Казімір Велікаселец – найстарэйшы іерарх сучаснага Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі.
Апостальскім адміністратарам на мітрапаліцкую катэдру Папа Рымскі Францішак прызначыў біскупа Казіміра Велікасельца. Біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец – найстарэйшы іерарх сучаснага Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі, перадае «Белсат».
Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец апошнія гады служыць у Гомлі. 5 траўня яму споўнілася 75 гадоў, але Папа Францішак дазволіў біскупу Казіміру выконваць свае функцыі яшчэ два гады.
Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 траўня 1945 года ў вёсцы Стараволя Пружанскага раёну на Берасцейшчыне. Ягоныя бацькі – звычайныя сяляне – былі вернікамі і з дзяцінства прывучалі сына да малітвы. Калі Казіміру было 10 гадоў, бацька адвёз яго роварам у найбліжэйшы касцёл у Кобрыне. Адлегласць ад дому да касцёлу складала ажно 60 кіламетраў. Таму бацька выехаў з сынам а 2-й гадзіне ночы, прыехалі ж на месца толькі а 8-й раніцы. Казімір Вялікаселец кажа, што добра памятае першую споведзь і камунію, як і дарогу да касцёлу і назад.
Пасля войска Казімір Велікаселец працаваў зваршчыкам на будаўніцтве ўнівермагу ў Вільні і прыходзіў у касцёл. Тады ён навучаўся ў падпольнай духоўнай семінарыі. У гэты час Казімір пазнаёміўся і пасябраваў з Тадэвушам Кандрусевічам, піша «Ватыканскае радыё». Першапачаткова біскуп хацеў стаць медыкам і нават падаў дакументы ў вучэльню, паколькі сумняваўся ў сваім пакліканні, але пасля вяртання ў Беларусь працягваў таемна рыхтавацца да паступлення ў семінарыю. У 1981 годзе яго прынялі ў Рыжскую семінарыю на трэці курс.
У 1992 годзе Казіміра Велікасельца прызначылі генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, у 1999 годзе атрымаў біскупскую сакру.
Казімір Велікаселец за час свайго служэння пабудаваў чатыры касцёлы.