамі. Але гэта не становішча насамрэч, гэта нашая бяда. Адчуванне другаснасці, таго, што ў нас нічога няма і мы нічога не можам даць свету, у нас стагоддзямі выхоўвалася, — гаворыць Ганна Севярынец.

І сапраўды, калі глянуць на стужку часу беларускай гісторыі, многае становіцца зразумелым. Пачынаючы з 1795 года кожныя 30 гадоў беларусы спрабуюць даказаць сваё права «людзьмі звацца». 1795 год — паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, 1830 — студэнты Віленскага ўніверсітэту, 1863 год — паўстанне Кастуся Каліноўскага, 1902 — «Наша Ніва», у 1925 — пачатак культурнага адраджэння на Беларусі, якое задушвалася з 1929 па 1937 гады. Але ў 1960-я зноў падымаецца пакаленне Быкава, Адамовіча, Разанава, Барадуліна, якіх таксама заціскаюць у цэнзурныя межы. Потым — 1990-я гады, калі Беларусь у гэтым 30-гадовым цыкле атрымлівае незалежнасць, якую потым таксама заціснулі. І вось — 2020-ты год.

— Беларусы — як птушка Фенікс, якая кожныя 30 гадоў раптам адчувае сваю сілу. І калі мы кажам, што «мы не знали друг друга до этого лета», — нам не давалі знаць адзін аднаго. А тое, што мы моцныя і што мы шмат можам, ведаюць тыя, хто займаецца беларускай гісторыяй, — зазначае Ганна Севярынец. — І таму мы змагаемся і перамагаем не толькі за сябе і сваіх дзяцей, а за ўсе гэтыя пакаленні людзей, якіх з нашай памяці выкраслілі. У тым ліку за пакаленне нашых расстраляных паэтаў.

1925 год. Менавіта ім датаваны адзін з найбольш вядомых фотаздымкаў з’езду сяброў беларускага літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

— Мы толькі-толькі выскрабліся з трох войнаў — Першай сусветнай, Грамадзянскай і польскай акупацыі. Беларусь ляжала разбітая ўшчэнт. З 1921 года яна пачынае аднаўляцца шалёнымі тэмпамі. У 1925 годзе ў нас ужо былі заводы, фабрыкі, БДУ і цэлая літаратура, якая раптам з’явілася на роўным месцы.

Самаму старэйшаму з маладнякоўцаў і іх кіраўніку, Міхасю Чароту, у 1925-м было 29 год. Астатнім — 16, 17, 22, — і амаль усе яны ўжо мелі друкаваныя збронікі.

— У 1925-м казалі: «Прыйшоў Чарот — за ім пяцьсот». Пяцьсот паэтаў у складзе самага вялікага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў на ўсёй савецкай прасторы.

Гэтых паэтаў, якія ў той час складалі гонар Беларусі, мала хто ведае і пра іх гаворыць, іх не вывучаюць у школе.

— Тыя, каго мы цяпер ведаем як класікаў — Пятрусь Броўка, Пятро Глебка — не стаялі ў першым шэрагу паэтаў таго пакалення, — зазначае Ганна Севярынец.

— Міхась Чарот, таксама як сучасныя школьнікі, вельмі не любіў тое, што стварыла беларуская літаратура да яго. Ён лічыў, што старыя пісьменнікі пішуць прымітыўна, а беларуская літаратура павінна ісці ў нагу з еўрапейскай і быць складанай — як па думцы, так і па форме.

Чарот, чые партрэты дзяўчаты развешвалі на сценах, сярод іншага, быў рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», якая тады была самай апазіцыйнай. Яна выдавалася толькі па-беларуску, на яе старонках выходзілі самыя скандальныя публікацыі, у якіх абараняўся беларускі погляд, і менавіта за яе Чарот у 1931 годзе быў выгнаны з усіх пасадаў, у 1937-м арыштаваны, а затым і расстраляны.

