Лаўрэатка літаратурнай прэміі імя Міхаіла Стральцова распавяла пра станоўчыя змены ў грамадстве.
З-за пандэміі Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце», які штогод у лютым адбываецца ў Мінску, сёлета праходзіў сціпла, часткова ў анлайн-рэжыме. Але гэта не паўплывала на традыцыйную і галоўную дзею мерапрыемства – уручэнне Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова. Чацвёртым яе лаўрэатам – пасля Алега Мінкіна, Анхелы Эспіносы Руіс і Анатоля Вярцінскага – стала паэтка з Рагачова Наста КУДАСАВА, з якой мы ў фестывальных кулуарах пагаварылі не толькі пра літаратуру, піша сайт «Народная Воля»
– Наста, віншую! Мне здаецца, Міхась Стральцоў на нябёсах задаволены такой лаўрэаткай – прыгожая, таленавітая ды яшчэ зямлячка. У вас, нягледзячы на малады ўзрост, ужо з паўтузіна розных прэмій. Стральцоўскую спадзяваліся атрымаць?
– Дзякуй за віншаванне! Вядома ж, не спадзявалася, для мяне гэта было вельмі прыемнай нечаканасцю і сапраўдным гонарам. Увогуле, я думаю, калі паэт пачынае чакаць прэмій і думаць, што ён іх заслугоўвае, яму можна толькі паспачуваць. Наўрад ці ён працягвае быць шчырым са сваёй музай. Усё ж паэзія – гэта пастаянная рана, якая не мусіць загойвацца, бо, калі табе не баліць па-сапраўднаму, атрымліваюцца так сабе вершы.
– Стральцоўская прэмія мае істотны дадатак – выдаецца новая кніга лаўрэата. У вас назвы кніг заўсёды незвычайныя – «Лісце маіх рук», «Маё невымаўля», і вось цяпер – «Вясна. Вуснам цесна». За адну назву ўжо трэба прэміяваць! Іван Мележ назву «Людзі на балоце» цэлы год шукаў. А вы доўга шукаеце?
– Так, звычайна назва выношваецца доўга, разам з кнігай – пакуль чакаеш гэтае дзіця, падбіраеш імёны… У дадзеным жа выпадку шукаць доўга не было магчымасці, бо і кніга стала нечаканасцю. Давялося арганізавацца хутка. Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч прапанаваў мне некалькі варыянтаў з маіх жа радкоў, і я зразумела, што нічога больш так не хочацца ў гэтыя дні, як вось гэтага жыватворнага пачуцця, калі вясна і вуснам цесна… Бо апошні год усіх вельмі змучыў.
– Вось я гартаю вашу новую кнігу і, як жарынкі з вогнішча, выграбаю прыдуманыя вамі словы: нізкімныя ночы, ехаць чалавекаспынам, у вачах сабакі невыгаўкны свет. Вам бракуе слоў у беларускай мове?
– Можна і так сказаць. У нашай мове безліч слоў, але можа быць яшчэ больш. Я ж не ствараю словы-абракадабры, яны ўсе маюць нармальную беларускую структуру. Напрыклад, слова «невыгаўкны» ўтварылася па аналогіі з «невымоўны». Думаю, ніводзін мовазнаўца не зможа мне патлумачыць, чаму такое слова не можа існаваць у нашай мове. Ці тыя ж «нізкімныя ночы». Калі ёсць «нішчымны», чаму не можа быць «нізкімны»?
– Яшчэ як можа! А калісьці нашы мовазнаўцы складуць слоўнік паэткі Кудасавай. Наста, вам бы ў конкурсах прыгажосці ўдзельнічаць (і там прэміі былі б вашы – я перакананы), а на вашым профілі ў «Фэйсбуку» – чорны авал. Чаму?
– Дзякуй за камплімент, сказаць па шчырасці, я ніколі не адчувала сябе надта прыгожай, усё жыццё прымушаю сябе працаваць над павышэннем самаацэнкі. Чаму замест фота чорны авал? Не ў мяне адной цяпер такі профіль. Я змяніла яго пасля смерці Рамана Бандарэнкі. І пакуль не бачу нагоды змяніць яго на штосьці каляровае. На вялікі жаль.
– Неяк у адным з інтэрв’ю вы саманазваліся іншапланецянкай. І гэта выглядала праўдападобна. Скажыце, падзеі пасля 9 жніўня канчаткова вярнулі вас на зямлю?
