Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Іхны сьвет разыходзіцца па швах»

30.11.2020 политика
«Іхны сьвет разыходзіцца па швах»

Як доктарка-пэнсіянэрка выйшла на акцыю салідарнасьці з Раманам Бандарэнкам.

57-гадовую магіляўчанку Сьвятлану Лявончык, урача-пэдыятра з шматгадовым стажам, зьняволілі за акцыю салідарнасьці з Раманам Бандарэнкам, перадае «Радыё Свабода». Тры дні яна прабыла ў ізалятары ў чаканьні суду. Якой пабачыла няволю лекарка і чаму наважылася пратэставаць?

Сьцісла пра Сьвятлану Лявончык:

Нарадзілася ў Магілёве. У 1986 годзе скончыла ў Менску мэдынстытут.

34 гады адрабіла ўрачом-пэдыятарам. Два месяцы як на пэнсіі.

Выгадавала траіх дзяцей. Мае траіх унукаў. Даглядае 80-гадовую маці.

У 50 гадоў узялася вучыць ангельскую мову. Любіць вандраваць па Індыі. Жыла ў індускай сям’і і бачыла Далай-ламу.

Беспартыйная.

26 лістапада яе асудзілі на 3 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Сьвятлана Лявончык кажа, што ўсьцешаная грамадзкім узрушэньнем у Беларусі, але ў яе «разрываецца сэрца, што за яго даводзіцца плаціць чалавечымі жыцьцямі і трагедыямі».

Да арышту Віктара Бабарыкі Сьвятлана Лявончык старанілася палітыкі, а пасьля пачала цікавіцца выбарчай кампаніяй. Дужа перажывала гвалт сілавікоў пасьля выбараў. Згадвае, што прапаноўвала калегам падтрымаць пратэсты, арганізаваўшы ланцуг салідарнасьці каля паліклінікі, але ніхто зь іх не наважыўся выйсьці.

Два месяцы таму адміністрацыя паліклінікі не падоўжыла зь ёю кантракт. Яна пэўна ня ведае, ці зьвязана гэта зь яе грамадзянскай пазыцыяй, але прызнаецца: па звальненьні ёй стала лягчэй. Сысьці з паліклінікі хацела ўжо гады два таму, бо дужа стамілася — і ад самой працы, і ад атмасфэры ў калектыве. Акрамя выкананьня прафэсійных абавязкаў, начальства патрабавала рыхтаваць паперкі для праверак, гэтым трэба было займацца ў вольны ад працы час.

«Наважылася была сысьці з прафсаюзаў, — згадвае яна, — але падыходзіць галоўны ўрач і кажа: „Вы мяне падводзіце, мяне праз вас пакараюць“. Яны так заўжды маніпулююць намі. Ты разумееш, але вымушаны цягнуць гэты воз і спадзявацца, што калі-небудзь сытуацыя зьменіцца».

«Як столькі супрацоўнікаў займаліся намі, то наш пратэст нечага варты...»

Сьвятлану Лявончык зь сяброўкай схапілі 22 лістапада на ўскрайку гораду, у Любускім лесапарку, падчас прагулкі ўздоўж праезнай часткі. Сяброўка трымала плякат з надпісам «Я выхожу». Сьвятлана ж на вітаньні аўтамабілістаў падымала руку са знакам «вікторыя» ды назірала за абстаноўкай. Прызнаецца, што не ўпільнавала мікрааўтобус з амапаўцамі, а іх відэарэгістратар зафіксаваў, як яна іх павітала. Гэта стала доказам віны ў судзе.

Зразумеўшы, хто ў машыне, жанчыны кінуліся наўцёкі ў лес.

«На мне была ярка-чырвоная куртка, а ў ёй у лесе не схавацца, — кажа пра затрыманьне жанчына. — Адзін з амапаўцаў зазірнуў мне ў твар і, пабачыўшы жанчыну ў гадах, прамовіў зьдзіўлена ды павучальна: „У вашым узросьце займацца такім...“ Мне ад гэтых слоў стала сьмешна і гідліва».

«Іхны сьвет разыходзіцца па швах...»

Па словах Сьвятланы Лявончык, дарогай амапаўцы маўчалі, а ў раённым аддзеле міліцыі ёй выставілі абвінавачаньне ў несанкцыянаваным пратэсьце супраць вынікаў выбараў. Суразмоўніца настойвала, што яна зь сяброўкай выйшла, каб ушанаваць памяць забітага пасьля затрыманьня Рамана Бандарэнкі, а фраза «Я выхожу» была апошняй, што ён напісаў у дваровым чаце.

У няволі супрацоўнік пракуратуры папярэдзіў Сьвятлану Лявончык пра недапушчальнасьць удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Сьледчы з крымінальнага вышуку ў ізалятары выпытваў, адкуль яна бярэ інфармацыю аб пратэстах, якія чаты праглядае. Тлумачыў, што іхная задача — выкрываць правакатараў, якія падбіваюць натоўпы на парушэньні грамадзкага парадку. Па словах жанчыны, калі яна расказала міліцыянту гісторыю Бандарэнкі, ён склаў паперы і спыніў гутарку.

