Ні спаць, ні дыхаць, ні жыць мы акупантам не дамо.
На пачатку новага года ў Першамайскім раённым судзе Мінска быў асуджаны 84-гадовы Ян Грыб – знакавая асоба сталічных вулічных шэсцяў. Яго ведаюць у твар не толькі тысячы пратэстоўцаў, але і сілавікі, сярод якіх неўтаймоўны пенсіянер праводзіць выхаваўчую працу. І часам – даволі паспяхова… Як яму гэта ўдаецца, Ян Грыб расказаў у рэдакцыі "Народнай Волі".
– Спадар Ян, вельмі своеасабліва "павіншавала" вас дзяржава з Калядамі – вялізным штрафам. Судзілі і штрафавалі вас не ўпершыню, за што гэтым разам?
– За акцыю пенсіянераў, што адбылася 4 студзеня. У гэты дзень мы, чалавек 300 бабулек і дзядулек, сабраліся на станцыі метро "Усход". Сталі ў ланцуг уздоўж праспекта Незалежнасці з бел-чырвона-белымі сцягамі, скандзіравалі "Жыве Беларусь!", "Лукашэнку ў аўтазак!", "Верым, можам, пераможам!". Пастаялі, праўда, нядоўга. Хвілін праз 15 пад’ехалі два бусікі, нас пачалі здымаць на відэа. І я ў кадр трапіў – са сцягам, маска на барадзе, каб не перашкаджала крычаць… Назаўтра мяне каля пад’езда перастрэлі двое міліцыянтаў. Культурна так: "Гриб Иван Иванович? Здравствуйте! Наш начальник хочет с вами переговорить". Я патлумачыў, што вывеў свайго сабачку Сасіску на прагулку. "Так мы с вами его прогуляем". І пайшлі мы ўтраіх выгульваць.
– Міліцыянты разам з вамі выгульвалі Сасіску?
– Цэлую гадзіну! І ўвесь гэты час я з імі размаўляў. І па дарозе ў Першамайскі РУУС размаўляў. Дыпламатычна так: "Вы маладыя, сімпатычныя, разумныя, мяркуючы па вашых тварах, людзі. Мы да міліцыі ставімся станоўча, ведаем, што вас таксама пасылаюць на разгоны нашых акцый. Дык вы не запэцкайцеся, не зганьбуйце сябе – не біце людзей. Ведайце, што гэту чорную банду забойцаў чакае суд".
– І вашы суправаджальнікі ўсё гэта слухалі? Вам рота ці сабе вушэй не затыкалі?
– Слухалі, як мне падалося, з цікавасцю. У РУУСе афіцэры таксама сустрэлі ветліва: "О, сам Іван Іванавіч Грыб! Спадар Ян, мы ж вас ведаем. А ваша сяброўка Ніна Багінская была з вамі на акцыі?" Я і з афіцэрамі пра тое самае паразмаўляў. Праўда, прызнаўся, што стаяў са сцягам, скандзіраваў. Склалі акт, які я не падпісаў. Усё роўна мяне адразу павезлі ў суд Першамайскага раёна. Суддзя Максім Трусевіч пачаў нагадваць мне пра мае правы. А не было ні сведак, ні адваката… Дык я спыніў суддзю: "Замаўчыце, калі ласка". Ён здзіўлена глянуў на мяне. Я прадоўжыў: "Мне ваша судовая кухня добра знаёмая. У вас цяпер не суды, а цырк на дроце. Вашы калегі, у каго хапіла розуму і сумлення, сышлі ў адстаўку. А вы сабраліся ў пажылога чалавека, інваліда другой групы, забраць апошнюю капейку, каб уладзе было за што карміць чорную банду забойцаў. У вас, відаць, ужо і прысуд гатовы, таму прашу – рабіце сваю справу без мяне". Суддзя сказаў пачакаць у калідоры. Праз 15 хвілін выйшаў міліцыянт: "Вам 40 базавых".
– Гэта ажно 1160 рублёў. Колькі вашых пенсій?
– Трохі болей за дзве. Тыя самыя міліцыянты, што прывезлі, вывелі мяне на вуліцу, я яшчэ з імі пагаварыў. І на развітанне адзін з іх сказаў: "Спадар Ян, мы вельмі рады з вамі пазнаёміцца". А другі, адыходзячы, павярнуўся і нягучна сказаў: "Жыве Беларусь".
– Вы не жартуеце?
– Не. Так і сказаў.
– То хай бы начальнік Першамайскага РУУС падпалкоўнік Андрэй Бакач выпісаў прэміі сваім падначаленым – "за арганізацыю выхаваўчых гутарак з Янам Грыбам".
– Ну, гэта наўрад ці. Але ж нейкую станоўчую працу я ў той дзень сапраўды зрабіў.
– Як думаеце штраф выплачваць?
– Мне гэтымі днямі сыплюцца званкі па тэлефоне ад сяброў, знаёмых і незнаёмых: "Спадар Ян, як вам дапамагчы? Куды пералічыць грошы?" І я ўсім тлумачу, што пералічваць грошы праз банк не трэба. Бо ўлады з любога рахунка іх могуць зняць. У мяне ўжо былі падобныя выпадкі, нават да рахунка дачкі дабраліся. Таму абыдземся без банкаў. Але я спачатку падам апеляцыю, каб пацягнуць час.
