Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларусь не супакоіцца, пакуль не знікне дыктатарскі рэжым

05.12.2020 политика
Беларусь не супакоіцца, пакуль не знікне дыктатарскі рэжым

Патрабаванні народа: сыход узурпатара, вызваленне ўсіх палітвязняў і новыя сумленныя выбары.

Плынь паведамленняў, якія ідуць з усіх куткоў краіны, накрывае з галавой, разрывае душу, балюча сціскае сэрца. Беларусь уяўляецца параненым белым лебедзем, які сцякае крывёй і колерамі нагадвае нацыянальны сцяг, а над ім вісне цень драпежнай зграі мясцовых крумкачоў і двухгаловага арла.

Пратэстуючы народ цвёрда стаіць на сваіх пазіцыях, бо, калі імкненне да чалавечай годнасці, свабоды і дэмакратыі завалодала душой і сэрцам, то яго знішчыць немагчыма. Але галоўнага героя , які смела выйшаў на палітычную арэну, не жадаюць бачыць зашораныя людзі. У іх галаве сядзіць толькі А. Лукашэнка, У. Пуцін і астатняя замшэлая «палітычна-тусовачная публіка».

Вялікую людскую сілуБеларусі, якая абараняе праўду, многія аналітыкі і журналісты з прычыны інерцыі працягваюць называць апазіцыяй. Гэта не адпавядае рэальнасці. У апазіцыі апынуліся нелегітымны ўзурпатар улады, чыноўнікі, сілавікі і «ябатьки-забатьки». Цяпер яны— меншасць.

Але гэта нахабная, злая і агрэсіўная меншасць. Яна мае ў руках рэпрэсіўны механізм, арсенал зброі і фанатычна спавядае нянавісць да свабоднага жыцця людзей.

Яе прадстаўнікі, хоць і не ўсе, аднак разумеюць, што прайгралі нязломнай волі абуранага народа, што немінуча давядзецца мяняцца або сыходзіць, ды, ратуючы састарэлага ўзурпатара і дыктатуру, якую ён зляпаў, а таксама ўласныя пасады і багацце, спадзяюцца яшчэ пратрымацца. Яны парушаюць законы, займаюцца цынічнай хлуснёй, падтасоўкамі, фальсіфікацыямі, паклёпамі.

Мне знаёмыя такія метады. У 2002 годзе каманда лукашыстаў (міністр, намеснік міністра, дэпутат, тэлеаглядальнік-прапагандыст, паэтэса-начальніца холдынга, паэт-стукач) на чале з генералам КДБ прыйшла ў рэдакцыю часопіса «Полымя», дзе я працаваў галоўным рэдактарам. На сходзе яны абвінавацілі калектыў у «замаху на дзяржаўны лад» і аб’явілі, што нас ліквідуюць. У сваім выступе я назваў іх бандытамі, што надта не спадабалася генералу. Прайшло 18 гадоў. Сотні тысяч людзей скандзіруюць сёння на вуліцах гарадоў і пасёлкаў: «Фашысты!», «Забойцы!», «Бандыты!»

Нічога не памянялася са сталінскага часу, у якім мне выпала нарадзіцца. Тады «чорныя вораны» раз’язджалі пад шыльдамі «Мясо. Мясные изделия», «Хлеб», «Молоко», а зараз садысты знянацку выскокваюць не толькі з аўтазакаў, але і з «хуткіх дапамог», машын ДАІ, аўтобусаў без апазнавальных знакаў і збіваюць, хапаюць людзей. Прытым подла налятаюць у тыл калон, калі грамада пачынае разыходзіцца.

Удзельнічаючы па меры магчымасці ў народных маршах, а часцей пры чытанні жахлівых навін я ў думках аглядаю ўласнае жыццё і пад нос сабе напяваю:

А ну-ка парень, подними повыше ворот,

Подними повыше ворот и держись.

Черный ворон, черный ворон, черный ворон

Переехал мою маленькую жизнь.

Круг замкнуўся. Трэба было прайсці столькі выпрабаванняў, многае перажыць, каб трапіць у такое ж пекла, як і сталінскае…

Беларусы трымаюцца на сваёй волі, цярплівасці і мужнасці. Падзеі яшчэ ў ліпені паказалі, што яны могуць прыціснуць садыстаў. Але ж гэта нельга рабіць.

У людзей няма нічога. Я не кажу пра зброю, каб даць адпор. Часта ў іх адсутнічаюць нават сродкі для існавання. Ёсць толькі голыя рукі, адкрытыя, добрыя душы, шчырыя, збалелыя сэрцы. Але гераічныя грамадзяне ў змаганні за свабоднае жыццё стаяць насмерць.

