Знакаміты паэт нарадзіўся 9 снежня 1891 году ў Менску.
Міхась Стральцоў у сваёй «Загадцы Багдановіча» пісаў: «Багдановіч, побач з Купалам і Коласам, — тое трэцяе вымярэньне, безь якога немагчымая пэрспэктыва. 3 Максімам Багдановічам нам стала далёка відаць ва ўсе канцы сьвету. (...) Каб пражыў ён больш, хто ведае, чым маглі б мы быць сёньня (...) Дзе сёньня былі б яго ўзмыленыя, ускінутыя над роднай старонкай коні?
Яго няма — ляціць яго „Пагоня“».
1) Маці засмучалася, калі Максім і ягоныя браты размаўлялі па-беларуску
У лісьце да мужа Адама Багдановіча (29-га траўня 1895 г.) Марыя Багдановіч пісала пра сваіх дзяцей: «...Вось толькі кепска, што сталі гаварыць па беларуску і часам такое слоўца ўлупяць, што хоць пад зямлю праваліся».
2) Немаўлём засынаў толькі тады, калі зь ім танчылі
Як успамінаў бацька («Матэрыялы да біяграфіі Максіма Адамавіча Багдановіча», 1923): «...ён іначай не засынаў, як пад калыханьне на руках, а неўзабаве стаў патрабаваць, каб зь ім танцавалі (...), і бедная маці (як і бацька) проста выбівалася зь сіл ад гэтай ягонай раньняй схільнасьці да рытму. Даволі доўга працягваліся гэтыя скокі з прыпеўкамі».
3) Яго ледзь не скалечыла родная цётка
Адам Багдановіч адзначаў: «У два месяцы ён адчуў велізарны боль. Маці, выкупаўшы яго, хацела пасыпаць, дзе трэба, дзіцячай прысыпкай.
— Пасьвяці, — сказала яна сястры.
Тая падышла зь лямпай. Цыліндрычнае шкло трэснула (...), распалены цыліндар падае проста на жывоцік. Жахлівы крык дзіцяці. Маці аслупянела ад жаху. Я кінуўся на крык, схапіў шкло зь цельца, якое зьвівалася ад болю. Зьявіўся пухір велічынёй з далонь».
4) Любімая цацка ў дзяцінстве — Ванька-ўстанька
Максім Багдановіч пісаў: «Памятаю, у дзяцінстве ён вельмі забаўляў мяне. Колькі разоў я перакульваў яго з аднаго боку на другі, клаў на сьпіну і, адымаючы руку, весела выкрыкваў:
— Ванька! Устань-ка!
(...) Памятаю і тое, як (...), ахоплены жаданьнем зразумець, у чым тут справа, ня вытрымаў і ўрэшце разламаў «Ваньку-ўстаньку».
5) У дзяцінстве ледзь не адкусіў сабе язык
Паводле ўспамінаў бацькі: «...у 1897 г. з Максімам здарылася маленькая катастрофа: ён адсек сабе зубамі кончык языка. Бегаў (...), пасьлізнуўся і ўпаў, стукнуўшыся барадой аб падлогу, кончык языка павіс. Поўны рот крыві. (...) Хірург стаў прышываць (...) Ні гуку, ні стогну. (...) праз тыдзень (...) кончык прырос, а нітку Максім зьеў».
6) Іранізаваў над захапленьнем сваіх сучасьнікаў грэка-рымскай барацьбой
Пра гэта пісаў у фэльетоне «Міжнародны чэмпіянат і яраслаўцы» (газэта «Голос», 1909, № 189): «Усюды (...) толькі і гаварылі пра тое, як адзін чэмпіён спрытна «зашчаміў» другога і як гэты другі стукнуў трэцяга па вуху, якое лопнула (...), мы накіраваліся — шчасьлівыя — глядзець барацьбу. (...) На арэне ўжо валяліся дзьве напаўаголеныя фігуры... Барцы, зьвяртаючы на публіку нуль увагі, цяжка саплі. (...) Аказалася, што чэмпіён Пецярбургу «Ату яго» схапіў няправільным прыёмам чэмпіёна Фінляндыі «Я не паддамся». Але апошні пасьпеў неяк вылузацца і апынуўся «ў партэры».
7) З ахвотай кідаўся ў спрэчкі
Максім Багдановіч спрачаўся з роднымі, сябрамі, настаўнікамі (асабліва з адным бацюшкам, якому даводзіў, што Бога няма). Па ўспамінах бацькі: «У патэтычных месцах, каб падкрэсьліць сваю думку, ён [Максім Багдановіч — В. Дэ Эм.] б’е кулаком па стале, а калі няма аргумэнтаў, абодва кулакі прыціскае да грудзей альбо да плячэй, быццам адтуль хоча выціснуць больш сілы. Жэсты палымяныя, нязграбныя, (...) словы недастаткова выяўляюць тое, што за імі хаваецца. Кожнае сваё палажэньне, якое ён выказваў у караценькіх, адрывістых словах, суправаджаў запытальна: «Так?» і, не дачакаўшыся вашай згоды, вывальваў новыя палажэньні, нязьменна суправаджаючы іх тымі ж: «Так?», «Так?».
