Kаб любоў, прабачэнне, законнасць, пашана адзін да аднаго запанавалі ў нашай Бацькаўшчыне.
У нядзелю 7 лютага Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Магілёў, дзе памаліўся з мясцовымі вернікамі і правёў сустрэчу з духавенствам Магілёўскага рэгіёну, піша catholic.by.
Па запрашэнні Біскупскага вікарыя для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, у пятую Звычайную нядзелю арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў старажытнай магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў інтэнцыі падзякі Богу за 75 гадоў жыцця і за вяртанне на радзіму.
Сустрэча іерарха з вернікамі Магілёўшчыны стала таксама выразам яго удзячнасці ім за малітоўную падтрымку ў цяжкі час выгнання.
У прамоўленай на Імшы гаміліі арцыпастыр напачатку звярнуў увагу на тое, што літургічныя чытанні пятай Звычайнай нядзелі вучаць таму, як пазбягаць песімістычнага і погляду на жыццё і адчаю. Ён адзначыў, што, на вялікі жаль, гэтыя з’явы у апошні час сталі сустракацца ўсё часцей.
«Грамадска-палітычны і эканамічны крызісы, выкліканыя пандэміяй каранавірусу праблемы, карупцыя, алкагалізм і наркаманія, рост злачыннасці, крызіс сям’і і Божага дару жыцця, як і многае іншае, напаўняюць нашае жыццё песімізмам і мы з вялікай трывогай глядзім у заўтрашні дзень.
У такой складанай сітуацыі Касцёл нагадвае нам пра заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ён дадаў, што праблемы, з якімі заўсёды сутыкаўся чалавек, не зніклі, але Езус паказаў новы, евангельскі падыход у адносінах да іх.
«Дзе шукаць паратунку? Адказ дае Евангелле.
Людзі ідуць да Езуса і просяць Яго дапамогі. Ён не пакідае іх сам-насам са сваімі прабемамі і без надзеі.
Ён лечыць хваробы цела і душы, суцяшае, адпускае грахі, дае надзею. Так было дзве тысячы гадоў таму. Так ёсць і ў наш час. І так будзе да канца часоў», — сцвердзіў арцыпастыр.
«Якія высновы мы павінны зрабіць з сённяшняга Божага слова? Найперш мы павінны быць інструментам у руках Езуса, які дзейнічае і лечыць. Гэта Яго місія таксама і ў наш час.
Нам усім неабходна лячыць нашыя думкі, нашу памяць, нашыя разбітыя ўзаемаадносіны, нашу хворую краіну», — сказаў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, дадаўшы, што варта звяртацца з просьбамі аб гэтым да Езуса і не забывацца дзякаваць Яму за ўсе атрыманыя ласкі.
«У нас таксама павінна з’явіцца жаданне дапамагчы іншым, асабліва церпячым і патрабуючым. Працэс нашага духоўнага аздараўлення можна лічыць паспяховым толькі тады, калі мы гатовыя дапамагаць іншым», — зазначыў арцыпастыр.
З горыччу канстатаваўшы, што сёння беларускае грамадства разбіта ў выніку грамадска-палітычнага крызісу, які працягваецца ўжо паўгады, іерарх прапанаваў задумацца над тым, як яго ацаліць і аб’яднаць. На думку арцыбіскупа Кандрусевіча, для паспяховага лячэння гэтай сацыяльнай хваробы, як і ўсіх іншых хвароб, перадусім неабходна паставіць правільны дыягназ.
«Грэх з’яўляецца першапрычынай нашых праблем. Мы губляем спакой, бо падзяляемся ўнутры.
Але калі мы адварочваемся ад граху і падпарадкоўваемся Божай волі, то здабываем супакой, унутраную гармонію і цэласнасць. Нездарма Езус вучыць, што бласлаўлёныя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога. Быць чыстым сэрцам азначае быць аб’яднаным з Богам. Мір — гэта прысутнасць Бога ў нашым сэрцы», — заўважыў іерарх. Сваю гамілію ён завяршыў пажаданнем:
«Няхай сённяшняе Божае слова заахвоціць нас будаваць мір і адзінства праз еднасць з Езусам, каб узаемная любоў, прабачэнне, законнасць, пашана адзін да аднаго запанавалі ў нашай Бацькаўшчыне».
Увечары ў парафіі святога Антонія адбылася сустрэча Ганаровага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з духавенствам Магілёўскага рэгіёну на чале з біскупам Аляксандрам Яшэўскім. Арцыпастыр шчыра падзякаваў святарам і кансэкраваным асобам за служэнне, салідарнасць і малітву.