– А як ставяцца вашы хатнія да гэтых прысудаў і штрафаў?
– Мае хатнія – дзве дачкі, два зяці, дзве ўнучкі і сабачка Сасіска – мае аднадумцы, яны ва ўсім мяне падтрымліваюць. У нас дома жалезнае правіла – размаўляем толькі на роднай беларускай мове. Калі да нас прыходзяць перапісчыкі ці яшчэ хто і з парога прадстаўляюцца: "Здравствуйте, мы такие-то", – то дочкі і ўнучкі перапыняюць: "Мы не карыстаемся рускай мовай, навучыцеся размаўляць па-беларуску, тады прыходзьце, да пабачэння". Вось такая ў мяне сям’я.
– А колькі разоў вас увогуле затрымлівалі?
– Ой, многа, нават цяжка падлічыць. У мяне паперак з судоў – цэлы поліэтыленавы пакет. Я іх захоўваю, каб у новай Беларусі прад’явіць справядліваму суду, які будзе судзіць тых, хто нас штрафаваў і за краты адпраўляў.
– Скажыце, спадар Ян, а сілавікі да вас заўсёды з такой павагай ставяцца?
– Рознае бывала, асабліва раней. А цяпер сапраўды неяк падабрэлі. Вось нядаўна ў нас у Курасоўшчыне праходзіла чарговая раённая акцыя. Чалавек 200 сабралася, ішлі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Пад’ехалі бусікі з двух бакоў, падскочылі "чарнамордыя" да мяне і адразу: "А почему у вас маска такая?" (Бел-чырвона-белая). Я кажу: "Хлопцы, я ж вам не прад’яўляю прэтэнзій, што ў вас чорныя маскі, хоць яны мне не падабаюцца". Ну, яны мяне пад рукі і валакуць у аўтазак. Але афіцэр, мусіць, мяне пазнаў, загадаў: "Этого деда отпустить". А дзвюх бабулек (адна была з сабачкам) на маіх вачах забралі… Размаўляць можна з афіцэрамі, а многія іхнія падначаленыя – нягоднікі замбіраваныя, яны і двух слоў звязаць не могуць.
– І не з усімі афіцэрамі надта пагаворыш. Помніце, як палкоўнік Карпянкоў асабіста па дварах за пратэстоўцамі бегаў?
– Мне, відаць, шанцуе на "вменяемых". Вось і 31 снежня пашанцавала – мы, чалавек 500 пенсіянераў, каля елкі на плошчы Незалежнасці сабраліся. І тут прыехала цэлая калона аўтобусаў з сілавікамі. Я ім казаў: "Хлопцы, як вам не сорамна – на 500 пажылых людзей 1500 амапаўцаў?!" А яны ланцугом ачапілі ўсю плошчу і пачалі цясніць нас да аўтобусаў. І мы – бабулькі з дзядулькамі – сталі ў сшчэпку. Нас расцягвалі па адным, а мы, як маглі, упіраліся. Я з адным камандзірам тады сур’ёзна пагаварыў: "Вы ж афіцэр! Вы ж разумны чалавек!" (Я б’ю на тое, што яны разумныя, ім гэта падабаецца.) Кажу: "Я прыйшоў не так на акцыю, як у Чырвоны касцёл, каб памаліцца за вашы душы, каб вы сталі людзьмі!" Ён слухаў-слухаў і ўзяў мяне пад руку: "Давайце я вас правяду ў касцёл". Я хацеў яшчэ старшыню незалежнага прафсаюза пенсіянераў "Наша пакаленне" Таццяну Зялко з сабой прыхапіць, але яе ад мяне адарвалі і павезлі ў пастарунак. Там на ўсіх затрыманых склалі пратаколы, а потым аштрафавалі.
– Вы не першы год выходзіце на акцыі пратэсту, так бы мовіць, хадок з вялікім стажам. Сілавікі два-тры гады таму і сённяшнія вельмі адрозніваюцца?
– Раней у іх паводзінах не было такой лютасці. У цяперашніх, часам здаецца, ужо нічога чалавечага за душой не засталося. У іх вочы проста страшна глядзець – там абсалютная пустата… У іх на ўсё адзін адказ: "У нас загад". Я ім стараюся ўталкаваць, што ў Нюрнбергу такі адказ нікога са злачынцаў не выратаваў. Так і іх не выратуе.
– Пасля летніх і восеньскіх масавых маршаў пратэстны градус відавочна знізіўся. Які сэнс вам бачыцца ў лакальных нешматлікіх акцыях у сталічных раёнах? Скажам, у вашай Курасоўшчыне.
