Мітрапаліт Менска-Магілёўскі адзначыць юбілей службай у менскай архікатэдры.
3 студзеня мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч адзначаць сваё 75-годзьдзе.
Як удакладняецца на сайце Сatholic.by, уласна сьвяткаваньне юбілею пераносіцца на пазьнейшы час у зьвязку з каранавірусам, аднак у гэты дзень у менскай архікатэдры Найсьвяцейшага Імя Марыі арцыбіскуп будзе цэлебраваць Імшу (аб 11.30 і 13.00).
«Час няўмольна ідзе наперад і 3 студзеня, калі Бог дазволіць, буду адзначаць юбілей 75-годзьдзя, — гаворыцца ў звароце Тадэвуша Кандрусевіча да вернікаў. — Знаходзячыся за мяжой і ня будучы ўпэўнены ў тым, калі вярнуся, загадзя не плянаваў адмысловых урачыстасьцяў. Свае карэктывы ўносіць таксама і пандэмія каранавірусу. У сувязі з гэтым юбілейныя ўрачыстасьці пераносяцца на пазьнейшы і больш прыдатны час».
24 сьнежня Тадэвуш Кандрусевіч змог вярнуцца ў Беларусь пасьля чатырох месяцаў выгнаньня — улады абвінавацілі яго ў тым, што ён нібыта езьдзіць у Польшчу «па інструкцыі». Таксама вялася праверка, колькі насамрэч у мітрапаліта грамадзянстваў.
Толькі пасьля ўмяшаньня Ватыкану кіраўніцтва Беларусі дазволіла Тадэвушу Кандрусевічу вярнуцца на радзіму.