Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Мікалай Ракевіч: Хочацца ўбачыць нашу дзяржаву вольнай, дэмакратычнай і багатай

10.02.2021 политика
Мікалай Ракевіч: Хочацца ўбачыць нашу дзяржаву вольнай, дэмакратычнай і багатай

Найстарэйшаму сябру партыi БНФ споўнiлася 90 год.

З самай раніцы, 10 лютага, сябры Слонімскай арганізацыі партыі БНФ павіншавалі найстарэйшага сябра партыі БНФ Мікалая Ракевіча з 90-годдзем з дня нараджэння.

Справа ў тым, што ў 1989 годзе слонімскі настаўнік Мікалай Іванавіч Ракевіч быў адным з арганізатараў Слонімскай суполкі партыі БНФ. І ўсё пражытае свядомае жыццё займаецца грамадскай дзейнасцю, яго хвалюе лёс роднай Беларусі. Пра сваё жыццё і справы старэйшы слонімец распавёў racyja.com напярэдадні юбілею.

— Мікалай Іванавіч, дазвольце Вас павіншаваць з вялікім юбілеем і пажадаць здароўя, сіл, цярпення і дабрабыту. Пражыта 90 гадоў, таму ёсць што ўспомніць, ёсць аб чым паразважаць, падвесці нейкую рысу пражытага жыцця. Раскажыце трохі пра сябе.

- Я нарадзіўся ў лютым у вёсцы Ваўчкі на Слонімшчыне ў 1931 годзе ў сялянскай сям’і. Калі мне споўнілася 7 гадоў я пайшоў вучыцца ў польскую школу ў Клепачы, таму што Азярніцкая школа была перапоўненая вучнямі. Там я скончыў першы клас. А вучыў мяне настаўнік Ёзэф Данюк. У 1939 годзе мяне прынялі ў Азярніцкую сямігодку. Гэтую двухпавярховую школу пабудавалі палякі. Там было шмат пакояў, а таксама пад школу прыстасавалі і ранейшы драўляны будынак школы. Школа працавала ў тры змены. Але ў канцы 1943 года партызаны спалілі драўляны будынак школы і хацелі падпаліць той, што будавалі палякі.

— А навошта яны яе спалілі?

- На зло ворагу. Але на шчасце нашых людзей, на другім паверсе школы жыў настаўнік Іосіф Галіцкі, які пачуў унізе нейкі шум, спусціўся ўніз і ўбачыў, як пачынае гарэць школа. Ён хуценька закрыў усе вокны і дзверы, а пасля пачаў тушыць полымя. Так была выратавана Азярніцкая школа. Праўда, хутка ў Азярніцу прыехалі немцы і ў школе раскватэраваўся нямецкі гарнізон, які там знаходзіўся да лета 1944 года. А калі яны пачалі адступаць, пакінулі школу чыстай і акуратнай, захавалі таксама ўсю мэблю і гэта дало мажлівасць пасля вайны дзецям з 20 суседніх вёсак у ёй вучыцца. І я там закончыў 10 класаў.

— А якая ў Вашых бацькоў была сям’я?

- У 1944 годзе памерла мая маці і я жыў у цёткі. Але пасля перайшоў да бацькі, у якога ўжо была другая сям’я. Усяго нас было 7 дзяцей. У 1951 годзе я паступаў у Белдзяржуніверсітэт на гістарычны факультэт. Але не прайшоў па конкурсе. Мне далі выпіску з экзаменаў і мяне з гэтаю выпіскаю прынялі без экзаменаў у Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы. Далі стыпендыю, інтэрнат і я пачаў вучыцца і адначасова працаваў у гэтым інстытуце лабарантам. Атрымліваў 600 рублёў разам са стэпендыяй.

— На той час гэта былі добрыя грошы?

- Вядома. Я за іх сам апранаўся і харчаваўся, і з дому не браў ні капейкі. Пасля заканчэння інстытута працаваў у Карэліцкім раёне настаўнікам, пасля ў Дзераўной на Слонімшчыне, пасля дырэктарам Савіцкай школы, а калі яе закрылі — перайшоў у СШ № 5 г. Слоніма і адтуль пайшоў на пенсію.

— А калі б жыццё павярнуць спачатку, таксама звязалі б свой лёс з педагогікай?

- Хто яго ведае. Адкажу словамі Якуба Коласа:

Як бы я хацеў спачатку Прайсці жыцці папарадку, Сабраць з дарог каменні тыя, Што губяць сілы маладыя…

Калі я не паступіў у БДУ, хацеў паступаць у юрыдычны інстытут, быў такі, але сябра ўгаварыў паехаць у Гародню. І я паехаў. Цяпер шкадую. Бо калі б у мяне тады была б юрыдычная адукацыя, лёс мой, магчыма, склаўся б лепш. Праўду кажуць: людзей слухай, а свой розум май.

— Мікалай Іванавіч, Вы ўсё жыццё былі не толькі настаўнікам, але шчырым беларусам, сябрам Беларускага Народнага Фронту, ды і цяпер цікавіцеся палітыкай, Вас хвалюе лёс нашай Бацькаўшчыны, мовы. Як да Вас адносіліся слонімцы, да Вашай палітычнай і грамадскай дзейнасці, калі Вы працавалі настаўнікам?

- Як хто. Многія адносіліся з разуменнем і адабрэннем, на словах падтрымлівалі і падтрымліваюць да сённяшніх дзён, але баяцца афіцыйна гэта сцвярджаць. Успамінаецца першы мітынг у Слоніме ў 1989 годзе, на якім прысутнічалі каля 1000 чалавек. Праз некалькі дзён да мяне ў школу прыйшлі работнікі райкама партыі на чале з інструктарам Уласавым. У кабінеце дырэктара пачалі мяне выхоўваць, застрашваць, маўляў, не дамо вам у школе нагрузкі і г.д. Не давайце, кажу, пайду пасвіць жывёлу, я гэта ўмею рабіць з маленства. А вось як вас выганяць з райкаму — вы і жывёлу пасвіць не ўмееце, вас нікуды не возьмуць. Пасля Уласаў кажа: “Прыходзьце ў райкам, можа ёсць якія праблемы, вырашым”. Кажу, што праблем няма. Пасля гэтага, мяне ніхто больш не чапаў. Ды і я нікога не баяўся, я быў радавым настаўнікам, мне не было чаго губляць.

— А як пайшлі на пенсію, чым займаліся?

- Як я пайшоў на пенсію, то дзесяць гадоў працаваў у школе дворнікам.

— З настаўніка — ды ў дворнікі. А сорамна не было?

- Лічу, што тая праца, якая прыносіць грамадству карысць, ганаровая. І я за дзесяць гадоў, працуючы дворнікам, меў толькі падзякі. Я не піў на працы, не прапускаў рабочыя дні, не сварыўся. З 6 гадзін да 10-ці я сваю работу выконваў і спяшаўся на будоўлю хаты для сына. Дарэчы, мой бацька за жыццё пабудаваў 4 хаты, 2 хлявы і 2 гумна. А я пабудаваў 3 хаты, вырасціў 3 сыноў і пасадзіў шмат дрэў і кустоў. А яшчэ напісаў і выдаў кнігу пра свой род, якая называецца “Радзімы кут мой”.

— Баюся пытацца ў Вас, але ж хачу: пра што марыць мужчына ў 90-гадовым узросце?

- Пра здароўе. Хочацца яшчэ пажыць, бо жыццё — рэч цікавая. А таксама хочацца ўбачыць нашу дзяржаву вольнай, дэмакратычнай і багатай краінай.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]