Сапраўдная мiстыка.
Ініцыятыва беларускіх сілавікоў Байпол апублікавала ўласнае расследаванне абставін смерці Рамана Бандарэнкі.
У расследаванні называюцца канкрэтныя імёны людзей, якія ў той вечар былі на Плошчы Пераменаў, дэананімізуюцца ўсе — ад спартовых функцыянераў да байцоў спецназа, паведамляе «Наша Ніва».
Сярод іншых Байпол называе супрацоўніка спецыяльнага атрада хуткага рэагавання Сяргея Сармана, які нібыта быў старэйшым ў групы, што суправаджала кампанію зразальшчыкаў стужак. У расследаванні прыводзяцца яго асабістыя звесткі і фота.
Містыка, але падобны да Сармана чалавек граў масовачную ролю ў драматычным фрагменце непаказанага фільма «Купала». У эпізодзе пасварыліся між сабой дзеячы беларускага адраджэння і царскія афіцэры.
Кампанія «нашаніўцаў» з Купалам прыходзіць у рэстаран. Сцэна пачынаецца са словаў выдаўца Браніслава Шыпілы, адрасаваных Янку Купале: «Кепскія навіны. На ваш зборнік «Жалейка» накладзены арышт, цэнзура не пускае. Не губляйце духу, мы абавязкова выйграем суд, ужо падалі іск. Не тыя часы […]».
Потым кампазітар Людамір Рагоўскі пачынае граць музыку на верш Купалы «А хто там ідзе?»: «А што яны нясуць? Сваю крыўду».
Гэта не падабаецца кампаніі за суседнім столікам — царскаму вайскоўцу і яго памочніку, якога грае Сарман.
«А можно так не орать? Я к вам обращаюсь. Не всем нравится это слушать!» — кажа вайсковец. Яго просяць прадставіцца, ён падымаецца і падыходзіць бліжэй, яго суправаджае Сарман.
«Я не понимаю, што ты говоришь. На каком это языке? На жабьем?» — кажа вайсковец.
«Яшчэ разок?» — перапытвае беларус, рыхтуючыся да бойкі.
«На жабьем!», — крычыць герой Сармана, спрабуючы ўдарыць першым.
Сцэна сканчаецца разгромам вайскоўцаў, якія абяцаюць вярнуцца, і рэзюмаваннем «нашаніўцаў», што «Людзьмі звацца» будзе гімнам барацьбы за незалежную Беларусь.
Як патлумачылі «Нашай Ніве» на «Беларусьфільме», у масоўку мог трапіць любы ахвотны — кідаецца кліч, усе ахвотныя запісваюцца. Гэта праца аплачваецца. Супрацоўнікі адзначаюць, што «міліцыя дапамагала ў здымках».
У тытрах Сармана няма. Як тлумачаць у здымачнай групе — масоўку звычайна ў тытры не запісваюць.
Звязацца з Сарман не ўдалося — па згаданым у расследаванні нумары ён не адказвае, у месенджары апошнім часам не заходзіў.