Трываць застаецца нядоўга.
Праблема стасункаў народа і ўлады застаецца надзённай спадвеку. Яна праз усё жыццё цікавіла і мяне. А прад вачыма быў прыклад Сталіна, які з кепскага, недавучанага семінарыста, дзякуючы непамерным амбіцыям, шантажу і інтрыганству, вырас да тырана, знішчыў дзесяткі мільёнаў людзей рэпрэсіямі і голадам.
Сустрэчы ў юнацтве са сведкамі арышту, знаходжання і гібелі ў ГУЛАГу майго дзядзькі, паэта Сяргея Ракіты, а пасля, калі працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», з былымі вязнямі, якія засталіся жывымі, з родзічамі знішчаных, удзел у падрыхтоўцы да друку іх успамінаў, пераканалі, што жудаснае зло вырастае з дзеянняў тых, хто займае высокае службовае месца, не маючы адпаведных маральных, адукацыйных і прафесійных якасцяў.
Пасля развалу СССР грамадзяне, якіх выхоўвалі на камуністычных ідэях, былі ў разгубленасці. Што рабіць, як быць, куды падацца? Палітычнае невуцтва і ахвочасць да папулісцкіх абяцанак штурхалі людзей да неасталінізму. Ім зноў хацелася «жалезнага парадку», і ён не прымусіў сябе чакаць.
На пытанне, вынесенае ў загаловак роздуму, можна адказаць адной фразай: дыктатарскі рэжым А. Лукашэнкі заняты прыніжэннем чалавечай годнасці мільёнаў беларусаў, разбурэннем нацыі, знішчэннем культурнага, маральнага і матэрыяльнага капіталу, назапашанага продкамі.
Зразумела, спыніць жыццё дыктатура не можа. Людзі нараджаліся, раслі, вучыліся, стваралі сем’і, прыдумвалі нешта, працавалі. Але хамут уціску намуліў ім шыю так, што трываць ужо немагчыма. Магутным пратэстам супраць фальсіфікацый на выбарах і крывавага гвалту пасля іх беларусы кажуць Лукашэнку: «Нам не патрэбны вашыя «стабильность» «порядок» і «процветание», напампаваныя хлуснёй і абнесеныя калючым дротам, у якіх выбарчыя камісіі займаюцца фальсіфікацыямі, чыноўнікі — карупцыяй, дэпутаты — меркантыльным прыстасавальніцтвам , сілавікі (АМАП і іншыя спецпадраздзяленні)— парушэннем законаў, якое перацякае ў бандытызм, следчыя камітэты, суды, пракуратуры — падманам і падтасоўкай». Непрыняцце рэжыму выспела не толькі ў асяродку маладога, адукаванага, інфармаванага пакалення, але і на глебе гневу на ўсю сістэму, якая пастаянна парушае законы, крыўдзіць цынічнай несправядлівасцю тысячі грамадзян рознага ўзросту.
Няўжо развітых людзей, якіх падманулі і абразілі, можна дубінкамі прымусіць думаць так, як яфрэйтар-амапавец ці гарадскія «ябатьки-забатьки», што слухаюць Р. Азаронка на СТБ? Або як бабулька з глыбінкі, якая не ведае пра існаванне інтэрнэту, сядзіць на печы і глядзіць па тэлевізары праграмы БТ?
Дык чым заняты рэжым? Нелегітымны ўзурпатар не расціскае «пасінелых пальцаў», кляне пратэстуючых беларусаў, НАТА, ЗША, Еўразвяз, асабліва суседзяў — палякаў, літоўцаў, украінцаў, мітусіцца, праводзіць нараду за нарадай, раз’язджае па бальніцах, радзільных дамах, стварае ўражанне, што нічога не здарылася, што ён — гаспадар краіны і вялікі палітык.
Чвэрць стагоддзя я жыў абражаны тым, што ў роднай краіне ўлада ўзурпіравана, спрачаўся з аналітыкамі, якія рабілі з Лукашэнкі значную асобу. Цяпер яны могуць палюбавацца на куміра. Ён — тыповы «саўгасны дыктатар». Для яго галоўнае — любой цаной настаяць на сваім. Вы супраць АЭС, а я за чужыя грошы яе пастаўлю. Дарэчы, невядома чым скончыцца авантура ўзурпатара, бо ў Астраўцы ідзе паломка за паломкай. Вы пратэстуеце і мяне выганяеце, а я наперакор дубінкамі, кулямі, гранатамі, вадамётамі заганю вас у стойла.
