Як раённы начальнік вырашыў пратэставаць на плошчы.
Дзьмітры Ткачэнка дзесяць гадоў узначальваў хойніцкі ўчастак «Энэргазбыту». Цяпер ён беспрацоўны; прычына — грамадзянская пазыцыя, перадае «Радыё Свабода». «Майго прадзеда рэпрэсавалі і расстралялі. Я застаўся бяз працы. Але веру, што неўзабаве ў нашага Ўрфіна Джуса скончыцца чароўны парашок для дубаломаў», — жартуе ён.
Прадзеда расстралялі ў 1937-м, праўнука рэпрэсавалі ў 2020-м
«Хойнікі — бедныя? Гэта цяпер так стала. Уявіце, што пры паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі з гэтых мясьцін Караль Прозар, тагачасны ўладальнік Хойнікаў, сабраў мільён злотых для паўстанцаў!» — нагадвае Дзьмітры.
Ён раскладае на стале паперы. Справа — дакумэнты на расстралянага прадзеда. Зьлева — адміністрацыйныя пратаколы і пастановы суду на яго самога.
Прадзед Дзьмітрыя незадоўга да арышту і расстрэлу набыў стадолу.
«Я таксама нядаўна купіў стадолу, вось цяпер думаю...», — сьмяецца Дзьмітры. Ён па тых часах таксама мог трапіць у жорны рэпрэсій, бо мае трактар і іншую тэхніку, зямлю і жаданьне працаваць на ёй эфэктыўна.
Міхаіла Забурскага першы раз арыштавалі ў 1932 годзе і асудзілі на тры гады зьняволеньня. У 1937 годзе яго расстралялі на загад «тройкі» НКУС. Жыцьця пазбавілі за тое, што «праводзіў антысавецкую агітацыю, распаўсюджваў сярод калгасьнікаў плёткі пра тое, што ў Канстытуцыі сказана, што можна адкрываць цэрквы; распальваў варожасьць паміж калгасьнікамі-беларусамі і палякамі».
«Да выбараў мы верылі, што закон працуе, што нешта зьменіцца»
Дзьмітры ўпэўнены, што да жніўня 2020-га ў грамадзтва быў пэўны сацыяльны кантракт.
«Ну разумелі людзі, што выбары не зусім сумленныя, што там падман. Але пры гэтым маўчалі. Бо не было такіх яскравых праяў гвалту, адкрытых садысцкіх выхадак, беларусы ж цярплівыя, патрываем яшчэ», — разважае былы начальнік.
Для яго спускавым мэханізмам, трыгерам стала гісторыя з байкерамі ў Менску 11 жніўня, бо ён сам байкер.
І дагэтуль Дзьмітры ня ўпэўнены, што такі зьдзек з байкераў чынілі супрацоўнікі ДАІ. «Ніхто за гэты гвалт не адказаў. Калі байкеры былі бандыты, дык пакажыце гэта! Я за справядлівасьць», — кажа жыхар Хойнікаў.
- Ціханоўскай не палітык, але трэба аддаць ёй належнае — ня кожны пагодзіцца на такое. Гэта сымбаль пратэсту. Яна звычайны чалавек, але павага ёй за тое, што яна зрабіла. Затрыманьне Ціханоўскага, потым арышт Бабарыкі... Ён верыў у тое (і, мусіць, шчыра), што ў нас працуюць законы. І мы верылі — бо стаялі ў гэтых вялізных чэргах, каб паставіць подпіс. Верылі, што нешта зьменіцца, што закон працуе. А далей самі бачыце — сумленнай гульні не было, — кажа Дзьмітры.
На адным з участкаў для галасаваньня ў Хойніках Ціханоўская афіцыйна набрала 54 галасы. «Але мы абышлі людзей і сабралі 130 подпісаў тых, хто галасаваў за яе на гэтым участку! Людзі раззлаваліся за такі падман і расчараваліся», — зазначае былы начальнік.
«Большасьць чыноўнікаў — прыстойныя людзі. Але яны закладнікі абставінаў»
На хойніцкую «Плошчу» ў жніўні выйшлі каля 150 чалавек. Дзьмітры кажа, што для райцэнтру гэта вельмі шмат, бо тут ніхто ніколі палітыкай не цікавіўся.