Гісторыя апошняга верша Чарота «Прысяга» надзвычай драматычная. Арыштаваны паэт год правёў у «амерыканцы» — сённяшнім СІЗА КДБ, якое з 1922 года выкарыстоўвалася як турма. Там і цяпер сядзяць беларускія палітвязні. У тую ж самую камеру, з якой у 1937-м вывезлі на расстрэл Чарота, у 1938-м трапіў яго сябра Мікола Хведаровіч. На сценах ён убачыў надрапаны верш, па почырку і подпісу зразумеў, хто яго аўтар, вывучыў напамяць, і толькі па вызваленні, адбыўшы лагерны тэрмін, данёс гэты верш да людзей.

Я не чакаў

І не гадаў,

Бо жыў з адкрытаю душою,

Што стрэне лютая бяда,

Падружыць з допытам,

З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры

Мяне заціснулі за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі,

Мае бары, —

Кажу вам — я не вінаваты!

Мала каму з таго пакалення паэтаў удалося не тое што выжыць пасля сталіншчыны, але і з трыумфам вярнуцца ў літаратуру. Адным з такіх быў Уладзімір Дубоўка.

— Ён выжыў, па-першае, бо фізічна быў волатам: меў два метры ростам, быў загартаваны. Аднойчы, калі ў сібірскім брудзе ў воза паламаліся колы і коні не маглі яго выцягнуць, Дубоўка падлез пад воз і выцягнуў яго на сваёй спіне. А па-другое, ён быў вельмі моцны душэўна, — распавядае Ганна Севярынец.

Дубоўку арыштавалі ў 1930 годзе, і вярнуўся з лагера ён у 1958-м, пасля смерці Сталіна, маючы за плячыма 10 гадоў лагеру, а потым — вечнае пасяленне.

— Гэта адзіны выпадак у сусветнай літаратуры, калі паэт праз 28 гадоў, не знаходзячыся ў літаратурным працэсе, не толькі вярнуўся ў літаратуру, але вярнуўся пераможцам. Уявіце сабе: у 1930-я гады яго выкінулі з жыцця, — а ён быў самым папулярным тагачасным паэтам Беларусі, завадатарам усіх паэтычных трэндаў. Дубоўка — гэта паэт, у якога вучыліся ўкраінскія творцы — мы не прывыклі думаць, што ў нашых паэтаў хто-небудзь вучыцца за мяжой. Калі яго арыштоўвалі, яму было 29, калі вярнуўся — 58. І пасля 28 гадоў сталіншчыны Уладзімір Дубоўка першы — і адзіны на сёння ў беларускай літаратуры — зрабіў поўны пераклад усіх санетаў Шэкспіра!

Ганна Севярынец тлумачыць: у кожнай нацыянальнай літаратуры павінен быць пераклад на сваю мову санетаў Шэкспіра. Гэта вельмі цяжкая праца, якая патрабуе ведання англійскай і стараанглійскай моваў. І Дубоўку ў гэтай працы па сёння яшчэ ніхто не пераплюнуў.

Уладзімір Дубоўка вучыўся ў Маскве ў Брусаўскім інстытуце і быў улюбёным вучнем Брусава, выступаў на адной сцэне з Маякоўскім і Ясеніным — і рабіў гэта па-беларуску, хоць яго пераконвалі ў неабходнасці пісаць па-руску.

Апошні раз такая прапанова паступіла яму ў 1929 годзе, калі Дубоўка, які працаваў у Крамлі і перакладаў законы, сказаў, што яго перасталі друкаваць і ён баіцца, што можа быць арыштаваны. Яго паабяцалі абараніць, калі ён пяройдзе на рускую мову, але паэт адмовіўся, і праз некалькі месяцаў быў арыштаваны проста ў яго крамлёўскім кабінеце.

