Дом - гэта месца, дзе цэняць і любяць усіх і кожнага: і тых, хто хоча перамен, і тых, хто яшчэ сумняваецца.
Аб гэтым расказала экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская у сваім віншаванні з Новым гадом беларускаму народу.
«Ужо шмат разоў было сказана, што 2020 быў складаным. Багатым на цяжкасці і турботы для ўсяго свету, але асабліва для Беларусі. І гэта так. Аднак год таксама падараваў нам шмат надзеі і натхнення. У гэтым годзе многае змянілася, але галоўная змена - гэта мы самi», - сказала Ціханоўская.
Асобную увагу яна надала таму, як беларусы аб'ядналіся на працягу 2020-га года: ад дапамогі медыкам да сумесных пратэстаў.
Ціханоўская падкрэсліла той факт, што розныя беларусы зараз змагаюцца за адну мэту: і студэнты, і пенсіянеры, і журналісты, і рабочыя і г.д. Галоўнае, па яе словах, тое, што «мы ідзем разам».
«Наш шлях адвечны: мы ж выйшлі са сваіх дамоў, каб вярнуцца дадому. Кожны з нас выйшаў, каб усе мы вярнулі сабе наш агульны дом, - сказала палітык. - Таму што дом - гэта месца, дзе мы - гаспадары. Дом - гэта месца, дзе жыве народ, а не народзец. Гэта месца, дзе мы і нашыя родныя ў бяспецы, адкуль не хочацца з’язжаць і куды хочацца вяртацца. Дом - гэта месца, дзе цэняць і любяць усіх і кожнага: і тых, хто хоча перамен, і тых, хто яшчэ сумняваецца. Гэта месца сустрэчы і паразумення. Дом - гэта месца, якое мы заслужылі».
У сваім віншаванні Ціханоўская пажадала ўсім жыць разам у сваім доме - у свабоднай Беларусі.
«Жадаю нам заставацца такімі ж шчырымі, адкрытымі і неймавернымі. Жадаю нам яшчэ больш моцы, нашым родным - здароўя, нашым сэрцам - супакою і веры. Жадаю, каб у Новым годзе ўсе, каго нам так не хапае, вярнуліся дадому», - сказала Ціханоўская.