Старшыня Рады БНР да стагодзьдзя Слуцкага збройнага чыну выступіла са зваротам.
Сёньня — 100-годзьдзе Слуцкага Збройнага Чыну. 27 лістапада 1920 году Слуцкая брыгада БНР прыняла першы бой з войскамі Чырвонай Арміі, передает «Радыё Свабода».
Аддзел 6-й роты Слуцкага стралковага палку на чале з паручнікам Кернажыцкім падчас выведкі ў раёне вёсак Быстрыца, Верамейчыкі, Васільчыцы і Чарнагубава сутыкнуўся з савецкім выведным атрадам.
У гэты дзень ушаноўваецца памяць пра герояў-случакоў і ўсіх барацьбітоў за свабоду і незалежнасьць Беларусі.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла да стагодзьдзя Слуцкага збройнага чыну выступіла са зваротам.
«Сто гадоў таму беларускі народ паўстаў, каб бараніць сваю Бацькаўшчыну ад навалы з Усходу. Слуцкая брыгада — дзесяць тысяч случчакоў пад сьцягам Беларускай Народнай Рэспублікі — „пайшла ўміраць, каб жыла Бацькаўшчына“. Сто гадоў у вольным сьвеце беларусы адзначаюць з удзячнасьцю гераічны збройны чын Слуцкай брыгады і ганарацца ёю. У гэтым 2020-м годзе да слуцкіх герояў далучыліся сотні тысяч новых герояў, якія выступілі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, каб вызваліць свой край ад хлусьні, ад гвалту і ад прыгнёту чалавекам, які здрадзіў сваёй прысязе Канстытуцыі Беларусі і гандлюе беларускім народам як сваёю маёмасьцю», — гаворыцца ў звароце.
«Нашыя новыя героі — нашая моладзь, нашыя жанчыны, нашыя пэнсіянэры і інваліды, лекары, якія стараюцца выратаваць народ ад страшнага каранавірусу, студэнты, спартоўцы, — лічыць старшыня Рады БНР. — Кожны беларус, у якога б’ецца беларускае сэрца, ніколі не забудзе, зь якой нянавісьцю б’юць, калечаць і забіваюць свой народ зьверскія сілавікі. Не забудзе і будзе змагацца да перамогі. Увесь сьвет захапляецца годнасьцю нашага народу, перажывае разам зь ім яго бяду, гатовы яму памагчы. Беларусы замежжа падтрымоўваюць, як могуць, сваіх аднадумцаў на Бацькаўшчыне. Няма той цывілізаванай краіны, якая сёньня не спачувае нашаму народу».
«Дарагія суродзічы, зь верай кажу Вам: мы пераможам! — упэўненая старшыня Рады. — Дзякуючы героям 2020 году — нашым Случаком 21-га веку — Беларусь зойме сваё пачэснае месца ў сям’і вольных народаў сьвету. Яны вызваляць свой народ з-пад бота ганебнага самазванца. Дык слава героям Беларусі! Наш народ ніколі не забудзе Вашага гераізму! Жыве Беларусь!»