— Дубоўку выслалі ў Яранск, дзе людзі перабіваліся з брусніцаў на кару. І калі праз 5 гадоў яго адтуль забіралі, там ужо стаялі парнікі і ў іх раслі памідоры, — распавядае Ганна Севярынец. — Калі Дубоўка быў у лагеры ў самы страшны час — ваенны, лагер не кармілі. Людзі звярэлі і расчалавечваліся, забівалі адзін аднаго. Тыя, хто быў з Дубоўкам у бараку, распавядалі, што ён іх выратаваў тым, што прымушаў кожную раніцу чысціць зубы. Бо чалавек павінен заставацца чалавекам нават у такіх невыносных умовах.

Яшчэ адзін беларускі паэт першай велічыні — Алесь Дудар, які прыйшоў у літаратуру ў 16-гадовым узросце, а загінуў — у 32.

— Ён быў паэт бліскучага таленту, густоўны і вельмі адукаваны, мог без слоўніка перакладаць з французскай, нямецкай, украінскай, польскай, рускай. Уявіце сабе, як нам увесь час укладалі ў галовы, што яны ў нас былі «з-пад сахі»!

Алесь Дудар — першы перакладчык на беларускую «Фаўста» Гётэ, «Яўгенія Анегіна» Пушкіна і «Жаніцьбы Фігаро» Бамаршэ. А яшчэ — самы першы ў беларускай літаратуры скандаліст.

— Ён распачаў тэатральную дыскусію на старонках «Савецкай Беларусі», дзе з’явіўся артыкул, што мы не хочам, каб у беларускіх тэатрах ставіліся рускія п’есы, у нас хапае сваіх драматургаў, і мы хочам глядзець свае п’есы на сваёй мове. Ён жа — адзін з аўтараў «ліста трох», калі тры пісьменнікі — Дудар, Зарэцкі і Александровіч — адлічыліся з БДУ на знак пратэсту супраць згортвання беларусізацыі.

Менавіта з Дудара пачаліся рэпрэсіі супраць маладых беларускіх паэтаў. У 1928 годзе Алесь Дудар напісаў верш «Пасеклі край наш папалам», за які ў 1929-м трапіў у ссылку.

Шмат кажуць пра тое, што ў сёлетніх беларускіх пратэстаў — жаночае аблічча. Але беларускія жанчыны заўжды былі бясстрашнымі. Як, напрыклад, паэтка Зінаіда Бандарына.

Яна працавала перакладчыцай у газеце. Калі Дудар з Зарэцкім і Александровічам учынілі скандал у БДУ, Зіне з ЦК КПБ прынеслі ліст, у якім паэтаў гваздалі. Яна адмовілася перакладаць яго. Бандарыну тут жа звольнілі, выключылі з камсамола. Потым за яе заступіліся, аднавілі на працы, але яна адмовілася ад яе і з’ехала ў Сібір выкладаць беларускую мову і літаратуру ў школу для беларусаў, якіх там было вельмі шмат.

Валерый Маракоў быў адным з самых маладых, яго расстралялі ў 28. Улюбёнец Купалы, з ім звязана шмат вясёлых гісторый.

Аднойчы Маракоў перабягаў дарогу не ў тым месцы — сёння гэта праспект Незалежнасці ў бок Цэнтральнай кнігарні. Яго спыніў міліцыянер і аштрафаваў. Увечары Маракоў пайшоў на танцы і сустрэў там таго міліцыянера з яго дзяўчынай, і гэтую дзяўчыну Валерый у свайго крыўдзіцеля адбіў.

Ізі Харык — адзін з самых сур’ёзных ідышамоўных беларускіх паэтаў.

— Нашая культурная сітуацыя абсалютна ўнікальная, бо беларускімі паэтамі лічаць сябе і тыя, хто піша па-беларуску, і тыя, хто піша па-руску, і тыя, хто піша па-польску, і тыя, хто пішуць на ідыш, — зазначае Ганна Севярынец.

