Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Каго страціла Беларусь у 2020 годзе

30.12.2020 общество
Каго страціла Беларусь у 2020 годзе

Светлая памяць.

Адыходны вісакосны год быў перыядам значных стратаў для беларускай зямлі.

На Беларусь абрынуліся дзве жудасныя хвалі – адна пандэміі, якая забрала жыцці мноства людзей, іншая – рэпрэсіўная, у выніку якой загінулі мірныя людзі.

Беларускае «Радыё Рацыя» пастаралася прыпомніць тых асобаў, якія сталі ахвярамі тэрору і тых вядомых людзей, якія пакінулі значны пазітыўны след у грамадскім руху і гісторыі нашай краіны.

4 студзеня памёр Віктар Рабушка, сакратар Управы Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ і БНФ «Адраджэнне».

5 лютага ў Менску памёр Барыс Луцэнка, беларускі тэатральны рэжысёр.

21 лютага ў Варшаве памёр Дзмітрый Шатыловіч, беларускі паэт, перакладнік, заслужаны дзеяч культуры Польшчы, ганаровы сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Нараджэнец Чаромхі (Гайнаўскі павет).

25 лютага ў Менску памёр Эдуард Дубянецкі, беларускі пісьменнік, гісторык

4 сакавіка памерла Надзея Дземідовіч, удзельніца беларускага нацыянальнага супраціву, сябра СБМ, палітзняволеная ГУЛАГу, удзельніца Кенгірскага паўстаньня 1954 г., мемуарыстка.

17 сакавіка ў Менску памёр Барыс Дуброўскі, беларускі грамадскі актывіст, абаронца Курапатаў.

24 сакавіка ў Гародні памёр Павал Сцяцко, беларускі мовазнавец і педагог.

24 сакавіка памёр Пятро Лысенка, беларускі археолаг.

31 сакавіка ў Віцебску памёр Віктар Дашкевіч, заслужаны артыст Беларусі, акцёр Віцебскага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

2 красавіка памёр Андрэй Скуратовіч, беларускі актывіст, які выкупляў і вяртаў з Расеі старыя беларускія фільмы.

9 красавіка ў Сувалках памёр Анджэй Струміла, польскі мастак і скульптар беларускага паходжання.

11 красавіка ў Пінску памёр Васіль Мацкевіч, беларускі журналіст, актывіст ТБМ.

У красавіку памёр Аляксей Бруй, настаўнік, гісторык, дыякан евангельскай царквы ў Гарадзеі.

17 красавіка ў Віцебску памёр Аляксандр Мікулін, праваабаронца, ліквідатар на ЧАЭС, сябра БСДП.

25 красавіка памерла Паўліна Сурвіла, сябра Рады БНР, выканаўчы дырэктар Цэнтра беларускіх даследаванняў у Канзасе, першай акадэмічнай установы ў ЗША, якая займаецца вывучэннем выключна Беларусі.

28 красавіка памёр Анатоль Парэмбскі, паэт, песняр Гарадоцкай зямлі.

4 траўня ва Ўкраіне памёр Пятрусь Капчык, актыўны сябра ЗБС “Бацькаўшчына”, з 1985 года нязменна ўзначальваў суполку беларускай культуры “Зорка Венера” у Ізяславе (Украіна).

17 траўня ў Менску памёр Юрый Зісер, заснавальнік партала TUT.BY, хостынг-правайдара hoster.by, прадпрымальнік, грамадскі дзеяч, мецэнат.

27 траўня памёр Міхась Міцкевіч, доктар тэхнічных навук у галіне апрацоўкі металаў, сын Якуба Коласа.

27 траўня памерла Ірына Мозылева, беларуска-амерыканская оперная спявачка (сапрана).

7 чэрвеня ў Менску памёр Уладзімір Басалыга, беларускі мастак-графік.

8 чэрвеня ў Лідзе памёр Алесь Стадуб, беларускі паэт, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

23 чэрвеня на Падляшшы памёр Багдан Дудко, паэт, журналіст і аніматар культуры.

17 ліпеня ў вёсцы Селішча (Аршанскі раён) памёр Юры Нагорны, беларускі грамадска-палітычны актывіст, настаўнік, старшыня Аршанскай суполкі ТБМ.

2 жніўня ў Менску памёр Лявон Грышук, беларускі мастак, сябра творчай суполкі “Пагоня”.

У ноч на 10 жніўня ў Менску выстралам забіты Аляксандр Тарайкоўскі, удзельнік мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў.

12 жніўня ў Гомелі пасля затрымання сілавікамі на мірнай акцыі пратэсту памёр Аляксандр Віхор.

15 жніўня ў Ваўкавыску знік 29-гадовы Канстанцін Шышмакоў, дырэктар мясцовага ваенна-гістарычнага музея імя Баграціёна, які адмовіўся падпісваць пратакол на выбарчым участку. Праз 12 дзён знойдзены мёртвым у рацэ.

17 жніўня ў Наваполацку памерла Алена Ніякоўская, беларуская літаратуразнаўца, гісторык культуры, педагог.

18 жніўня ў шпіталі міністэрства абароны ад ранення памёр Генадзь Шутаў, быў смяротна паранены 11 жніўня ў Берасці ў час мірнай акцыі пратэсту.

22 жніўня ў Менску знойдзены павешаным Мікіта Крыўцоў, прапаўшы па дарозе на працу 12 жніўня. Раней ён удзельнічаў у мірнай акцыі пратэсту ў Маладэчне.

23 верасня ў Менску памёр Эдуард Агуновіч, беларускі мастак, сябра творчай суполкі “Пагоня”.

У пачатку кастрычніка ў ЗША памёр Барыс Клейн, беларускі гісторык.

10 кастрычніка ў Менску памёр Валерый Шчукін, беларускі праваабаронца і дысідэнт.

12 кастрычніка ў Гародні памёр Юрка Голуб, беларускі паэт.

20 кастрычніка ў Гомелі памёр Юрый Варонежцаў, беларускі навуковец і грамадска-палітычны дзеяч.

22 кастрычніка ў Беластоку памёр Віктар Швед, беларускі паэт, перакладнік, грамадскі дзеяч.

У пачатку лістапада ў Пінску памёр Аляксандр Ільін, беларуска-украінскі краязнавец, даследнік Палесся.

4 лістапада памёр Аляксей Хвосцік, беларускі праваабаронца з Маладэчна.

5 лістапада ў Гародні памерла Таццяна Маліноўская, беларуская грамадска-культурная дзяячка.

12 лістапада ў Менску ў рэанімацыі пасля збівання памёр Раман Бандарэнка. Раней ён выйшаў выказаць сваё абурэнне невядомымі, што зразалі бел-чырвона-белыя стужачкі і быў імі жорстка збіты.

18 лістапада памёр Валерый Шкаруба, беларускі мастак. 22 лістапада памёр Валер Санько, беларускі пісьменнік і краязнавец.

6 снежня памёр Валерый Вінакураў, беларускі геолаг, адзін з галоўных стваральнікаў музею валуноў у Менску.

11 снежня ў Гародні памёр Аляксандр Місцюкевіч, беларускі грамадскі актывіст, значны час старшыня Гарадзенскай абласной арагнізацыі ТБМ імя Скарыны.

27 cнежня ў Менску памёр Леанід Заіка, беларускі эканаміст.

Светлая памяць людзям, якія працавалі і тварылі на карысць Беларусі, змагаліся за праўду і вольнасць…

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]