Малітва за Беларусь адбылася ў пабрыгіцкім касцёле ў Гродне.
10 снежня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) на малітву за Беларусь сабраліся вернікі Гродна.
Святая Імша адбылася ў інтэнцыі нашай краіны, вырашэння грамадска-палітычнага крызісу і вяртання на радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якому было адмоўлена ў вяртанні, піша catholic.by. Цэлебрацыю ўзначаліў кс. канонік Антоні Грэмза.
У гаміліі святар разважаў над сумленнем чалавека: «Голас сумлення пераможа страх, і чым больш людзей будзе жыць па запаведзях Божых, тым больш будзе праўды».
«Бог усё бачыць! Нашая справа толькі верыць, шчыра маліцца і мець моцную хрысціянскую надзею. Трэба мець давер да Хрыста», — дадаў кс. Антоні.
Падчас малітвы вернікаў прысутныя асаблівым чынам прасілі Пана аб суцяшэнні і справядлівасці для пацярпелых падчас пратэстаў, маліліся за ўсіх пераследаваных, аб перамозе дабра над злом і аб хуткім вяртанні арцыбіскупа Кандрусевіча на радзіму.
На заканчэнне Імшы адбылося набажэнства перапрашэння і акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі перад абліччам пандэміі каранавірусу і складанай грамадска-палітычнай сітуацыі.
Прысутныя прасілі ў Пана прабачэння за гістарычныя правіны: за знявагу святыняў, духоўных асобаў, за грахі вернікаў і ўсялякае зло нашага народа.
фото: catholic.by фото: catholic.by фото: catholic.by фото: catholic.by фото: catholic.by