8) Не любіў слова «стыль»
У лісьце да рэдакцыі «Нашай нівы» (14 лістапада, 1912) пісаў: «Паміж іншым, на які пёс і Вы і я ўжываем слова „стыль“, — у Насовіча памешчана слова „кшталт“, і значэньне яго, здаецца, тое ж самае».
9) Быў непаслухмяным вучнем
Ва ўспамінах бацькі: «Максім рэдка ўважліва слухаў выкладчыкаў (...). Па натуры жывы, рухавы, ён так жа трымаў сябе і ў клясе: круціўся, размаўляў з суседзямі, жартаваў, сьмяяўся (...), гуляў у шашкі (...), спазьняўся ці сыходзіў з урокаў (...), бегаў па клясе. (...) Спаскі [выкладчык — В. Дэ Эм.], гістэрычна крыкнуў:
— Багдановіч, ідзіце вон!
Максім заявіў пратэст супраць такіх недалікатных адносін і адмовіўся падпарадкавацца».
10) Заводзіў раманы па перапісцы, а пасьля адчуваў сябе вінаватым, калі бачыў дзяўчыну наяве
Паводле ўспамінаў Зоські Верас, Багдановіч ёй казаў: «Маю толькі адно прыкрае перажываньне, якое адбірае мне спакой. Можа, вы чулі, што я ўжо даўжэйшы час перапісваўся з адной асобай зь Менску (назавём яе N). Завязалася лістоўная прыязьнь, шчырасьць. Вось, прыехаўшы і пазнаёміўшыся асабіста, уся мая прыязьнь да яе разьвеялася. Не магу ёй адказаць тым самым, не магу... і гэта так мучыць! Раблю чалавеку прыкрасьць... Ці ж гэта можа не балець?»
11) Гераіню расейскіх народных казак Алёнушку цаніў вышэй за Афэлію
«Ёсьць, напрыклад, цудоўны тып, — вельмі ж я яго люблю, — тып добрай расейскай дзяўчыны (...) Алёнушкі. (...) Цьвёрда кажу, што тып гэты можна вышэй нават паставіць за шэксьпіраўскіх тыпаў. Ёсьць у Шэксьпіра Афэлія, напрыклад, і, няма гаворкі, цудоўная яна, але наколькі ж драбней яе вобраз у параўнаньні з Алёнушкай нашай. Вядома, і сьмешным і недарэчным падасца вам гэтае параўнаньне маё, але падумайце крыху і, быць можа, вы адчуеце, што ў гэтых словах ёсьць свая праўда».
12) У юнацтве быў анархістам і падазраваўся ў тэрарызьме
Ва ўспамінах бацькі: «...старэйшы сын Вадзім (...) стаў адным з арганізатараў (...) гімназічнага гуртка эсэраў, а малодшы Максім, каб паказаць, што і ён ня горшы, (...) ужо ў чацьвёртай клясе стварае гурток анархістаў. (...) Ён ня толькі закінуў вучобу, але і сваю любімую беларусістыку». Ягоны сябар Зьміцер Крылоў узарваў у гімназіі лесьвіцу. Адам Багдановіч успамінае: «Ён [Максім. — В. Дэ Эм] імкнуўся прыбраць з кватэры ўсё, што магло кампрамэтаваць яго таварыша, таму з клясы ўцёк да яго на кватэру адразу пасьля выбуху. (...) На допыце трымаў сябе (...) сьмела і нахабна, спрачаўся, свой удзел у падрыхтоўцы выбуху адмаўляў (...)».
13) Засмучаўся, што Расея мала цікавіцца Ўкраінай
У газэце «Голос» (1916, № 12) пісаў: «Ход падзеяў паказаў, што ўкраінскае пытаньне мае вельмі прыкметнае месца сярод праблемаў міжнароднай палітыкі (...). Даводзіцца прызнаць, што слабая цікавасьць, якую ўдзяляе расейскае грамадзтва ўкраінскаму пытаньню, наўрад ці нармальная».
14) Выказваў спадзяваньне, што расейская інтэлігенцыя падтрымае беларусаў у іх імкненьні да самастойнасьці
У артыкуле «Беларусы» (часопіс «Национальные проблемы», 1915, № 2) адзначаў: «Думаецца, што расейская інтэлігенцыя можа сустрэць гэтыя спадзяваньні і імкненьні з абсалютным спачуваньнем. (...) Яна можа працягнуць сваю руку беларускай інтэлігенцыі. Яны не чужыя адна адной. Бо апошняя робіць менавіта тое, што складае сэнс існаваньня ўсялякай інтэлігенцыі: яна разьвівае народную культуру. Гэтая культура ў краі была нацыянальнай беларускай культурай. Адсюль узьнік беларускі нацыянальны рух».