Са стасункаў зь сілавікамі лекарка зрабіла выснову, што яны жывуць у сваіх «вузкіх прыдуманых нішах і вераць таму, што ім кажуць».

«Мяне пераконвалі, што я маю аднабокі погляд на сытуацыю ў краіне і не гляджу тэлевізар, дзе паказваюць праўду, — адзначае Сьвятлана. — Іхны сьвет разыходзіцца па швах, і яны шукаюць апраўданьне сваім дзеяньням. Яны лічаць, што ў выпадку зьмены сытуацыі спатрэбяцца новай уладзе».

«У камэры было прахалодна. На прагулку не выводзілі»

Сьвятлана Лявончык кажа: за тры дні няволі яе чатыры разы разьдзявалі да галізны. Да такой працэдуры яна была гатовая, але адчуваньне засталося брыдкае. У першы дзень арышту жанчына ня ела і не піла. Вады ёй ніхто ў аддзеле міліцыі не прапаноўваў. У ізалятар прывезьлі пасьля 22 гадзіны.

Суразмоўніца кажа, што пасьля першай бяссоннай ночы ў яе забалела галава, і ахоўнік прынёс цытрамон. Сядзела адна ў камэры на дваіх ля паста ахоўнікаў. За дзьвярыма чула пастаянна гогат, нецэнзурную лаянку ды беганіну. Ахоўнікі былі ўзростам да 40 гадоў.

У камэры было прахалодна, хоць батарэі грэлі. Па словах жанчыны, калі ня рухацца, то мерзьнеш, альбо трэба сядзець у куртцы. У вокны дужа дзьмула. Удзень працавала вэнтыляцыя.

«Каб падтрымаць сябе, рабіла фізычныя практыкаваньні, — згадвае суразмоўніца. — За тры дні ад фізычнай нагрузкі забалеў прэс, дык дзеці жартавалі, што выпусьцілі мяне з ізалятара ў добрай спартовай форме».

У масцы, якую далі ў аддзеле міліцыі, Сьвятлана Лявончык прабыла ўсе тры дні арышту. У ізалятары ёю карысталася час ад часу, але, кажа мэдык, хлопцам, якія ў няволі сядзелі па два тыдні, наўрад ці маскі мянялі згодна з санітарнымі нормамі. На прагулку жанчыну не выводзілі.

Матрац у камяках, рваная прасьціна, бракавала пітва

Сьвятлана Лявончык кажа, што ў камэрах не было цёплай вады. Яна чула, як ахоўнікі прапанавалі вязьням халодны душ, і тыя вымушаныя былі пад яго ісьці. Ёй самой халоднай вады хапала. У камэры была плястыкавая бутэлька, зь якой мылася. Было мыла і туалетная папера.

Пасьцельную бялізну ёй далі чыстую, але прасьціна пад коўдру была «такая рваная, што рассыпалася». Спала ў адзежы. Матрац быў стары і ад пастаяннага скручваньня падчас агляду зьбіты ў камякі.

Турэмную ежу Сьвятлана называе цярпімай, але пітва не хапала. У алюмініевую 400-грамовую конаўку гарбату ці кісель налівалі добра калі на траціну. На вячэру вадкасьці наагул не давалі. Піла ваду з-пад крана.

«Папрасіла была кнігу са спадзевам, што добрую прынясуць, але далі агітацыйную літаратуру 1970-х гадоў. Ад адной вокладкі мяне перасмыкнула. Такое чытво адклала ўбок», — прыгадвае яна.

Жанчына суцяшала сябе, што граф Монтэ-Крыста сядзеў у адзіночцы 30 гадоў. А на другі дзень на сьцяне яна ўбачыла надрапаны надпіс: «Што нас не забівае, тое робіць дужэйшымі».

«У суд прывезьлі выдрэсіраванай...»

Шторанак Сьвятлану выводзілі з камэры на «шмон» — надгляд. На калідоры: «Тварам да сьцяны, рукі на сьцяну, ногі шырэй», а вакол натоўп ахоўнікаў. Некалькі зь іх заскоквалі ў камэру, дзе ўсё пераварочвалі.

«Калі вялі на сустрэчу з супрацоўнікам крымінальнага вышуку, патрабаваньні былі тыя самыя: „Тварам да сьцяны, рукі на сьцяну, рукі за сьпіну“. Гэта дужа непрыемна чуць, і, як сядзець доўга, то пачнеш адчуваць сябе сапраўды парушальнікам. Атмасфэра мярзотная», — дадае яна.

Жанчына прызнаецца, што ў суд яе прывезьлі «амаль што зацкаваную». Калі на калідоры ўбачыла родных ды сяброў, то асьцерагалася падыходзіць да іх. Панура ішла за міліцыянтам.

«Уяўляеце, як за тры дні няволі выдрэсіравалі, — адзначае яна. — Села туды, куды паказаў ахоўнік».

Сьвятлана кажа, што родныя не зьвярнулі ўвагі на міліцыянтаў і пачалі абдымаць яе, і толькі пасьля гэтага яна авалодала сабою. У судзе даведалася, што сяброўцы прысудзілі 270 рублёў штрафу, а выпусьцілі ў дзень затрыманьня, бо дома застаўся непаўналетні сын.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]