Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Арцыбіскуп Кандрусевіч параўнаў сённяшнюю сітуацыю ў Беларусi з «Тытанікам»

29.11.2020 политика
Арцыбіскуп Кандрусевіч параўнаў сённяшнюю сітуацыю ў Беларусi з «Тытанікам»

Караблю таксама пасылалі сігналы, але капітан ігнараваў іх.

Сёння ў каталікоў пачынаецца Адвент (перакалядны пост). У праваслаўных пост пачаўся ўчора, а ў грэка-католікаў 15 лістапада.

Звычайна ў пачатку посту царкоўныя іерархі звяртаюцца да вернікаў з прамовай. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да вернікаў з пастырскім лістом з вымушанага выгнання. 31 жніўня яго не пусцілі назад у Беларусь, калі вяртаўся з Польшчы. Сёння Пасланне павінны былі зачытаць святары ў касцёлах, пiша catholic.by.

Закранаючы ў Пасланні традыцыйныя аспекты поста, падрыхтоўку да Калядаў, даючы парады, Тадэвуш Кандрусевіч параўнаў сённяшнюю сітуацыю ў свеце і Беларусі з гісторыяй «Тытаніка», што пацярпеў катастрофу ў Атлантычным акіяне больш за сто гадоў таму.

«Крыху больш за 100 гадоў таму «Тытанік» лічыўся самым вялікім і бяспечным акіянскім лайнерам. Пра велізарны карабель казалі, што яго не зможа патапіць нават сам Бог. Лайнер лічыўся непатапляльным. Аднак у ноч з 14 на 15 красавіка 1912 г. неймавернае стала реальным. Прыблізна апоўначы велічны карабель, які здзяйсняў свой першы рэйс з Англіі ў Амерыку, сутыкнуўся з айсбергам і праз дзве з паловай гадзіны затануў, несучы з сабой на дно Атлантычнага акіяну 1513 чалавек.

Не трэба было ўмяшальніцтва Бога. Дастаткова было айсберга.

Аднак перад тым, як «Тытанік» затануў, сігналы трывогі паступалі на карабель. Яны перасцерагалі, што лайнер накіроўваецца ў небяспечнае лядовае поле. Але іх праігнаравалі. Нават калі карабель, які праплываў непадалёк, пасылаў сігналы трывогі, капітан «Тытаніка» казаў не перашкаджаць яму, бо ён размаўляў з портам у Нью-Ёрку і дамаўляўся аб урачыстай сустрэчы карабля і вячэры».

«Чаму так шмат людзей загінула ў тую ноч? — задаецца пытаннем Тадэвуш Кандрусевіч. — Найперш таму, што каманда «Тытаніка», якая была самадастатковай, давярала выключна дасягненням тэхналогій і была занятая справамі ўрачыстага прыплыцця ў Нью-Ёрк, праігнаравала небяспеку і сігналы трывогі, што, асабліва ў адкрытым акіяне, абсалютна недапушчальна. Таксама прадугледжаная колькасць выратавальных чаўноў — шлюпак — на суперсучасным тады лайнеры была меншай за колькасць пасажыраў і каманды. А ўсё магло б быць зусім інакш. Свядомае ігнараванне небяспекі стала прычынай жудаснай трагедыі.

У гэтым годзе свет перажывае трагедыю пандэміі каранавірусу. Але чаму яна здарылася? Калі б адразу на месцы з’яўлення гэтай заразы адэкватна адрэагавалі, то было б значна лягчэй прадухіліць гэтую сусветную трагедыю. Аднак гэтага не адбылося, і чалавецтва атрымала пандэмію з усімі яе трагічнымі наступствамі.

Беларусь перажывае нябачаны дагэтуль грамадска-палітычны крызіс, які вельмі моцна нам пагражае. Мы задаём сабе пытанне: а чаму ён здарыўся?

Сярод шматлікіх адказаў не павінен адсутнічаць галоўны, а менавіта недахоп любові да Бога і бліжняга (пар. Мк 12, 30—31).

Наколькі ж іншым былі б наша жыццё і наша краіна, калі б мы памяталі аб гэтым законе і жылі згодна з ім!»

«Трагедыя «Тытаніка», пандэмія каранавірусу і сучасны беларускі крызіс, як шмат іншых, паказваюць, што гісторыя паўтараецца. Нашыя першыя бацькі Адам і Ева таксама не паслухалі Божай перасцярогі не есці плоду з забароненага дрэва. Яны праігнаравалі Божы наказ, і сталася трагедыя, вядомая як першародны грэх.

Чалавецтва нічому не навучылася з памылкі Адама і Евы і працягвае яе паўтараць. У нашым жыцці мы нярэдка ігнаруем Божы закон і не клапоцімся аб выратавальнай шлюпцы. Як у штодзённым жыцці мы прызвычаіліся да славутага «авось», падобным чынам паступаем часта і ў духоўным.

Мы ўпэўненыя, што карабель нашага жыцця непатапляльны, што яно добра запланавана і нічога страшнага і нечаканага ў ім не здарыцца. Разам з тым нам трэба чытаць знакі часу і звяртаць увагу на трывожныя сігналы», — мяркуе каталіцкі іерарх.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]