Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

І Эйфелева вежа – апазіцыянер?

24.11.2020 политика
І Эйфелева вежа – апазіцыянер?

Прымусь дурня Богу маліцца, дык ён і лоб разаб’е.

Ваенна-карная аперацыя супраць уласнага народа, якую праводзіць улада вось ужо чацвёрты месяц, выйшла на якасна новы ўзровень. Кінуўшы за краты больш за трыццаць тысяч мірных грамадзян, прыхільнікі новага парадку на гэтым не супакоіліся і абвясцілі знішчальную вайну… арт-аб’ектам. Днямі ў сталічным мікрараёне “Усход” сярод белага дня спецбрыгадай камунальнікаў была ліквідавана Эйфелева вежа. Дакладней, шасціметровая копія той, якая ўзвышаецца над Парыжам.

фота: nv-online.info

Чым жа правінілася перад уладай тая бедная вежа, меншая сястра парыжскай знакамітасці? Аказваецца, яе, што пятнаццаць гадоў ціхмяна прастаяля на сваім месцы, нядаўна прызначаны «мэр» Мінска Уладзімір Кухараў залічыў у апазіцыянеры. Прычына – бел-чырвона-белая афарбоўка вежы. Двойчы камунальнікі перафарбоўвалі яе ў шэры колер, і двойчы белы і чырвоны вярталіся на яе ажурныя канструкцыі. І вось ці то шэрая фарба скончылася, ці то цярпенне ў мэра, але вежу спілавалі і вывезлі ў невядомым кірунку. Пойдзе, відаць, на металалом.

Што ж, прымусь дурня Богу маліцца, дык ён і лоб разаб’е. Дарэчы, падобныя прэцэдэнты ўжо мелі месца ў найноўшай гісторыі Беларусі. У мястэчку Бобр на Крупшчыне стаяла царква, распісаная мастаком Алесем Пушкіным. І вось камусьці падалося, што на адной з фрэсак у вогненнай геене пекла – адзін найвядомейшы беларускі палітык. Пушкіну было прапанавана замаляваць тую фрэску. Ён рашуча адмовіўся. Мастака выклікáлі ў міліцыю і епархію, угаворвалі і ўшчувалі. Ён стаяў на сваім. І тады ў царкве здарыўся пажар. І драўляная царква згарэла – з-за той злашчаснай фрэскі…

фота: nv-online.info

Не думаю, што чырвоны певень пад царкоўную страху заскочыў выпадкова. Тым больш і падпальшчыкаў не знайшлі (ці не шукалі?). Так, відаць, вырашыла ўлада (царкоўная ці свецкая – неістотна) – пусціць тую фрэску дымам у неба.

Лоб (асабліва пустапарожні), які шторазу грукаецца аб падлогу перад больш высокім начальствам, мне не шкада. Шкада, калі тым пустапарожнім ілбом улада бухае налева і направа, руйнуючы тое, што будавалася і ўсталёўвалася дзесяцігоддзямі. Учора – фрэска, сёння – вежа, а заўтра – што? Скажам, у жніўні бел-чырвона-белыя сцягі луналі над Купалаўскім тэатрам. За нейкія сто метраў ад рэзідэнцыі прэзідэнта! Як гэта ніхто не дадумаўся тэатр зруйнаваць? Зрэшты, яго амаль зруйнавалі, разагнаўшы трупу.

Падобнае змаганне з апазіцыйнай – а дакладней з гістарычнай – сімволікай, якую пры жаданні можна ўбачыць дзе заўгодна, можа прывесці да поўнага абсурду. Скажам, па ўсёй Беларусі заводскія трубы-коміны з даўніх давён традыцыйна фарбаваліся ў бел-чырвона-белыя колеры. Заўтра пільнавокім мэрам і падмэркам тыя трубы-коміны прымрояцца цаглянымі, пастаўленымі на папá, апазіцыйнымі сцягамі. А вышынёй яны – да 100 метраў. Гэта ж колькі фарбы спатрэбіцца! А дзе столькі маляроў-альпіністаў узяць? Ці не лепей будзе іх узарваць? Халера яго бяры, калі качагаркі загаснуць ці канвееры спыняцца. Затое з ідэалагічнага гледзішча ўсё будзе ў парадку.

Ёсць дзе праявіць сваю звышпільнасць і выканаўцу абавязкаў міністра аховы здароўя Дзмітрыю Піневічу. Чаму да гэтай пары па вуліцах раз’язджаюць бел-чырвона-белыя хуткія дапамогі? Тэрмінова перафарбаваць! А фарба закончыцца – і іх на металалом. Хай хворыя сваёй хадой да бальніц дабіраюцца. А то праедуць раз-другі ў такой хуткай дапамозе і падхопяць антылукашэнкаўскі вірус.

І новапрызначанаму міністру культуры Анатолю Маркевічу пара да агульнай кампаніі далучацца. Найперш неабходна забараніць спектакль “Пінская шляхта”. Ва ўсіх тэатрах! Паколькі адзін з герояў п’есы – Куторга, не раўнуючы як заўзяты “пратэстун”, – пасярод п’есы кідае ў залу: “Чырвонае і белае ўсё перадзелае!” Ну і з аўтарам крамольнай п’есы не шкодзіла б разабрацца. А то сядзіць сабе як нічога-ніякага на мінскай плошчы Свабоды на пару са Станіславам Манюшкам. Трэба Вінцэнта Янавіча строга папярэдзіць, а не сунімецца – адпілаваць балгаркай і на пераплаўку. Манюшку аднаму сумнавата будзе, затое ў рапарт запішацца: “чарговы пратэстны ачаг ліквідаваны на карані”.

А найбольш клопату зазнае міністр інфармацыі Ігар Луцкі, пад чыю адказнасць падпадае ўсё айчыннае кнігавыданне. Яму давядзецца зрэвізаваць тысячы кніг. І не за 500 пасляскарынаўскіх гадоў, а за ўсе 800. Бо яшчэ ў знакамітым “Слове пра паход Ігара” (ХІІ стагоддзе) сустракаецца выраз: “Чырвоны сцяг на харугве белай – вою харобраму Ігару Святаславічу” (сцяг, сцяга – па-старабеларуску азначае палоску). Пад мікраскопам з ідэалагічна пакрыўленымі лінзамі крамолы можна выявіць колькі заўгодна. Вось вам радок з Уладзіміра Караткевіча: “У крыві краіны нашай бель”. А вось прыпеў з песні на верш Уладзіміра Някляева: “Белае віно і чырвонае – кожнаму сваё”. А вось кнігі паэта-манаха Зніча з Жыровіцкага манастыра, аздобленыя (усе!) бела-чырвона-белымі колерамі Хрыстовай плашчаніцы… Уяўляеце, колькі “шкоднай” літаратуры прыйдзецца з бібліятэк спісаць і парэзаць на макулатуру?..

Вось да чаго можа дайсці змаганне з бел-чырвона-белым колеравым спалучэннем у нашай непрадказальнай краіне. Вядома ж, у падобнае дурноцце нікому не хочацца верыць, і мне ў тым ліку. Ды зноў паўстае ў вачах мінская Эйфелева вежа, ператвораная ў горбу металу камунальнікамі, якія абвясцілі вайну “нелаяльным” да ўлады арт-аб’ектам. Бедныя арт-аб’екты… А яшчэ больш бедная на розум улада, якая распачала і заахвочвае гэтую варварскую і ганебную вайну.

Міхась Скобла, «Народная воля»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]