Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Час неверагодных людзей

29.12.2020 политика
Час неверагодных людзей

Давайце падзякуем 2020-му году за тое, якімі ён нас зрабіў.

2020-ты год ужо называюць самым жахлiвым у найноўшай гiсторыi. Перадусiм такую намiнацыю ён атрымаў праз пандэмiю каронавiруса. Новая хвароба аказалася страшнай не толькі сама па сабе, але i ўсiмi наступствамi, якiя ёй спадарожнiчалi. Каранцiн, i добраахвотны, i вымушаны, моцна ўдарыў па эканомiцы i дабрабыту людзей. Так было амаль паўсюль у свеце, i пры ўсiх гэтых умовах трэба было намагацца працягваць жыць. А паколькі ў розных краінах розны стан i эканомiкi, i медыцыны, i дзяржпадтрымкi, то i крызіс перажывалi краiны па-рознаму. Тым, у каго i так праблемы ў шматлiкiх сферах, было цяжэй за ўсiх. Напэўна, у гэтую групу варта было б уключыць нашу краiну. Калi б не асобныя цiкавыя акалiчнасцi.

Іншы раз здараецца так, што часы найбольшых выпрабаванняў робяцца часамi неверагодных магчымасцей. У нядаўнiм аглядзе мы ўзгадвалi, якiм 2020-ты год быў для ўсяго свету. Цяпер паглядзім, чым ён стаў для нас.

Мiнулае: пачатак

У 2020-ты год беларусы ўвайшлi без чаканняў чагосьцi добрага. I справа была нават не ў каронавiрусе, якi з далёкага Кiтаю няўмольна наблiжаўся да нашых краёў. Пагроза iнтэграцыi з Расiяй, усё большы эканамiчны i культурны заняпад, усведамленне безальтэрнатыўнасцi будучых прэзiдэнцкiх выбараў i ўсяго негатыўнага, чым яны звычайна сканчаюцца — здаецца, калi свет пачаў прыходзiць у жах ад пандэміі, беларусы толькi сумна пазяхнулi. Як у папулярным цяпер анекдоце, «вырашылi прайсцi 2020 год на ўзроўнi падвышанай складанасцi».

За апошнюю чвэрць стагоддзя мы так часта прызвычайвалiся да чагосьцi жахлiвага, што, здавалася, гэтае замкнёнае кола ўжо не разамкнецца. А яшчэ мы думалi, што тых, каму не ўсё роўна, менш i менш, i сiлаў нават проста працягваць жыць у нас таксама ўсё менш. Што большасць краiны сцерпіць усё, што эмiгранты забылi i слова «Беларусь», што наш карабель, хоць i няскораны i са сцягам, прыбiтым да мачты, але ўсё ж iдзе на дно, як у вершы Караткевiча. Словам, цалкам характэрны для канца зiмы дэпрэсiўны настрой у маштабах цэлай краiны. Закрытыя суседзямi межы, адкрыццё АЭС, вiдавочная няздольнасць апазiцыйных палiтычных партый хоць за нешта пазмагацца ў выбарчай кампанii, татальная хлусня i нядбайнасць уладаў наконт новай хваробы не дадалi аптымiзма.

А яшчэ мы, як заўжды, падзялiлiся: кавiд-панiкёры i кавiд-дысiдэнты, байкот цi ўдзел у выбарах, супраць Лукашэнкi цi супраць Расii хоць нават поплеч з Лукашэнкам... Мы схавалiся на самаiзаляцыю ад хваробы, але нiяк не маглi схавацца ад цяжкiх чаканняў таго, што наперадзе толькi цемра.

Цi маглi мы тады падумаць, што...

Цяперашняе: працяг

...Што гэта i ёсць канец летаргiчнага сна, калi арганiзм мусiць альбо памерцi, альбо выйсцi з комы. Момант абсалютнай цемры i момант феерверка ва ўсё начное неба адрознiваюцца адным імгненнем Менавiта такiм для нас стаў 2020 год: феерверкам, што выбухнуў небяспечна блiзка, страшным i чароўным адначасова.

