Гісторыя волата, які даў адпор АМАПу.
У жніўні ён выйшаў у цэнтр роднага Маладзечна і надаваў кухталёў міліцыянерам, якія намагаліся разагнаць пратэст. У лістападзе ўпотай — як сам казаў, у багажніку аўтамабіля — выехаў з Беларусі, каб пазбегнуць крымінальнага пераследу. Тады ж выклаў у сацсеткі фота з геалакацыяй у Парыжы, але ў студзені быў нечакана затрыманы ў Маскве.
Гэта ўсё — пра Аляксея Кудзіна. 36-гадовага байца змешаных адзінаборстваў, шматразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе і кікбоксінгу, бацьку пяці дзяцей. І аднаго з самых яскравых сімвалаў беларускага пратэсту, які не здолеў цярпець несправядлівасць і цяпер знаходзіцца на мяжы свабоды і шматгадовага зняволення.
Паміж Парыжам і Масквой
Два месяцы пасля вымушаных уцёкаў з краіны Кудзін не даваў значных інфармацыйных нагодаў. Пра яго было амаль не чуваць. Зрэдку ён выходзіў на сувязь з журналістамі — і распавядаў, як прагне пераменаў, як хоча вярнуцца на радзіму і як раскідваў маладзечанскіх сілавікоў на гарадской плошчы. Зрэдку нешта посціў у інстаграме, транслюючы аптымізм датычна будучыні Беларусі.
Ці даехаў ён да горада Парыжу ў тым багажніку, дагэтуль дакладна не вядома. Ёсць меркаванне, што не даехаў, а тая геалакацыя была спробай заблытаць сляды. І нібыта ўвесь гэты час Аляксей правёў у расійскай сталіцы, дзе «палітычны прытулак» яму далі сябры па байцоўскім братэрстве.
Прынамсі, на кватэры аднаго з калег — расіяніна Руслана Абдо — Кудзіна і схапілі. Раніцай у чацвер, 21 студзеня, туды ўварваўся спецназ ФСБ, праўда, дзейнічаў карэктна, і затрыманне не суправаджалася гвалтам. Пазней гэта пацвердзіла адмысловае відэа, на якім Аляксея вядзе па лесвіцы маскоўскі паліцыянт, а той, нягледзячы на кайданкі, дэманструе ў камеру бадзёры жэст і шырока ўсміхаецца праз антыкавідную маску.
Ён з’ехаў з Беларусі напрыканцы лістапада, ратуючыся ад суда па крымінальнай справе, які дакладна адмераў бы яму некалькі гадоў турмы. Іншага чакаць не даводзілася, бо за просты надпіс на асфальце ў сённяшняй Беларусі людзей з лёгкасцю этапуюць у калонію.
Разважаў спартовец тады проста. Чым сядзець за кратамі, лепш карміць сваю вялікую сям’ю. За мяжой, нягледзячы на пандэмію, віруе жыццё — трэніроўкі, актагон, турніры ды баі. Баі — гэта заробак, якога заўтра можа ўжо не быць. Да заканчэння кар’еры параўнальна немаладому Кудзіну застаецца не так многа, і пакуль ёсць сілы і рэйтынг, час марнаваць нельга.
На чужыне ён дакладна трэніраваўся і спарынгаваў, але афіцыйна ў рынг так і не выйшаў. Не паспеў — па яго прыйшлі няпрошаныя госці са зброяй.
Характэрна, што ў сеціве адразу ўзнялася хваля: маўляў, знайшоў, дзе хавацца. Бо ў кантэксце вядомых дамоўленасцяў паміж сілавымі структурамі Беларусі і Расіі яны па запыце павінны ўзаемадзейнічаць. І ў гэтым сэнсе няма прынцыповай розніцы, куды ехаць па паратунак — у Маскву ці ў Дзятлава альбо Лельчыцы. І Кудзін — не першы з беларускіх пратэстоўцаў, каго пасля выбараў схапілі ў суседняй пуцінскай краіне.
Аднак ці быў у яго выбар, нам не вядома. Дакладна можна сказаць толькі тое, што месца замежнага прабывання Аляксей замаўляў не ў турфірме з прыгожымі буклетамі і мноствам міжнародных маршрутаў.
Ад Маладзечна да Жодзіна
У цэнтр свайго Маладзечна ён выйшаў вечарам 9 жніўня. Як пазней патлумачыў: «Вырашыў выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю адносна выбараў, якія былі сфальсіфікаваныя».
