Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Біскуп Юзаф Станеўскі: Заахвочваю вас да малітвы за нашу Айчыну і яе народ

24.12.2020 общество
Біскуп Юзаф Станеўскі: Заахвочваю вас да малітвы за нашу Айчыну і яе народ

Віншаванне на святы Божага Нараджэння і Новы год.

Віншаванне біскупа Юзафа Станеўскага на святы Божага Нараджэння і Новы год апублікаваў сайт catholic.by:

- Любыя майму сэрцу браты і сёстры!

Сардэчна вітаю вас у час падзякі Пану Богу за 2020 год і малітвы аб дараванні нам Божым Провідам новага 2021 года.

Як мы ўжо ведаем, Папа Францішак 3 кастрычніка бягучага года ў Асізі падпісаў энцыкліку Fratelli Tutti — Аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве — у якой між іншым прыходзіць да высновы, што «жыццё — гэта не час, які мінае, але час сустрэчы». І таму, лічыць Пантыфік, «ніхто не можа адчуць каштоўнасць жыцця без рэальных твараў тых, каго ён любіць». А «Бог не глядзіць вачыма, Бог глядзіць сэрцам».

Таму дзякуем вам, людзі ў белых халатах, за ваш «позірк сэрцам», за «час сустрэчы», за ваш «дар самога сябе», за вашу барацьбу за кожнае жыццё.

Мы не бачым вашых твараў, з-за антывірусный маскі цяжка распазнаць, хто нахіляецца нада мной, хто гэты самаранін. За вашу «ўмеласць бачыць сэрцам» мы дзякуем і молімся Богу.

Мае дарагія сябры. Час мінае, а з ім у гісторыю адыходзіць высакосны 2020 год, і толькі час сустрэчы ў братэрстве і сацыяльным сяброўстве з далікатным полымем цеплыні сэрца і позіркам спачування пакінуць свой след у памяці кожнага з нас як пазітыўны багаж, які мы ахвотна забярэм з сабой у новы 2021 год — «новы час сустрэчы». Якім ён будзе для нас і што запомняць з нашай сустрэчы тыя, якіх даў нам Пан?

Таму за Папам Францішкам хочацца паўтарыць: «Касцёл — гэта дом з адчыненымі дзвярыма, бо ён — маці. І падобна Марыі, Маці Езуса, мы хочам быць Касцёлам, які служыць, які выходзіць з дому, выходзіць са сваіх святыняў, выходзіць са сваіх сакрыстый, каб суправаджаць жыццё, падтрымліваць надзею, быць знакам адзінства, каб будаваць масты, разбураць муры, сеяць насенне прымірэння» (гл. FT 276). Гэтыя і іншыя шляхетныя намаганні, на думку Пантыфіка, маюць права на рэалізацыю, калі сучасныя зразумеюць, што «зямля ёсць пазыкай, якую атрымлівае кожнае пакаленне і павінна перадаць яе наступнаму пакаленню».

Аднак вельмі важна, «каб мы не страцілі здольнасці заўважаць неабходнасць перамены сэрца, звычаяў і ладу жыцця».

Мае дарагія. Новы 2021 год згодна з воляй Святога Айца Францішка прысвечаны святому Юзафу, апекуну Дзіцяткі Езуса і абранніку Насвяцейшай Панны Марыі. З гэтай нагоды Святы Айцец напісаў Апостальскі ліст Patris corde («Бацькоўскім сэрцам»), прысвечаны 150-годдзю прызнання святога Юзафа апекуном Каталіцкага Касцёла. У гэтым лісце Пантыфік заахвочвае нас нанава «зразумець сэнс працы, якая надае годнасць», якая «становіцца ўдзелам у справе збаўлення» і «магчымасцю рэалізацыі» для сябе і сваёй сям’і. Ён заклікае «адкрыць каштоўнасць, важнасць і неабходнасць працы», каб закласці асновы «новай нармальнасці, дзе нікога не выключаюць, каб з годнасцю і радасцю есці хлеб, які з’яўляецца плёнам працы». «Ніводзін малады, ніводзін чалавек, ніводная сям’я без працы!» — такі дэвіз прапануе Папа ў 2021 годзе.

Заахвочваю вас, браты і сёстры, сябры, людзі добрай волі, суайчыннікі, да малітвы ля ясляў Езуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцы, за нашу Айчыну і яе народ на парозе і на працягу новага 2021 года — аб «хвале Богу на вышынях, аб супакоі людзям на зямлі сінявокай Бацькаўшчыны і каб на нашым стале заўсёды быў хлеб і да хлеба».

Са святам і Новым годам.

Юзаф Станеўскі

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі

Гродна, Божае Нараджэнне 2020 год

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]