Усведамленне, што ўлада не дасць рады з эпiдэмiяй i ратаваць сябе мы павiнны самi, прывяло да ўзнiкнення iнiцыятывы BYCOVID: людзi папросту сталi самастойна дапамагаць медыкам грашыма, ежай, сродкамi абароны. А ўсе арганiзацыi, якiя дбалi пра сваiх супрацоўнiкаў i клiентаў, хутка перайшлi на працу выдалена.

Паралельна з такой актыўнасцю грамадства стала абуджацца палiтычная сфера, зусiм новыя асобы з’явiлiся ў шэрагах кандыдатаў. Перадусiм народны блогер Сяргей Цiханоўскi, якiх разварушыў людзей сваiмi эпатажнымi акцыямi, чалавек з сiстэмы Валер Цапкала, якi дадаў сур'ёзнасцi ў даўно ўжо бутафорскую кампанiю, i мэнэджар ды мецэнат Вiктар Бабарыка, у якiм пабачыла сапраўдную надзею беспрэцэдэнтна вялiкая колькасць людзей.

А далей адбывалася нешта абсалютна фантастычнае. Проста адзiн асобны чалавек вырашыў зрабiць штосьцi, адзiн маленькi крок у знак свайго пратэсту супраць гэтай абрыдлай улады i яе людажэрства. Маленькае дзеянне персанальнага змагання, якое, можа, i не паўплывае нi на што ў вялiкiх маштабах i будзе толькi праявай сумлення: запiсацца ў IГ альтэрнатыўнага кандыдата, паставiць за яго подпiс. Проста раптам аказалася, што такiх людзей — акiян. Што гэтыя людзi — усе мы, беларусы.

Iнiцыятыўная група Бабарыкi сабрала рэкордную колькасць людзей — больш за 9000. Чэргi на подпiс за Цiханоўскага расцягнулiся на кiламетры. Нарэшце, сотнi тысяч сабраных подпiсаў — за Цапкалу i Бабарыку, а па сутнасцi, супраць Лукашэнкi — у некалькi разоў перавышалi гэтыя ж паказнiкi апазiцыйных кандыдатаў на мiнулых выбарах.

Як кажуць, запахла смажаным. Улады адрэагавалi жорстка: гэтыя кандыдаты былi знятыя з кампанii, два з iх аказалiся за кратамi, пайшла хваля пасадак i рэпрэсiй. I зноў выбух феерверка: на месцы кожнага з кандыдатаў паўстала жанчына, тры моцных штаба аб’ядналiся вакол Святланы Цiханоўскай, а беларусы сталi ў ланцугi салiдарнасцi. У лiпенi Мiнск загуў клаксонамi машын, i гэтая музыка не сцiхала некалькi месяцаў.

Тры штаба аб'ядналіся ў асобах іх прадстаўніц: Веранікі Цапкала, Святланы Ціханоўскай і Марыі Калеснікавай, і заклікалі ўсіх галасаваць за Святлану Ціханоўскую

З наблiжэннем дня Х — 9 жнiўня — нарастала i напружанне, усе разумелi, што будзе цяжка i страшна. I ўладам, i народу. А таму кожны рыхтаваўся па-свойму. I беларускi народ гэтак жа, як з дапамогай медыкам, вырашыў самастойна даць рады з выбарамi. Масавы прыход на пiкеты Цiханоўскай, масавы запiс у камiсii i назiральнiкi, масавая падача скаргаў на неўключэнне ў камiсii i забарону назiраць, масавае галасаванне ў асноўны дзень. Улада палохала гвалтам — народ палохаў колькасцю. А яшчэ крэатывам: была распрацавана сiстэма «Голас» для празрыстага падлiку бюлетэняў, мы надзелі белыя стужкi на рукi i склалi бюлетэнi гармонiкам, каб паказаць i самiм сабе, i нашым ворагам, як нас шмат.

Гвалт, якi адбыўся пасля выбараў, уразiў яшчэ больш людзей. Але беларусы не спалохалiся нават нягледзячы на забойствы i цяжкiя раненнi першых пратэстоўцаў. Жанчыны з белымi кветкамi ўсталi ўздоўж дарог, святары ўсiх канфесiй выйшлi на супольныя малiтвы, заводы пачалi баставаць, неабыякавыя людзi разбiлi пад турэмнымi сценамi лагер для дапамогi затрыманым. I тыя, хто быў за межамі краіны, i тыя, хто ў краіне, сабралi рэкордную колькасць сродкаў для пацярпелых. Самыя масавыя ў гiсторыi Беларусi вулiчныя пратэсты паклалi пачатак штонядзельным маршам, якiя доўжацца ўжо чатыры месяцы. А мiрны i арганiзаваны характар нашых акцый прыцягнуў да нас увагу ўсяго света.