Пратэставала ў тыя дні літаральна ўся Беларусь, і на маладзечанскіх вуліцах працэс таксама зацягнуўся. У нядзелю Кудзін у замес не патрапіў, ён увогуле выходзіў з мірнымі намерамі. Яго прыгоды пачаліся на наступны дзень — у панядзелак, 10 жніўня.
Калі здарыўся жорсткі разгон — з традыцыйным перастукам гумовых дубінак і распырскваннем слезацечнага газу, чэмпіён свету па кікбоксінгу не ўключыў заднюю. Атрымаўшы колькі разоў паміж лапатак, ён не вытрываў і пачаў даваць сіметрычны адказ. А паколькі ёсць навык і цяжкая (звыш 93 кілаграмаў) вагавая катэгорыя, то і нападнікі ў спецвопратцы пачалі перад ім валіцца, як кеглі.
Часы былі яшчэ немудрагелістыя, і, памахаўшыся з сілавікамі, навесіўшы ім некалькі накаўтаў, баец Кудзін спакойна адправіўся ў лякарню — самому ў фармаце «адзін супраць некалькіх» таксама моцна дасталася. На падыходах да гарадской паліклінікі яго і ўзялі — сіламі адмыслова выкліканага САХРа.
Затрымлівалі як мае быць у сучаснай Беларусі — са збіццём, стрэламі з траўматычнага пісталета, імклівым закідваннем у камеру мясцовага РАУС. Тут ужо Аляксей супраціву не аказваў — бо, вядома, сабе даражэй. Але ж і па таннаму тарыфу разлічыцца не атрымалася. «На целе былі гематомы: адна вялікая ў вобласці сэрца, на грудзях сляды ад гумовых куль, — распавядаў ён пасля ў інтэрв’ю. — Адна куля трапіла ў мечападобны адростак, іншая — у вобласць сэрца, а трэцяя — у цэнтр грудной клеткі. Прайшло ўжо чатыры месяцы, але боль у грудзях яшчэ застаўся. Акрамя таго, мне разарвалі мезенец да косткі — наклалі сем-восем швоў».
Магутнае здароўе выратавала волата ад незваротных наступстваў, аднак у пэўным сэнсе па вузенькай кладцы ён прайшоў. Калі ў пастарунак пасля працяглых ваганняў сілавікі ўсё ж выклікалі лекара, той адразу сказаў, што хлопца трэба везці ў бальніцу. Міліцыянты, паводле слоў Кудзіна, упарціліся, і тады доктар адрэзаў: «Калі вам тут патрэбны “жмур”, то я здымаю з сябе адказнасць». У выніку пад нагляд медыкаў спартсмен усё ж патрапіў — хай сабе і пад канвоем.
Агулам у няволі ён прабыў каля двух тыдняў. Этап з Маладзечна ў Жодзіна, крымінальная справа за прымяненне сілы да службовых асоб, следства, допыты. Біць больш не білі, але дзеля выхаду на волю пад падпіску аб нявыездзе Аляксей быў вымушаны пагадзіцца на «пакаяльнае відэа». І яго выпусцілі да суда.
Бацькі і дзеці
Цяпер, вядома, за такое не вызваляюць. Зараз за які штуршок ці спробу крануць балаклаву трымаюць пад вартай да самага прысуду пад грукат судовай кіянкі — і даюць гады калоніі, бо давяраюць сведчанням Івана Іванавіча Іванова.
У жніўні з гэтым было крыху прасцей, але, меркавана, Кудзіну далі падыхаць свежым паветрам і з іншых прычын. Бо вельмі ж ён у сваім Маладзечне слынны і паважаны чалавек. З аднаго боку, зорны — адных толькі тытулаў чэмпіёна свету ў яго ажно адзінаццаць, з другога — просты і адкрыты.
Са сваёй чэмпіёнскай біяграфіяй ён даўно мог бы з’ехаць з правінцыйнага Маладзечна — у шматлюдны Мінск ці куды яшчэ. Дзе больш магчымасцяў і ўвогуле агні вялікага гораду. Але ён не з’ехаў — застаўся там, дзе нарадзіўся, вырас і сваімі высілкамі, без аніякай чужой дапамогі, дабіўся ў жыцці поспеху.
Кудзін не проста застаўся ў Маладзечне, але і працягнуў звыклы лад жыцця. У перапынках паміж зборамі, трэніроўкамі і спаборніцтвамі жыў у прыватным сектары ва ўласным доме, калоў дровы і займаўся іншымі гаспадарчымі справамі, гадаваў дзяцей.
