Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

70 навукоўцаў, літаратараў і грамадзкіх дзеячаў прапанавалі плян паратунку беларускай мовы і культуры

21.02.2021 культура
70 навукоўцаў, літаратараў і грамадзкіх дзеячаў прапанавалі плян паратунку беларускай мовы і культуры

Падпісанты лічаць, што патрэбнае перш за ўсё правядзеньне новых, сумленных выбараў.

Падпісанты лічаць, што патрэбнае перш за ўсё правядзеньне новых, сумленных выбараў, пасьля чаго новыя ўлады, маючы народны давер, змогуць ажыцьцяўляць неабходныя рэформы і зьмены ў заканадаўстве, паведамляе svaboda.org.

21 лютага, у Дзень роднай мовы, больш за 70 экспэртаў у галіне беларускай мовы і культуры, навукоўцаў, літаратараў ды іншых вядомых дзеячаў культуры падпісаліся пад Адкрытым лістом, ініцыяваным Працоўнай групай па падтрымцы беларускай мовы і культуры Каардынацыйнай Рады.

Сярод іншага звароце гаворыцца:

«Беларуская мова і нацыянальная культура апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы. Гэта вынік не толькі маштабнага дзяржаўнага крызісу апошніх месяцаў, але і мінулых дваццаці шасьці гадоў. Пры гэтым заняпад беларускай культуры — ня проста зьбег абставін ці нейкіх зьнешніх фактараў, а вынік дзяржаўнай палітыкі: палітыкі згортваньня беларусізацыі, барацьбы з уласнай спадчынай і нацыянальнай памяцьцю, барацьбы з беларускасьцю, будаваньня не паўнавартаснай нацыянальнай культуры незалежнай дзяржавы, а залежнай, другаснай, рэшткавай культуры».

Падпісанты выпрацавалі плян паратунку беларускай мовы і культуры ў сфэры дзяржаўнага будаўніцтва, адукацыі, культуры, інфармацыйнага поля, да якога яны гатовыя асабіста далучыцца.

Пры гэтым аўтары звароту называюць яны шэраг перадумоваў:

«Неадкладнае спыненьне палітычных рэпрэсій у дачыненьні да ўсіх дзеячаў культуры і мастацтва, як і да ўсіх грамадзян Беларусі.

Вызваленьне палітвязьняў, забесьпячэньне магчымасьці бесьперашкодна прыехаць у Беларусь тым, хто быў выгнаны з краіны.

Аднаўленьне на пасадах дзеячаў культуры, звольненых і вымушаных звольніцца па палітычных матывах; забесьпячэньне ім ранейшых умоў працы; прыцягненьне да адказнасьці вінаватых у супрацьпраўным звальненьні.

Правядзеньне новых, сумленных выбараў, пасьля чаго новыя ўлады, маючы народны давер, змогуць ажыцьцяўляць неабходныя рэформы і зьмены ў заканадаўстве».

Сярод падпісантаў — нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, літаратары Уладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў, Альгерд Бахарэвіч, навукоўцы і выкладчыкі Натальля Дуліна, Натальля Сівіцкая, Надзея Старавойтава, Аляксандр Фядута, Аляксандр Краўцэвіч, Алесь Белы, Сяргей Харэўскі, вядомыя культурныя і грамадскія дзеячы, выдаўцы, музыкі, рэлігійныя асобы, а таксама шмат замежных беларусістаў і славістаў — Курт Вулхайзер, Герман Бідэр, Радаслаў Калета ды іншыя.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]