Рэпартаж з мястэчка, дзе 30 гадоў таму вуліца Леніна стала вуліцай імя каталіцкага арцыбіскупа.
Трыццаць гадоў таму ў маленькім Адэльску, што на мяжы з Польшчай, назвалі вуліцу імем свайго земляка, тады яшчэ ня надта вядомага, а цяпер знакамітага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Дагэтуль падзел на сваіх і чужых тут выразны. Як жыве мястэчка пасьля выгнаньня і вяртаньня экс-галавы беларускіх каталікоў, — у рэпартажы «Радыё Свабода».
У памежным Адэльску ўсяго дзьве галоўныя вуліцы, што крыжам перасякаюць мястэчка, — Школьная і Кандрусевіча. Калі першая назва сустракаецца бадай што паўсюль у Беларусі, то другой няма больш нідзе. У цэнтры мястэчка — касьцёл, побач — помнікі Леніну і сьвятому Антонію. Апошні вынесены за плот касьцёла. Помнік сьвятому на сьвецкай тэрыторыі для Беларусі рэдкасьць.
Як ідзеш па вуліцы, цябе відаць, бы на далоні. У першыя сьвяточныя дні новага году людзей у мястэчку вобмаль. Але калі ты чужы, чакай, што да цябе неўзабаве прыедуць памежнікі — правераць пашпарт і мэту візыту. Як яны даведаліся — не сакрэт, спраўна працуе сарафаннае радыё. Падзел на сваіх і чужых тут адчуваецца, як нідзе. Амаль кожны стрэчны зазначыць, адсюль ён ці прыехаўшы.
«Кажды хоча на сваю зямлю»
Першая дзяўчына, якую сустракаем ранкам на бязьлюдных вуліцах, прызнаецца, што не мясцовая. Раіць зьвярнуцца да сваёй знаёмай Караліны, што была аднаклясьніцай Тадэвуша Кандрусевіча. Да яе потым «у бок канторы» (сельсавету) накіруюць і іншыя суразмоўцы. Спадарыня Караліна, штопраўды, не адчыняе.
Сьледам ідзе спрацаваны сталы мужчына. Гаворыць прыязна, але па-партызанску стрымана. «Іванам звалі», — прадстаўляецца ён.
«Чаму ня ведаю? Я ж мясцовы. Ён жа ў адстаўку пайшоў», — адказвае Іван на пытаньне пра Кандрусевіча.
Кажа, што людзі называюць свайго знакамітага земляка «маладзец». Дадае, што важна «паводзіць сябе акуратна» і што, як прыяжджае Кандрусевіч, да яго «прыходзіць людзей мора». Гісторыі зь перайменаваньнем вуліцы Іван ня ведае, але паказвае, як дайсьці да сіняга драўлянага дома, дзе вырас будучы мітрапаліт. Стаіць той дом на вуліцы Кандрусевіча.
Бацькі Тадэвуша Ігнацый і Ганна потым пераехалі адсюль у Горадню. Аднак і яны, і родная сястра арцыбіскупа Тэрэса, якая трагічна загінула, пахаваныя на могілках у Адэльску. Хату Кандрусевічаў набыў жыхар Адэльску Міхал, выкарыстоўвае як лецішча. Завітаць у госьці нельга — вісіць замок.
Далей па вуліцы мужчыны працуюць на падворку дома. Адзін кажа, што ў пашпарце ў яго была запісаная вуліца Леніна. Перайменавалі яе яшчэ ў 90-х.
«Усе перажываюць, няпросты чалавек. Да яго на імшы зьбіраецца вельмі многа людзей», — кажуць яны пра арцыбіскупа і накіроўваюць да старэйшай суседкі — пані Марысі.
Пані Марыся расказвае, што вуліцу перайменавалі, як Тадэвуш Кандрусевіч стаў біскупам (высьвяцілі яго на біскупа ў 1989 годзе. — РС). Займаліся гэтым Пясецкія з «жоўтага дома», сваякі арцыбіскупа.
«Ён наш. Ён наш зямляк. Ён тут быў у нас на „Тшы крулі“ (каталіцкае сьвята Трох каралёў. — РС). Як яго не пусьцілі, мы ўсе проста былі ў шоке. Мы ўсе мадліліса за яго, у касьцёле за яго мадліліса, каб тылька яго пусьцілі сюда», — эмацыйна расказвае пані Марыся на мяшанцы беларускай, польскай і расейскай моваў, якою гаворыць і большасьць адэльцаў.
«Ня мерзьні. Ідзі ў хату», — кліча яе муж, як гаворка заходзіць пра выгнаньне.
«Дваццаць чацьвертага ён імшу па целевізары меў. То, вы знаеце, як ён кажа, што як прапусьцілі мяне праз граніцу, я ўкленчыў на два калены, кажа, я ня знаў, у якім я састаяніі, кажа, я так нудзіўся, кажа, на асфальт укленчыў, я так плакала... А дзенькі Пану Богу, што ён, кажу, вярнуўся на сваю родзіну, патаму што ён адсюдава. Што ён там, тры месяцы ці там чатыры ён там быў... Але ён быў не на сваёй зямлі. Кажды хоча на сваю, там, дзе ён вырас і дзе ён выгадаваўся. Кажды хоча ўсэ так», — горача прамовіла пані Марыся.
Чаму мітрапаліта не пускалі ў Беларусь, пані Марыся ня ведае. Кажа, што ў палітыку яны ня лезуць, што ім усё роўна, што «ходзяць тыя, бела-чырвоныя флагі носяць», і што «пару разоў некалькі дурняў выйшла, трэба было ім гумы даць».