«Дыялог» чыноўнікаў і дэпутатаў, які яны фарсіравана павялі з народам, выклікае рогат з прычыны іх «аратарскага майстэрства». Яшчэ вертыкаль зганяе «актыў» на сходы па абмеркаванні рэформы Канстытуцыі, рыхтуе «хурал». Але валтузня з напісанымі «патрэбнымі» прапановамі — марная. «Всебелорусское народное собрание» — гэта чарговая прапагандысцкая пустышка, якіх Лукашэнка правёў шмат.
На гэты раз імітацыя не пройдзе. Беларусы спачатку забяспечаць свабоду палітвязням, выберуць новую ўладу, а затым разгледзяць і Канстытуцыю.
Асаблівую агіду выклікаюць сілавікі. Яны не толькі забіваюць, калечаць маніфестантаў, але і катуюць зняволеных, прымушаюць іх стаяць гадзінамі з узнятымі ўгару рукамі, цалаваць дубінку, крычаць «Я люблю ОМОН!», «Я люблю президента!», спяваць гімн, таптацца па бел-чырвона-белых сцягах або мыць імі падлогу.
Мне думаецца, што ў Беларусі ідзе не палітычная барацьба, а, як я раней пісаў, змаганне дабра са злом у біблейскім разуменні. Д’ябальская нечысць хоча пераламіць хрыбет народу.
Я любаваўся ўсмешкамі, добразычлівасцю, узаемапавагай у абуджаным, пасвятлелым Мінску. Людзі адчулі, што можна жыць інакш, павесялелі, прапаў недавер да суседзяў, зніклі хранічныя пахмурнасць, засяроджанасць, касмічны смутак у вачах. А зараз на абліччы зноў кладзецца цень трывогі.
Не шукаю канспіралогію, але паглядзіце: хто ў Беларусі і Расіі замахнуўся на мірны, цярплівы і добры народ у хвіліны яго ўзлёту? Каму трэба знішчыць у ім еднасць, салідарнасць, душэўнасць, спачуванне, якія былі затаптанымі, але адрадзіліся з новай сілай?
Чыноўнікі і сілавікі, якія з дапамогай расійскіх апекуноў хочуць уратаваць дыктатуру, настойліва нагадваюць, што чалавек паходзіць ад малпы, прытым малпы з драпежным аскалам. Толькі дзікія звяры здольныя загрызаць суродзічаў, а вар’яты — перафарбоўваць трубы, платы, сцены, мяняць паказальнікі вуліц з прычыны таго, што тыя бел-чырвона-белыя. Яны нават не разумеюць, якімі ў вачах народа сталі нікчэмнымі, мізэрнымі і агіднымі!
Пра сітуацыю, якая склалася ў краіне, мудра кажа экс-прэзідэнт Украіны Л. Краўчук: «Поэтому я прошу, просто по-человечески прошу белорусов: послушайте себя, послушайте голос разума, поверьте в добро, но не верьте власти. Власти больше нельзя верить, власть вас предала. Власть Беларуси, которую вы избрали, которой вы доверяли, вас предала во имя своих корыстных, эгоистичных, диктаторских целей, во имя власти…
Зло нужно остановить обязательно. А сегодня правительство в Беларуси во главе с Лукашенко — это зло».
Частка беларусаў сапраўды ў чаканнні завісла паміж небам і зямлёй, яна не падтрымлівае ўзурпатара, але баіцца «ўліпнуць», хоча, каб хтосьці зрабіў «прыгожае жыццё». Пакуль яны чухаюць патыліцы, за іх пакутуюць, ідуць на змаганне смелыя. Але я не думаю, што ў нас шмат тых, у каго тоўстая скура або няма сумлення, каму напляваць на ўсё.
Акрамя фізічных катаванняў, народу наносіцца маральная траўма, што выльецца ў хваробы тысяч людзей: дэпрэсію, нервовыя разлады, парушэнне псіхікі. А таму перамогу трэба здабываць хутчэй.
Час адплаты абавязкова прыйдзе. Мужныя людзі, запісвайце абразы і пагрозы на свой адрас любога начальніка, сілавіка, фатаграфуйце факты здзеку і гвалту. Ніводзін нягоднік не павінен застацца непакараным.
У канцы роздуму я схіляю галаву перад героямі, якія загінулі за праўду і свабоду, і звяртаюся да параненых, пакалечаных, пакрыўджаных, абражаных, абкрадзеных штрафамі суайчыннікаў: ганаруся вамі, трымайцеся, родныя!
Трываць застаецца нядоўга, да выхаду на волю — толькі некалькі крокаў.
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com