Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Тадэвуш Кандрусевіч: Наша будучыня ў нашых руках, а праўда робіць нас свабоднымі

20.02.2021 общество
Тадэвуш Кандрусевіч: Наша будучыня ў нашых руках, а праўда робіць нас свабоднымі

Вялікі пост з’яўляецца для нас усіх нагодай для таго, каб вярнуцца на Богам паказаны шлях і будаваць шчаслівую будучыню.

Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост апублікаваў сайт krynica.info:

Дарагія браты і сёстры!

1. Божы Провід, паводле словаў святога апостала Паўла, дазваляе нам перажываць чарговы «час спрыяльны і час збаўлення» (пар. 2 Кар 6, 2), якім з’яўляецца Вялікі пост. Згодна з яго прызначэннем, гэта час інтэсіўнай духоўнай падрыхтоўкі з мэтай унутрана адрадзіцца, «уваскрэснуць» да новага жыцця ў Божай ласцы. Для гэтага мы павінны браць прыклад з Езуса, які ў пустыні рашуча супрацьпаствіўся спакусам д’ябла.

Вялікі Пост — гэта таксама час духоўнай падрыхтоўкі да святкавання Пасхі як свята перамогі Езуса над грахом і смерцю.

2. Святы апостал Павел звяртае ўвагу на пэўны парадокс: мы добра ведаем, што такое дабро, але разам з тым чынім зло (пар. Рым 7, 19). Штодзённае жыццё сведчыць пра тое, што злы дух нас не пакідае ў спакоі і рознымі спосабамі спакушае. Як змяняецца свет, таксама змяняецца і тактыка дзеяння д’ябла. Ён усё часцей выкарыстоўвае тэндэнцыі сучаснага свету: жаданне ўзбагачэння любым коштам, зямной славы, амаральных прыемнасцяў, самазадавальнення, ўлады і г.д.

Мы не можам уступаць у дыялог са злым духам. Ён вельмі хітры, і мы нават не заўважым, як трапім у яго пасткі, з якіх выбрацца вельмі складана і практычна немагчыма без Божай дапамогі.

Пра гэта нагадвае і гісторыя грэхападзення нашых прабацькоў Адама і Евы. У кнізе Быцця знайшлі адлюстраванне словы д’ябла, якія сталі для людзей спакусай: будзеце як багі; пазнаеце, што такое дабро і зло (пар. Быц 2, 5). Адам і Ева мелі магчымасць выбару жыць згодна з Божым наказам або адмовіцца ад яго, сказаць Богу «так» або «не».

Фундаментальным выбарам было або жыццё для Бога і паслухмянасць Яго волі, або нязгода з ёй і разрыў адносінаў са Стварыцелем.

Адам і Ева паддаліся спакусе і такім чынам аддаліліся ад Бога (пар. Быц 2, 6).

3. Разам з тым гісторыя спакушэння Езуса ў пустыні, дзе Ён посціў і маліўся сорак дзён і начэй, вучыць нас таму, наколькі цвёрдымі мы павінны быць у барацьбе з д’яблам (пар. Мц 4, 1–11), бо ён нас спакушае і падбухторвае заняць месца Бога.

Мы абураемся кожным абмежаваннем нашай свабоды і не хочам несці адказнасць за наступствы нашага выбару. Згода са спакусай і непаслухмянасць Богу прывяла Адама і Еву да нявернасці і граху. У адрозненне ад іх Хрыстус перамог спакусу, абапіраючыся на веру ў Божае слова і боскую ўладу.

А як з намі? Ці мы жывем згодна з воляй любячага нас Бога, ці паддаемся спакусе служыць багам нашых непамерных жаданняў?

Гэта фуднаментальнае пытанне, на якое неабходна даць адказ.

Евангелле вучыць нас таму, як «досвед пустыні»: посту, малітвы і ўмацавання духоўных сіл стаў для Езуса своеасаблівай духоўнай «трэніроўкай», якая падрыхтавала Яго да супрацьстаяння спакусам і да абвяшчэння Добрай Навіны аб збаўленні.

Зыходзячы з досведу Езуса з мэтай дасягнення духоўнай дасканаласці, Евангелле прадпісвае нам падвойны план дзеянняў на Вялікі пост, а менавіта:

– мы павінны супрацьстаяць спакусам і перамагаць іх, як Езус, з дапамогай посту, малітвы і Божага слова;

– мы таксама павінны аднаўляць нашае жыццё пакаяннем і жыць Евангеллем праз Божую любоў, міласэрнасць і прабачэнне.