У Ізі Харыка ёсць верш, перакладзены Аркадзем Куляшовым, і гучыць ён так, нібыта паэт ведаў, для каго яго піша:

Адсюль крычу я сэрцам і душою

Наступнага далёкім жыхарам:

Хай сённяшняе нашае, зямное

Жыццё-быццё не здасца цудам вам.

Далёка там, у прышласці шчаслівай,

Шукаць для нас не ўздумайце акрас,

Не аздабляйце лірыкай гуллівай,

Легендамі не карануйце нас!

Не карануйце нашыя галовы

Карункамі, сатканымі з святла…

Мы тут былі, мы тут жылі сурова,

І праўда нас суровая вяла.

Мы першыя цагліны закладалі,

І кожны ў мур цаглінай лёг жывой…

Мы ўсе да болю ў сэрцы смуткавалі

Аб пары крыл мяцежных за спіной.

Праз пыл руін мы крочылі калонай,

З’яднаныя ў адзіную сям’ю…

І суджана яшчэ адно было нам —

Пакінуць з песняй гэтую зямлю.

Таму і шлю без смутку, без тугі я

Ад нас, ад акрываўленых, наказ…

Адсюль крычу я ў заўтра:

— Дарагія,

Крылатыя, не карануйце нас!

Юлі Таўбін — таксама паэт з габрэйскай сям’і, аднак пісаў па-беларуску. Апроч таго, выдатна ведаў ідыш, нямецкую, італьянскую, рускую. За свой кароткі век — на час расстрэлу яму не было і 26, — Таўбін паспеў не так шмат. Але гэта — вершы, якія лепш за ўсё «заходзяць» сучасным падлеткам.

Паэт, жыццё якога — метафара той нашай літаратуры, — Уладзімір Хадыка. Пра яго мала што вядома. У 1937 годзе яго не расстралялі, а саслалі ў лагер. Жонка нейкім чынам справіла яму новы цёплы кажух у дарогу. Едучы ў ссылку, Хадыка разумеў: нават калі ён памрэ, кажух пасля яго застанецца. Яго нехта будзе насіць. І была дамоўленасць: калі памірае Хадыка, кажух бярэ іншы, пасля — іншы, за ім — яшчэ нехта, і выносіць той кажух на свабоду. Таму за падкладкай у ім ляжалі вершы — Хадыка нейкім чынам мог пісаць у лагеры.

Хадыку адправілі працаваць на камяні. І зверху на яго скаціўся валун, заваліўшы разам з кажухом. І няма ні магілы Уладзіміра Хадыкі, ні кажуха, ні вершаў.

І гэта — толькі некалькі імёнаў з соцень таленавітых і трагічных гісторый нашай нацыянальнай літаратуры.

— Гэта была літаратура магутная — а магла быць яшчэ магутнейшая. Калі над імі ўжо быў скончаны працэс і было зразумела, каго куды, 1 жніўня ў двары «амерыканкі» расклалі вогнішча з іх рукапісаў, лістоў і вершаў, якія адабралі пры вобшуках. І гэтае вогнішча з іх ненадрукаваных рукапісаў гарэла два тыдні, успамінаюць вязні. У ім згарэлі 102 вершы Алеся Дудара, больш за 30 вершаў Валерыя Маракова — яны ўсе праходзяць па актах арыштаў. Там згарэлі 2000 старонак рукапісаў Міхася Зарэцкага. У 1937 годзе з гэтым апошнім знішчэннем беларуская літаратура паспяхова ператварылася ў «белліт», і мы цяпер яго чамусьці вучым, нягледзячы на тое, што маем у спадчыне сапраўдную еўрапейскую літаратуру.

Але гэта, бадай, і ёсць нашая беларуская гісторыя: мы можам паўстаць з папялішча, на пустым месцы, і быць моцным народам, які ніхто не здолее знішчыць, як бы ні стараўся.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]