15) Падчас Першай сусьветнай вайны марыў, каб славянскія землі выйшлі са складу Аўстра-Венгрыі
Багдановіч пісаў (брашура «Браты-чэхі», 1914): «Адно несумненна: славянскія землі (...), павінны быць ва ўсялякім выпадку вылучаны зь іх межаў [Аўстра-Венгрыі. — В. Дэ Эм.]. Гэта зьяўляецца запаветнай марай цэлага шэрагу славянскіх народаў. Гэта (...) неабходна для самой Расеі. Гэтага ж патрабуе ад нас і пачуцьцё сямейнай блізкасьці да ўсяго астатняга славянства і, нарэшце, пачуцьцё простай справядлівасьці».
16) Лічыў, што русыфікацыя касьцёла прывядзе да яшчэ большага апалячваньня беларусаў-каталікоў
У артыкуле «На беларускія тэмы» (часопіс «Украінскае жыцьцё», 1916, № 2) адзначаў: «...прапанаваная мера [русыфікацыя — В. Дэ Эм.] вельмі небясьпечная, нежыцьцяздольная і магчымым сваім вынікам будзе мець зрух у бок Польшчы — зрух, можа быць, непапраўны. І ці ня трэба прызнаць, што ўлада ня ў стане абараніць беларусаў ад апалячваньня, што яна зьдзейсьніла вялікую памылку, прыглушаючы нацыянальныя сілы беларускага народа, што адзіная надзея ў адраджэньні гэтых сіл, якія абуджаюцца?»
17) Верыў у забабоны
Барыс Мікуліч апісвае ягоны другі прыезд у Менск: «Сёстры Бядулі даглядалі яго, але хворы быў прыдзірлівы і злы (...) Было зь ім люстэрка ў мэталічнай аправе, якое ён бярог. (...) Перад ад’ездам (...) сястра Бядулі выпадкова разьбіла люстэрка Багдановіча. Бледнасьць заліла яго і без таго бледны твар, і ён прашаптаў: «Усё, цяпер усё».
18) Яго таленту зайздросьцілі Альбэрт Паўловіч і Ўладзіслаў Галубок
Паводле Вацлава Ластоўскага («Мае ўспаміны аб М. Багдановічу»), «...Альбэрт Паўловіч і Галубок (...) нападалі на безьзьмястоўнасьць вершаў М. Багдановіча, а асабліва А. Паўловіч, які злосна выкпіваў, перафразоўваючы паасобныя звароты вершаў М. Багдановіча, каторага стала называў не па прозьвішчы, а „ваш Лесавік“. (...) Ніякія аргумэнты (...) ня мелі ўплыву. Вуснамі супраціўнікаў Багдановіча гаварыла іх абражаная аўтарская амбіцыя, што ў нашым мініятурным часопісе, замест іх твораў, займаецца месца пад вершы Багдановіча». Багдановіч у адказ пісаў пра творчасьць Паўловіча (артыкул «Глыбы і слаі» («Наша ніва», 1911, № 5)): «...у жартах А. Паўловіча куды ні зірні — усё той жа куртаты зьмест, гумар каторага зусім зьнікае ў надзвычайна расьцягнутых вершах, усё той жа валючыйся з ног рытм, тыя ж абы-як толькі падабраныя рыфмы».
19) Рэдактар «Нашай нівы» Аляксандр Уласаў адмаўляўся друкаваць ягоныя першыя творы
Паводле Ластоўскага: «На пачатку траўня месяца (...) Максім Багдановіч (...) прыслаў у „Нашу ніву“ маленькі сшытачак (...) твораў (...). Нябожчык Ядвігін [Ядвігін Ш. — В. Дэ Эм.] ахрысьціў гэты сшытачак „дэкадэншчынай“. (...) сшытак вярнуўся зь перагляду (...), перакрэсьлены сінім алоўкам з надпісам рукой А. Уласава „В архів“. (...) Празь некалькі тыдняў (...) Максім Багдановіч прыслаў (...) новых вершаў (...), але вершы былі зноў „дэкадэнцкія“ і дзеля гэтага трапілі ў тую ж папку (...) „В архів“. Там яны пралежалі да канца жніўня, калі іх выцягнуў на сьвет С. Палуян, які, прачытаўшы вершы, з надзвычайным захапленьнем стаў бараніць іх...»
20) Крытыкаваў мадэрністаў, але ў сваёй прозе любіў ужываць яркія экспрэсіяністычныя вобразы
Багдановіч іранічна ставіўся да творчасьці мастакоў суполкі «Бубновы валет», лічыў, што ад многіх твораў Янкі Купалы патыхае «грубым сымбалізмам», але ў сваёй прозе дазваляў сабе яркія экспрэсіяністычныя сцэны. У мініятуры «Страшнае» (1914-16) ён апісвае, як па забітым жаўнеры паўзе мураш: «Вялікі руды мураш вынырнуў з валасоў (...), прабег па яго скроні і папоўз праз вока. І павека не здрыганулася, і па-ранейшаму шырока раскрытыя былі яго вочы. Гэта было страшна».
Васіль Дэ Эм, «Радыё Свабода»