Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Віншаванне архіепіскапа Арцемія з нагоды свята Хрыстовага нараджэння

06.01.2021 общество
Віншаванне архіепіскапа Арцемія з нагоды свята Хрыстовага нараджэння

Праваслаўныя вернікі адзначаюць Божае Нараджэнне.

«Радыё Рацыя» публiкуе віншаванне архіепіскапа Арцемія з нагоды свята Хрыстовага нараджэння.

ВЫСОКАПРААСВЯШЧЭННЕЙШАГА АРЦЕМІЯ,

АРХІЕПІСКАПА ГРОДЗЕНСКАГА І ВАЎКАВЫСКАГА,

З НАГОДЫ СВЯТА ХРЫСТОВАГА НАРАДЖЭННЯ

Сардэчна вітаю ўсіх вас і ад усёй душы віншую са святам Хрыстовага Нараджэння! Мы зноў становімся перад абліччам вялікай таямніцы Богаўцялеснення, калі абяцаны старажытнаму народу Месія прыходзіць у свет як Сын Божы, Які стаў Сынам Чалавечым. Сам Бог ва ўсёй Сваёй Боскай велічы вырашыў як Чалавек пражыць наша чалавечае жыццё і як Чалавек увайсці і ў нашу чалавечую смерць. Каб апынуцца там, у гэтым пекле, і, здзейсніўшы над ім Сваю Пасхальную перамогу, адкрыць чалавеку шлях да збаўлення і жыцця вечнага.

Такі выбар Бога – зрабіць крок да чалавека, увайсці ў яго знявечаны лёс і прапанаваць яму Збаўленне праз Сваю Любоў і Свой Крыж. А выбар чалавека – прыняць і адгукнуцца, адкрыць у сабе веру і любоў або застацца безуважным, халодным, нячулым.

Мы жывём у свеце, дзе існуе шмат супярэчнасцяў. Але сапраўднае вырашэнне гэтых праблем, сямейных, грамадскіх, нават царкоўных, існуе толькі ў Хрысце. Яны вырашаюцца тады, калі краевугольным каменем усяго становіцца Хрыстос.

Ці атрымліваецца ў нас, сучасных хрысціянаў, слухацца гэтага закліку? Ці ён даўно адхілены намі і адсунуты на перыферыю нашага жыцця? Ці гатовыя мы служыць Богу і Яго праўдзе, або пры першым жа сутыкненні са светам, “які ляжыць у зле”, мы становімся на шлях канфармізму і лаяльнасці граху і крывадушнасці?

Даводзіцца нярэдка чуць: “Ну, дзе ж той Бог? Куды ж Ён глядзіць? Чаму няма справядлівасці?” Дык вось, адказ на гэта пытанне і даецца нам у падзеі Хрыстовага Нараджэння. Дакладней, у тым, якую ролю ў ім адыгралі менавіта людзі.

Бог прыходзіць у свет у якасці кволага, безабароннага Немаўляці. Збаўленне ў гэты свет прыходзіць ад Бога, але Бог настолькі давярае чалавеку, што аддае Сябе ў яго рукі. І вось у гэтым выдатным супрацоўніцтве Бога і чалавека заключаецца сэнс збаўлення. І толькі тое, што кожны чалавек змог верыць і любіць больш, чым сумнявацца і баяцца, паспрыяла набліжэнню Бога да чалавека, сцвярджэнню праўды, умацаванню любові і аднаўленню справядлівасці. На працягу чалавечай гісторыі Хрыстос дзейнічае гэтаксама: чакае нашай любові, мужнасці, сумленнасці. Чакае ад нас адказнага выбару і ўчынкаў паводле сумлення. І калі мы робім так, Ён зноў уцелясняецца ў вузкіх пячорах нашых сэрцаў. Робячы нас “людзьмі добрай волі” і даруючы “зямлі мір”! Ён з намі, калі мы – з Ім!

Вось шлях, па якім нам усім трэба ісці насустрач Хрыстоваму Нараджэнню! Не будзем чакаць, пакуль хтосьці замест нас зробіць наш выбар і прынясе Хрысту нашы дары. Не будзем баяцца прызнаць у сыне Дзевы – Сына Божага і паслужым Яму, здзяйсняючы ўчынкі праўды! І тады, са слоў апостала, у “сэрцах нашых стане валадарыць мір Божы, да якога мы і пакліканы” (Кал. ІІІ, 15). І ў гэтым міры няхай будзем усе мы! Са святам, з Хрыстовым Нараджэннем!

+АРЦЕМІЙ,

архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі

Нараджэнне Хрыстова

2020/2021 год

г. Гродна

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]