4. Напэўна, не адзін з нас скажа, што нічога не ўкраў, нікога не пакрыўдзіў, не піў, не ўжываў наркотыкаў і г.д., таму не мае патрэбы навяртацца. Такое меркаванне памылковае. Святы апостал Ян вучыць, што «калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды» (пар. 1 Ян 1, 8). Калі нават не маем цяжкога граху, то гэта не значыць, што нам цалкам удалося не чыніць прынамсі лёгкіх грахоў.

Вось прыклад для ілюстрацыі. Закрыем шчыльна памяшканне і прыйдзем туды праз тыдзень ці два. На паліраваным стале зможам пісаць пальцам, бо ён будзе пакрыты пылам. Таксама адбываецца і з духоўным жыццём: пыл штодзённай недасканаласці пакрывае яго.

Можа, мы адчуваем сябе добра і нам нічога не баліць. Аднак час ад часу мы ідзем да лекара, каб праверыцца, здаць аналізы, памераць ціск… Толькі тады лекар можа сказаць, ці мы сапраўды здаровыя, а можа ўжо і хворыя, хоць гэтага не адчуваем.

Наш аўтамабіль функцыянуе добра. Аднак час ад часу мы павінны прайсці тэхагляд, бо можа аўтамабіль на самрэч няспраўны, а мы гэтага не ведаем.

Падобна адбываецца і з нашым духоўным жыццём. Нам неабходна ведаць яго сапраўдны стан.

Калі мы выходзім з дома, то глядзім у люстэрка, бо хочам прыгожа выглядаць. Гэта натуральна. Таксама натуральным павінна быць імкненне да нашага добрага духоўнага выгляду, да ўнутранай прыгажосці, а для гэтага неабходна паглядзець у люстэрка Божага закону.

5. Сучасная секулярная культура культывуе імкненне да шчасця любым коштам. Мы часта не ўспрымаем граху, апраўдваем сябе звычаямі часу, маскіруем, падвяргаем псіхааналізу і т.п. У выніку нам можа здавацца, што мы не грашым. Сёння набірае папулярнасць тэорыя, паводле якой нібыта наогул «немагчыма зграшыць». Але гэта толькі тэорыя, далёкая ад праўды, аб’яўленай у Святым Пісанні.

Таксама праяўляецца схільнасць да нязгоднай з Божым законам ацэнкі нашага жыцця, да так званага маральнага рэлятывізму. Калі нехта паводзіць сябе амаральна, то кажам, што ён таксама чалавек, усе так чыняць, і таму гэта «нармальна». Але ж ці сапраўды «нармальна»?

6. Вялікі пост — гэта час, які нагадвае нам пра гісторыю грэхападзення і збаўлення. Як Адам і Ева, як Езус, таксама ўсе мы сутыкаемся са спакусамі.

Таму пост — гэта таксама спрыяльны час для таго, каб усвядоміць спакусы, грэх і яго наступствы.

Першапачаткова Вялікі пост быў часам, калі катэхумены каяліся ў сваіх грахах і імкнуліся лепш пазнаць Пана Езуса перад хростам. Потым гэта пачалі практыкаваць і ўжо ахрышчаныя вернікі. Падчас Вялікага посту мы асаблівым чынам пакліканы памерці для граху, каб «уваскрэснуць» да новага жыцця ў Хрысце.

7. Паколькі на пачатку Вялікага посту мы разважаем аб паходжанні граху і яго наступствах, то асноўнымі тэмамі гэтага перыяду павінны быць спакуса, грэх, віна, пакаянне і прабачэнне. Калі б Езус паддаўся спакусам злога духа, то не змог бы выканаць сваёй місіі збаўлення свету. Падобна і мы павінны супрацьстаяць спакусам д’ябла, каб выканаць даручаную нам Богам місію.

Гісторыя першароднага граху гаворыць пра тое, што спакуса прыходзіць звонку і скіравана супраць Бога. Але праўда ў тым, што згода на тое, каб ёй паддацца, паходзіць знутры.

Аднак у такой драматычнай сітуацыі, нягледзячы на тое, што часта мы паддаемся спакусе, наша надзея — на Божую ласку, якая вядзе нас шляхам збаўлення.

Мы створаны Богам не для таго, каб паддавацца спакусам, але каб з Божай дапамогай іх перамагаць.

