Палітвязень паведамляе, што «зарадзіўся аптымізмам».
Рэдакцыя «Новага Часу» атрымала ліст ад палітвязня Ігара Лосіка.
«Як справы? Спадзяюся, што ўсё добра, трымайцеся. Шкада, што зараз у Беларусі амаль не засталося незалежнай прэсы, у турме няма чаго чытаць. Толькі «Новы Час» ды «Intex-press». Толькі і чакаем пятніцы, каб нешта адтуль даведацца. Усе нумары з верасня збіраю і захоўваю. Летам былі праблемы з падпіскай на Валадарцы.
А ў мяне ўсё добра, ужо восьмы месяц зняволення пайшоў, нават ня верыцца. Вось кушаць пачаў, 42 дні — гэта не жарты, але ніякіх праблемаў не адчуваю, ну хоць трохі схуднеў, шчокі прыбраў.
А зараз зарадзіўся я нейкім аптымізмам, упэўнены, што ў гэтым годзе ўсё зменіцца да лепшага, у тым ліку, дзякуючы і такім беларусам, як вы. Буду сканчаць, бо яшчэ больш за 200 лістоў не адказаных. Абдымаю!»