– Тут такая справа. Неяк я бачыў у адным фільме пра беларускіх партызан, як іхні камандзір выступаў у лесе і гаварыў: "Ні спаць, ні дыхаць, ні жыць мы акупантам не дамо!" Вось так і мы павінны не даваць спакою гэтаму антыбеларускаму рэжыму. І раённыя ці дваровыя акцыі якраз той спосаб. Каб чорная банда зразумела, што пратэсты народа не заціхнуць. А вясною, дасць Бог, набяруць новую сілу! Мы ў Курасоўшчыне амаль кожны дзень выходзім. І ў другіх раёнах таксама не сядзяць па хатах. Няхай нас няшмат, але мы – паўсюль. Гэта якраз у характары беларусаў. Наш пратэстны настрой ні ў якім разе не задушаны. Ён спее і ў патрэбны час, як магма з вулкана, выльецца і змяце гэты рэжым.
– Вы па прафесіі радыёфізік-электроншчык. Адкуль у вас зацікаўленне беларускай гісторыяй, мовай, хто вас зрабіў такім зацятым беларускім патрыётам?
– Я чалавек яшчэ даваенны, нарадзіўся ў 1936 годзе на Піншчыне (цяпер Ганцавіцкі раён). А Палессе заўсёды жыло сваім розумам, у палешукоў свой палескі менталітэт. Скажам, палескія партызаны змагаліся і супраць немцаў, і супраць бальшавікоў. І змаганне тое доўжылася ажно да 1954 года. Гісторыі з таго часу я чуў, калі быў яшчэ шмандэлкам (так у нас называлі хлопчыкаў-падлеткаў). Помню, маці расказвала, як два атрады НКВД прыехалі дадушваць партызанскі рух. Забайкальскія стралкі вузкавокія занялі некалькі вёсак. Забілі чатырох хлопцаў і паўголых вазілі па наваколлі – для апазнання і застрашвання. Народ глядзеў пахмурна. А праз некалькі дзён палешукі з дапамогай украінцаў абкружылі тыя вёскі – і ніводзін энкавэдэшнік жывым не ўцёк, усіх паклалі. Пра гэта я ў паэме "На сваёй зямлі напісаў". Вось адкуль мой характар, мая пазіцыя, маё непрыманне ўсяго антыбеларускага.
– На сваім лецішчы пад Дзяржынскам вы ладзіце розныя імпрэзы, адзначаеце гістарычныя даты. Туды сілавікі пакуль не дабраліся?
– Хай паспрабуюць знайсці – там жа лес кругом. А пачыналіся тыя імпрэзы як пашыраныя пасяджэнні рады ТБМ Кастрычніцкага раёна Мінска, якую я доўгі час узначальваю. Рада, дарэчы, носіць імя генерала Тадэвуша Касцюшкі – дзеля патрыятычнай ваяўнічасці. У мяне "на маёнтку" ў лесе ўсім месца хапае. Мы збіраемся спакойна, бо ведаем: там нас ніякі АМАП не знойдзе. Хіба з верталётаў… Улетку мы запрашаем на сустрэчы вядомых гісторыкаў, пісьменнікаў, спевакоў. Слухачоў, бывала, да 150 чалавек прыязджала. Адна з апошніх імпрэз – прэзентацыя кнігі народнай артысткі Зінаіды Бандарэнка "Мой шлях да Беларусі". У Мінску не ўдалося сабрацца – каранавірус. А ў мяне ў лесе з сацыяльнай дыстанцыяй праблем няма. Спадарыня Зінаіда – надзвычай прыемны чалавек, калі я чую яе голас, у мяне душа мякчэе.
– Я той "Шлях да Беларусі" якраз нядаўна прачытаў і ўсім рэкамендую. Зінаіда Бандарэнка таленавіта расказала гісторыю свайго неардынарнага жыцця. Запомнілася, як трапна на старонках кнігі схарактарызаваў аўтарку ў сваім вершаваным экспромце Анатоль Вярцінскі: "Што кажа Каран пра лёс жаночы? / А тут на ўвесь экран / – Зініны вочы. / Экран блакітны, / вочы сінія. / Голас Зінін. / Усмешка Зініна. / Фальшу ні грана. / Выраз бясцэнны. / Пані экрана. / Княгіня сцэны". На прэзентацыі кнігі, помніцца, хтосьці прапаноўваў вам разам са спадарыняй Зінаідай стварыць партыю пенсіянераў. Вы пра гэта не думалі?
– Па-першае, хто яе, тую партыю, дазволіць зарэгістраваць? Вунь незалежны прафсаюз пенсіянераў згаданая Таццяна Зялко дванаццаць гадоў спрабавала ўзаконіць. Дванаццаць! І нарэшце зарэгістравала. У Варшаве. Па-другое, як бы я ні харахорыўся, а 85-ы год дае пра сябе знаць. Тры гады таму я перанёс інфаркт, мне паставілі электракардыястымулятар.
– Вы пасля інфаркту і са стымулятарам у грудзях ходзіце на ўсе пратэстныя маршы і акцыі?
– І буду хадзіць! Пакуль беларускі народ не даможацца канчатковай перамогі над гэтым антыбеларускім рэжымам, які запляміў сябе крывёю ахвяр. Пакуль Бог дае мне сілы, буду выходзіць!
05.06.2026
Премьер Польши эмоционально поздравил теннисистку, которая выбила московитку в полуфинале «Ролан Гаррос»