8. Вядома, што грэчаская міфалогія вельмі багатая і можа быць у пэўным сэнсе нават карыснай з маральнага пункту гледжання.

Гісторыя прывабнай музыкі сірэн у грэчаскай міфалогіі апісвае негатыўныя і пазітыўныя спосабы барацьбы са спакусамі. Сірэны — гэта істоты з галавамі прыгожых жанчын і целам птушак. Яны жылі на невялікіх скалістых выспах і вельмі прыгожа спявалі. Непераадольнымі чарамі свайго спеву яны заваблівалі маракоў, якія кідаліся ў адкрытае мора і разбіваліся аб скалы.

Міфічны Адысей знайшоў спосаб не паддацца гэтай спакусе. Калі герой праплываў побач з небяспечным месцам, ён загадаў маракам прывязаць сябе да мачты і заткнуць вушы воскам, каб не чуць прывабнага спеву сірэн. Такім чынам ён уратаваў сваё жыццё.

Аднак арганаўты знайшлі лепшы і больш пазітыўны спосаб перамагчы спакусы сірэн. Яны узялі з сабой у небяспечнае марское падарожжа славутага музыку, спевака і паэта Арфея. Той граў на ліры, спяваючы пры гэтым так прыгожа, што заглушыў спеў сірэн, і адважныя вандроўнікі шчасліва іх мінулі.

Вялікі пост заклікае нас насыціць сэрца музыкай малітвы, пакаяння, Божага слова, самакантролю і дабрачыннасці. Тады спакусы не будуць мець над намі ніякай улады.

9. Дарагія браты і сёстры! Пойдзем жа з Езусам у пустыню нашага духоўнага жыцця. Знойдзем адасобленае месца і час, каб пабыць сам-насам з Богам; час, каб адмежавацца ад гоману сучаснага свету, які кожны дзень «бамбардуе» нашае жыццё; час, каб пачуць Божае слова; час, каб нанава адкрыць, што мы — дзеці Божыя, і час сказаць Богу станоўчае «так», а сатане — рашучае «не», як гэта зрабіў Езус.

У Пасланні на Вялікі Пост гэтага года Святы Айцец Францішак падкрэсліў, што пост, малітва і міласціна, аб якіх кажа Езус (пар. Мц 6, 1–18), з’яўляюцца ўмовамі і прыкметамі нашага навяртання. Няхай тады шлях беднасці і адрачэння (пост), позірк і жэсты любові да церпячага (міласціна) і сыноўскі дыялог з Айцом (малітва) дапамогуць нам жыць шчырай верай, жывой надзеяй і дзейснай любоўю (пар. Папа Францішак, Пасланне на Вялікі пост 2021, Уступ), што стане сведчаннем нашага ўваскрасення да жыцця ў Божай ласцы.

10. Перажываючы цяжкае выпрабаванне пандэміі каранавірусу, мы чакаем на адпаведную вакцыну.

Мы самі і наша грамадства перажывае яшчэ адну эпідэмію — эпідэмію граху і грамадска-палітычнага крызісу.

Самай эфектыўнай вакцынай ад яе з’яўляецца вяртанне на вызначаны Богам шлях. Калі наша грамадства падзелена, а мы з трывогай глядзім у будучыню, толькі навяртанне можа стаць надзейным спосабам для мірнага вырашэння крызісу.

Наша будучыня ў нашых руках і яна залежыць ад духоўна-маральнага стану грамадства, ад любові да бліжняга, ад умення прабачаць, ад жыцця, згоднага з праўдай, якая робіць нас свабоднымі (пар. Ян 8, 32), ад гатоўнасці адмовіцца ад насілля, ад пашаны да розных меркаванняў, каб у разнастайнасці будаваць еднасць, як вучыў святы Ян Павел ІІ. Вялікі пост з’яўляецца для нас усіх, для нашага грамадства добрай нагодай для таго, каб вярнуцца на гэты Богам паказаны шлях, каб будаваць шчаслівую будучыню.

Там, дзе няма праўды, любові, міласэрнасці і прабачэння, няма будучыні.

Няхай Марыя, Маці Збаўцы, якая сёння знаходзіцца з намі ля падножжа Крыжа нашай Бацькаўшчыны і ў сэрцы беларускага Касцёла, падтрымлівае нас сваёй матчынай прысутнасцю, а благаслаўленне Уваскрослага Езуса няхай суправаджае на шляху да святла Пасхі Беларусі (пар. Папа Францішак, Пасланне на Вялікі пост 2021, 3). Амэн.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]