«Нам тылька, каб быў спакой і згода ў нашай краіне, і каб давалі нам пэнсію. І больш нам ніц ня нада, хто там прэзыдэнтам, чы там Лукашэнка, чы там хто. Нам якая разьніца? Нам глаўнае, каб быў спокуй», — падсумоўвае сваю пазыцыю жанчына.
Муж на ўсялякі выпадак паціху здымае нечаканых гасьцей на тэлефон — для памежнікаў.
«Мадліцца — адно, абмяркоўваць — іншае»
Вуліцы ў Адэльску падпісваюць ня толькі на расейскай ці беларускай мове, але і па-польску. Некаторыя побач з нумарам дома вешаюць каталіцкі крыж. Большасьць насельніцтва дагэтуль лічаць сябе палякамі. Кажуць, некалі іх тут было аж 99% ад усіх жыхароў, рэшта — габрэі.
Двое мужчын сярэдняга веку выходзяць з падворку. Яны адразу зьвяртаюць увагу на беларускую мову. Самі гавораць на трасянцы, як і пані Марыся. Гісторыі перайменаваньня вуліцы ня ведаюць.
«У нас такія рэчы не абмяркоўваюцца. Пад белы ручанькі можна зьехаць... Калі яго не пусьцілі сюды, закрылася гэтае пытаньне, ніхто нават не абмяркоўваў гэтага. Мадліцца — адно, абмяркоўваць — іншае», — кажуць яны.
Мужчыны расказваюць, што адразу пасьля выбараў на вуліцы Адэльску выйшлі каля 50 чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Нехта пазваніў у міліцыю. Пакуль АМАП ехаў з Горадні (ехаць 30–40 хвілін), адэльцы ўжо разышліся. Нікога не затрымалі.
Суразмоўцы таксама раяць зайсьці да Пясецкіх, сваякоў Кандрусевіча, да якіх арцыбіскуп звычайна заяжджае, «каб паесьці бабку».
Маладыя супрацоўніцы Дома культуры з гісторыяй перайменаваньня вуліцы таксама не дапамаглі. Праз тэлефон яны даведаліся ад аднаго зь мясцовых, што ў 1989 годзе была яшчэ вуліца Леніна, а ў 1991 — ужо Кандрусевіча.
У тым самым жоўтым доме сустракае сям’я Пясецкіх. Марыя Станіславаўна Пясецкая — стрыечная сястра арцыбіскупа. Ёй 91 год, як і яе мужу Антону Казіміравічу. Тут жа і два іх сыны — пляменьнікі Кандрусевіча.
Антон Казіміравіч узгадвае, што вуліцу перайменавалі зь Леніна на Кандрусевіча, «калі Савецкі Саюз раскідалі». «За польскім часам» вуліца Леніна складалася з двух адрэзкаў — вуліцы Кузьніцкай, бо ішла ў кірунку Кузьніцы, якая засталася на тэрыторыі Польшчы, і вуліцы Добрай, «што ідзе ад канторы ўніз».
Той часткі Школьнай вуліцы, дзе цяпер жывуць Пясецкія, тады яшчэ не было, а рэшта вуліцы насіла імя Пілсудскага. Суразмоўца прыгадаў, што за савецкім часам вуліца Majowa ператварылася ў Першамайскую.
Па словах Пясецкіх, зьмену назвы вуліцы Леніна ініцыяваў жыхар Адэльску Станіслаў Будрэвіч. Ён памёр два гады таму. Старшыня сельсавету гэтага ня надта хацеў, але ўрэшце пагадзіўся. Яго ўжо таксама няма ў жывых.
«Тады ўсё мякчэй было, пацяпленьне», — адзначае Антон Казіміравіч.
Тады ж у каталіцкім мястэчку плошчу перад касьцёлам хацелі назваць у гонар тагачаснага папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Аднак не ўдалося. Сёньня яна завецца Рыначнай плошчай.
Апошні раз арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заяжджаў да сваякоў Пясецкіх сёлета 6 студзеня — па традыцыі, на сьвята Трох каралёў. У гэтым доме ён некалі правіў сваю першую імшу, калі стаў сьвятаром.
«Ён жартуе, анэкдоты расказвае. Прыехаў і тут адпачывае. Мы таксама не задаём ніякіх пытаньняў, навошта?» — тлумачыць сын Антона Казіміравіча.
Ярарх любіць паесьці ў сваякоў бабку, свойскую лівэрку, вантрабянку, юшку — суп са сьвіной крывёй.
«Сьціплы ён чалавек», — кажа пра яго Антон Казіміравіч.
«Ніколі не зазнаваўся. У яго толькі ровар быў. Цяпер машыну былі вымушаныя купіць, бо пасьля апэрацыі на хрыбетніку ён езьдзіць ня мог... А так колькі разоў здаралася — заходзіць у цягнік, усе мэрсэдэсамі катаюцца, а ён у цягніку. Кідае валізку — і ўсё, гэта яго ўжо дом. Няма ў яго аховы, нікога. Грошай у яго не было на кашулю. Сястра яму хоць кашулю набудзе. Яму ня трэба ні грошы, ні астравоў, ні катэджы набываць. У яго ў Горадні старэнькая кватэрка ад маці засталася. У яго нічога няма, яму нічога ня трэба», — расказвае пра свайго дзядзьку Богдан Пясецкі.
Калі мітрапаліта не пусьцілі ў Беларусь, словы падтрымкі сваякам выказвалі і аднавяскоўцы, і калегі на працы.
«Ён аб’яднаў нас усіх. Асабліва падтрымлівалі праваслаўныя. Да касьцёла праваслаўныя сталі хадзіць. Ён не разьдзяліў, а аб’яднаў», — кажа Богдан.