Так, іх у яго пяць, прычым трое — не свае, прыёмныя. Засталіся ад старэйшага брата жонкі — што цікава, былога мясцовага міліцыянера. Той рана пайшоў з жыцця, а другім бацькам для яго дзяцей ахвотна стаў Аляксей Кудзін — грозны толькі з выгляду 110-кілаграмовы дзяцюк з пудовымі кулакамі і з прозвішчам Цагліна.
Маладзечна — не такі вялікі горад, такую сям’ю мясцовыя добра ведалі і, адпаведна, паважалі. Але разам з тым Маладзечна — дастаткова вялікі, каб галава гэтай сям’і аднойчы незаўважна для ўсіх бясследна знік.
Аляксея Кудзіна мусілі судзіць 19 лістапада. Ранкам таго дня ён выйшаў з хаты, развітаўся з жонкай… І знік, так і не скіраваўшыся да суда.
Кудзін і Пуцін
Ужо больш за тыдзень беларускі чэмпіён вымушаны сілкавацца маскоўскімі казённымі харчамі. Яму пагражае дэпартацыя на радзіму — і амаль гарантаванае доўгатэрміновае зняволенне (артыкул прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі).
Пакуль, аднак, расійскія ўлады вяртаць яго ў Беларусь не спяшаюцца. Хутчэй нават наадварот: Дамадзедаўскі суд наклаў на спартсмена арышт, адмераўшы яму два месяцы. Здаецца, гэта той выпадак, калі 60 дзён «у гасцях» лепш за 15 сутак «дома». Зрэшты, паведамляецца, што пытанне дэпартацыі будзе вырашана раней — да 1 сакавіка.
Магчыма, такое стаўленне да затрыманага беларуса прадыктавана бягучымі абставінамі. І менавіта — чарговай хваляй салідарнасці, што паднялі нашы суайчыннікі, ратуючы трапіўшага ў бяду аднадумца. Фонд спартыўнай салідарнасці, вядома, адразу ж «упісаўся» за Кудзіна — уласнымі сіламі і магіяй вядомых падпісантаў чарговага звароту ў замежныя інстанцыі.
Фонд склаў адкрыты ліст з заклікам не дэпартаваць Аляксея на радзіму. У тэксце адмыслова падкрэслена, што на радзіме адзінаборцу пагражае фізічная расправа, і згоду з тым выказалі ўжо многія атлеты. За лічаныя дні пад лістом нарасло шмат гучных прозвішчаў. Наталля Зверава і Меліціна Станюта, Віталь Гуркоў і Мікалай Сігневіч, Алена Леўчанка і Кацярына Сныціна, Ягор і Мікіта Мешчараковы, Аляксандра Герасіменя і Вольга Барабаншчыкава, Дзмітрый Валент і Эльвіра Герман, Васіль Хамутоўскі і Аляксандра Раманоўская, Наталля Лешчык і Дзмітрый Асанаў… І іншыя, іншыя — усяго больш за 300 імён.
Падтрымалі гэтую ініцыятыву і расійскія атлеты — большай часткай адзінаборцы. У сацсетках тым часам шырока разышоўся красамоўны хэштэг #закудина. Матывы грамадскай актыўнасці вычарпальна патлумачыў другі знакаміты баец — Віталь Гуркоў: «У Беларусі Кудзіна чакае страшны несправядлівы суд і крымінальны пераслед. Крымінальны пераслед з-за таго, што Аляксей адважны, сумленны і справядлівы мужык».
Свой ліст Фонд спартыўнай салідарнасці адправіў па некалькіх расійскіх адрасах: генеральнаму пракурору Ігару Краснову, міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Калакольцаву, упаўнаважанаму па правах чалавека Таццяне Маскальковай, старшыні камітэта Дзярждумы па фізічнай культуры і спорце Барысу Пайкіну, прэзідэнту алімпійскага камітэта Станіславу Пазнякову...
Спіс адрасатаў дастаткова доўгі, каб зразумець: лёс заслужанага майстара спорту, беларускага чэмпіёна Аляксея Кудзіна будзе вызначаць адзін чалавек — і яго прозвішча Пуцін.
Сам беларускі баец тым часам папрасіў у Расіі палітычны прытулак, працягвае заставацца ў камеры і спадзяецца на лепшае.
Сяргей Кайко, «Новы Час»