Мы пабачылi, што ёсць адно ў аднаго, i гэтыя веды не адкруцiць назад. Самае галоўнае, што цяпер мы маем — гэта самаадданасць і самаарганізацыя. Кожны дзень гэтае ўсведамленне дапамагае нам змагацца далей, не складаць рукi.

Будучыня: канец? Не, новы пачатак

У 2021 год мы, беларусы, уваходзiм Нацыяй герояў, славутых на цэлы свет. Далёка цi блiзка перамога — гэта, канешне, важна, але галоўнае цяпер у тым, што яна неадменная. Як новы год, што змяняе папярэднi, як час пасля зiмовага сонцастаяння, калi днi пачынаюць пакрысе падаўжацца. Мы сталi такiмi моцнымi, спагадлiвымi, салiдарнымi i ўважлiвымi адзiн да аднаго, што самi не можам паверыць. Мы знаходзiлi адно аднаго на пратэставых маршах, у валанцёрскiх iнiцыятывах, у кватэрах, дзе хавалiся ад хапуноў: новых знаёмых, супрацоўнiкаў, сяброў, каханых. Нашы дзецi вырастуць з найяскравейшымi ўспамiнамi: нават самыя маленькiя сёння ўжо сапраўдныя змагары. Нашы асабiстыя, прафесiйныя веды i ўменнi ўзраслi ў некалькi разоў, калi ў гэтых выпрабаваннях нам трэба было ратаваць свае праекты i бiзнес-справы, дапамагаць найбольш уразлiвым, абараняць i падтрымлiваць затрыманых сяброў, а яшчэ i крэатывiць, выдумляючы новыя формы супрацiву. Пакуль яшчэ ў кiпцюрах рэжыма, але мы ўсё ж будуем паралельнае яму грамадства: самаарганiзоўваемся на ўзроўнi двароў, распрацоўваем новыя праекты, якiя дапамогуць пабудаваць вольнае грамадства, эфектыўную эканоміку і сапраўды незалежную краіну.

Два страшных ворага былi ў нас у 2020-м годзе: сама смерць у выглядзе каронавiруса i само зло ў выглядзе Лукашэнкi i яго прыхiльнiкаў. I абодвум мы супрацьстаялi годна i мужна. Беларусь страціла адважных людзей, для якіх барацьба каштавала жыцця: Аляксандр Тарайкоўскі, Аляксандр Віхор, Генадзь Шутаў, Мікіта Крыўцоў, Канстанцін Шышмакоў, Аляксандр Будніцкі, Раман Бандарэнка. І мы будзем памятаць пра іх, дабівацца справядлівасці і ўшанавання, а таксама вызвалення ўсіх, хто зараз за кратамі ці ў выгнанні.

А што Беларусь набыла? Нацыю, якая ўсвядоміла сябе моцнай і самастойнай. Толькі ў часы вялікіх выпрабаванняў можа нарадзіцца і вялікая здольнасць супрацьстаяць гэтым выпрабаванням. Таму наўрад ці беларусы змогуць пагадзіцца з астатнім светам наконт «самага жахлівага году ў найноўшай гісторыі». Яны хіба іранічна пазяхнуць ды пойдуць далей: вучыцца, працаваць, валанцёрыць, партызаніць, маршыраваць, падтрымліваць адно аднаго і не здавацца.

Давайце добра адзначым святочны час, бо нам ёсць што святкаваць сёлета: мы ўсе сталі героямі. Давайце павіншуем лістамі і паштоўкамі тых, хто за кратамі. Давайце яшчэ раз узгадаем тых, хто ў лепшым свеце, і паабяцаем ім дайсці да перамогі. Давайце і далей не спыняцца будаваць новую лепшую краіну, мы ўжо пачалі гэта рабіць, і засталося зусім крыху. Давайце падзякуем 2020-му году за тое, якімі ён нас зрабіў.

Жыве Беларусь!

Кацярына Шуст, «Новы Час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]