«Я не скажу, што нашы чыноўнікі, начальнікі дрэнныя ці зьвяры. Не. Я ведаю шмат сьветлых, прыстойных людзей. Але яны ахвяры і закладнікі абставінаў. Кожны з такіх чыноўнікаў, як я, сядзіць на сваім працоўным месцы і думае, што можа прыйсьці да яго дзядзя, якому не спадабаецца, як ты ўсьміхаесься, ці ты няправільна неяк адказаў яму — і ты заўтра ня будзеш працаваць. У большасьці чыноўнікаў няма ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні. Таму казаць, што яны там шалёна некага падтрымліваюць, не выпадае», — разважае былы начальнік.
Да пратэстоўцаў выходзілі размаўляць старшыня райвыканкаму, начальнік міліцыі і пракурор. Дзьмітрыя цікавіла, хто плаціў за аўтобус для чыноўнікаў, якіх павезьлі на мітынг у падтрымку Лукашэнкі ў Менск. Адказу ён не атрымаў. Тады патэлефанаваў тым, хто ехаў у аўтобусе.
«Яны сказалі, што ня ведаюць, хто плаціў за аўтобус. Я ім адказаў, што, калі я ня ведаю, хто плаціў, і саджуся ў аўтамабіль — гэта прыкмета нізкай сацыяльнай адказнасьці. Я больш чым упэўнены, што, каб ім давялося самім заплаціць за аўтобус у Менск, ніхто б не паехаў», — кажа Дзьмітры.
Ён асьцярожна выказваецца пра былых калег-чыноўнікаў.
«Яны, можа, ня маюць сьмеласьці зрабіць нейкі крок ці ўчынак. Але хай ня ўсе, але большасьць усё выдатна разумеюць і думаюць так, як і я. Проста ня могуць сабе дазволіць адкрыта сказаць пра сваю пазыцыю, як зрабіў гэта я. Бо зноў жа — праца, сям’я, крэдыты...», — зазначае былы начальнік.
За марш у Хойніках судзілі шэсьць чалавек, у тым ліку і Дзьмітрыя Ткачэнку. Трое атрымалі папярэджаньне, астатнія — па дзьве базавыя велічыні штрафу. Максымум быў — пяць базавых велічынь.
«У параўнаньні з Гомлем і Менскам, дзе людзям давалі па 15 сутак — гэта ні пра што. Паводле аднаго пратаколу мяне судзьдзя апраўдаў, па другім даў папярэджаньне», — расказаў Дзьмітры.
«Зразумеў, што працаваць камфортна тут не дадуць»
Пасьля судоў да Дзьмітрыя Ткачэнкі прыехала кіраўніцтва і паведаміла пра цікавасьць да ягонай пэрсоны з боку КДБ і жаданьне пазбавіць яго пасады. Яму прапанавалі сысьці ціха і заняць месца інспэктара.
«Начальнік наш — прагрэсіўны чалавек, неблагі мэнэджар, але кожны цяпер стаіць перад выбарам і сам вызначае, што можа зрабіць. Нямногія ўмеюць нешта рабіць у сваім жыцьці. Шмат хто не гатовы выйсьці з зоны камфорту, са свайго ўтульнага кабінэта», — кажа Дзьмітры.
Пасьля размовы з начальствам ён спазьніўся на працу на 26 сэкундаў. Гэта зафіксавалі і запатрабавалі пісаць тлумачальную.
«Я зразумеў, што працаваць тут камфортна мне не дадуць, што працы мне тут ня будзе. Паказчыкі ў нас былі нармальныя, участак быў сярод найлепшых у вобласьці. Разам са мной сышлі майстар і інспэктар. Апошні — на знак салідарнасьці са мной», — кажа Дзьмітры.
Паводле яго, цяжка страціць працу, і толькі дурань будзе такому радавацца.
«Але кожны, хто выходзіць, павінен асэнсоўваць, што ён робіць. Працы няма, але жыцьцё на гэтым ня скончылася. Я маю спэцыяльнасьць, зямлю, трактар і тэхніку. Паспрабую працаваць на зямлі ці адкрыць майстэрню. Ня думаю, што мне надта будуць перашкаджаць», — зазначае былы начальнік.
Ён успамінае, як у дзяцінстве чытаў малодшаму брату казку пра Ўрфіна Джуса і ягоных драўляных салдатаў, дубаломаў.
«Ён пасыпаў сваіх драўляных салдат чароўным парашком — і яны за яго ваявалі. Потым чароўны парашок скончыўся... Веру, што неўзабаве ў нашага Ўрфіна Джуса скончыцца чароўны парашок. Тады ягоныя дубаломы самі сабе ці адзін аднаму ногі адпілуюць. Нават калі ня будзе пратэстаў, без „чароўнага парашку“ тут праз 3-4 месяцы ўсё абваліцца», — верыць былы начальнік.