Людзям з іншых краін, у тым ліку і з Расіі, бачны знешнія прыкметы тэрору ў Беларусі: збіццё мірных маніфестантаў дубінкамі, кулакамі і нагамі, атручванне газам, апрацоўка вадамётамі, стральба, выбухі гранат, забойствы, катаванні ў аддзелах міліцыі, ізалятарах і турмах, «сляпыя» і «глухія» суды, езуіцкі пракурорскі нагляд. Але ёсць яшчэ не менш подлы і знішчальны ўнутраны працэс.

Лукашэнка не пратрымаўся б столькі часу і бясслаўна сышоў бы, калі б не ўзрошчаная ім прыкарытная чэлядзь. Прыхлябацелі — кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, фірмаў, навуковых, навучальных, медыцынскіх і іншых устаноў і іх намеснікі па ідэалогіі — займаюцца маральным тэрорам. На нарадах і сходах яны выліваюць на галовы прынцыповых людзей беспадстаўныя абвінавачванні, паклёпы, плёткі, катуюць іх нуднымі прапрацоўкамі. Няўгодных працаўнікоў змушаюць звальняцца па ўласным жаданні або скарачаюць. Супрацоўнікі КДБ не толькі «вучаць» зняволеных у следчых ізалятарах, але і запалохваюць грамадзян «прафілактычнымі гутаркамі».

Сотні тысяч людзей перажываюць стрэс усюды: у чыноўніцкіх кабінетах, на працоўных месцах і нават дома, бо і ў жахлівых умовах неяк трэба выжываць. Усім, хто блізка не знаёмы з рэаліямі Беларусі, гэта проста немагчыма ўявіць.

У жыцці чалавецтва было прынята: вінаватым лічыцца той, хто здзейсніў злачынства, ён нясе за яго адказнасць. Лукашэнкаўскі рэжым паставіў усё з ног на галаву. У Беларусі судзяць і садзяць у турмы не тых, хто вінаваты, а мірных людзей, якія выйшлі з пратэстам супраць злачынства ўлады.

Для Лукашэнкі і яго прыслужнікаў не існуе ні народнай большасці, якая не згодна з імі, ні каштоўнасці роднай зямлі, ні святасці матчынай мовы і нацыянальных сімвалаў, ні праўдзівай айчыннай гісторыі. Ім трэба толькі ўтрымаць уладу.

Агонія — рэч небяспечная. Калі начальнікі адчулі, што могуць развітацца з крэсламі, то Н. Качанава пачала палохаць народ «грамадзянскай вайной». У. Макей пайшоў яшчэ далей: «Но хочу сказать, если кто-то хочет пожара в этом регионе, то мы, конечно же, найдем, чем ответить инициаторам подобных шагов. И вот тогда уже жарко будет и вокруг Беларуси…» Пра глабальныя ўзрушэнні даўно кажа загнаны ў кут узурпатар: «Хуже, если нам эту войну подкинут». Яны гатовыя распачаць бойню.

Цемра палітычнай дэмагогіі хавае яшчэ адну агонію — геапалітычную. У такім стане знаходзіцца прэідэнт У. Пуцін, які ніяк не можа зразумець, што Расіі трэба стрымліваць імперскі апетыт, не цацкацца з суседнім дыктатарам, а займацца ўласнымі праблемамі. Няварта насіцца з «зонай уплыву», бо краіна ад перанапругі лопне.

Падзеі паказваюць, што на беларусах можна зламаць зубы. Таму лепш Крамлю супакоіцца і змірыцца з воляй суседняга народа. Калі б не імперская валтузня, то мы б ужо будавалі новае жыццё.

З удзячнасцю чытаю матэрыялы праўдзівых расійскіх журналістаў, якія падтрымалі беларусаў. Намеснік галоўнага рэдактара «Новой газеты» А. Ліпскі падкрэслівае: «Уже не свалить системные зверства садистов в форме и в трениках на «эксцесс исполнителей», не так понявших слова пахана, — «эксцессы» не длятся по три с половиной месяца. Уже никого не развести враньем о каких-то предстоящих реформах для смягчения «отчасти авторитарного характера» режима. Все это невозможно — досье с именами униженных, арестованных, избитых, покалеченных и убитых преступным режимом Лукашенко белорусов стремительно наполняется. И за это придется отвечать».

Зацягнутая агонія мае трагічнае значэнне для сем’яў забітых і пакалечаных. Яны не даруюць і не забудуць злачынствы. Як могуць грамадзяне краіны падпарадкоўвацца ўладзе, якую захапілі забойцы і іхнія памагатыя?

Беларусь не супакоіцца, пакуль не знікне дыктатарскі рэжым. Для гэтага павінны быць выкананы патрабаванні народа: сыход узурпатара, вызваленне ўсіх палітвязняў і новыя сумленныя выбары.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]