– Ведаеце, мая «іншапланетнасць» ніколі не замінала мне бачыць, у якім свеце мы жывём. То-бок я не магу назваць сябе чалавекам, далёкім ад палітыкі. Я ж нават думала пэўны час паступаць на гістарычны факультэт, бо ў школе моцна захаплялася гісторыяй Беларусі і ўжо тады была грамадскай актывісткай. Калі мне было 17, у 2001 годзе, са мной здарылася першая абарона Курапатаў, знаёмства з Паўлам Севярынцам, «Малады фронт». Карацей, я не магу сказаць, што падзеі апошняга часу збілі мяне з ног і сарвалі з вачэй ружовыя акуляры. Я заўсёды ведала, у якой краіне жыву.
– І я ведаў, але той дзікі гвалт, які пачаўся пасля 9 жніўня (і працягваецца да сёння), мяне проста агаломшыў.
– Ну так, ступень гвалту ў жніўні і мяне прымусіла на нейкі час анямець. Бо гэта было жахліва – усвядоміць, наколькі ж гісторыя не вучыць нічому, наколькі лёгка нацкаваць адных людзей на іншых і абудзіць усё самае нізкае і бесчалавечнае ў чалавеку. Гэтага я не чакала. Падалося, што стагоддзі эвалюцыі і культурнага развіцця былі марнымі. Але потым я неяк здолела гэта асэнсаваць. Да таго ж я ўбачыла і станоўчыя змены ў грамадстве. І, дарэчы, цяпер іншапланетнай я сябе ўжо не адчуваю настолькі моцна, як раней. Раней гэта была самота, неактуальнасць, несвоечасовасць. Цяпер жа ўбачыла, што я не такая ўжо і самотная ў гэтай краіне, са мной мой народ – прыгожы, мужны і шчодры.
– У снежні мінулага года вы разам з паэткамі Вальжынай Морт, Юляй Цімафеевай ды іншымі бралі ўдзел у Жаночым паэтычным маршы. Наколькі для вас гэта важна – удзельнічаць у падобных акцыях?
– Цяпер для мяне гэта важна, як ніколі. Спачатку мне здавалася: ну каму сёння патрэбны вершы, калі ў людзей такія праблемы, такі боль?.. А потым я ўбачыла, што мае словы здольны прыносіць іншым палёгку. У апошні час паэзія стала вельмі запатрабаванай, бо менавіта яна можа даваць імгненныя кароткія водгукі на тое, што адбываецца. І людзі такім чынам лечацца ад болю і роспачы.
– Калі я ўспамінаю ваш Рагачоў, то ўваччу паўстае адно відовішча: шырокі Дняпро падмывае берагі разам з магутнымі дрэвамі, і яны падаюць кронамі ў рачную плынь… Беларускую нацыянальную культуру таксама «падмывае», асабліва апошнія паўгода. Упадзём ці выстаім?
– Я ўпэўнена, што выстаім. Чым больш нам даводзіцца перажыць, тым больш чулымі людзі робяцца да свайго. Думаю, неўзабаве нас можа чакаць росквіт нацыянальнай культуры. Адзінае, што не хацелася б святкаваць яго ў падпольных умовах. Хочацца дачакацца таго «залацістага яснага дня», калі мы выйдзем на вуліцы, каб абдымацца, піць шампанскае, спяваць уголас беларускія песні і чытаць беларускія вершы.
– У Стральцова ёсць знакамітае эсэ «Загадка Багдановіча». А для мяне існуе і загадка Кудасавай. Вы скончылі рускую школу ў Рагачове, рускае аддзяленне філфака ў Мінску, пэўны час жылі ў Пецярбургу і – сталі выдатнай беларускай паэткай. У вас ёсць гэтаму нейкае рацыянальнае тлумачэнне?
– Я ж у школе чытала не толькі рускую літаратуру, а ўсё, што траплялася на вочы. Была такім апантаным чытачом, што мяне ўсе рагачоўскія бібліятэкаркі ведалі. І ў нейкі момант я проста адчула навакол беларускамоўны свет. Пачала свядома вучыць беларускую мову, выпісваць з кніг незразумелыя словы. Але ж аснова была ўва мне – ад бабулі, ад прабабулі, ад гэтай зямлі. Проста зерне ў патрэбны час упала не на камень.
– Ёсць двухмоўныя і нават трохмоўныя паэты. А вы можаце пісаць вершы не па беларуску?
– Не магу. Сёння часам нязручна быць беларускамоўным, але гэтыя ўмовы нам штучна навязалі. Можна навязаць іншыя ўмовы, і ўсім будзе зручна быць беларускамоўнымі. Усё павінна быць добра з беларускай мовай, я гэта адчуваю. І ведаю адно – мне трэба пісаць. Паэзія прыходзіць аднекуль, як музыка, і яна гучыць у маёй галаве толькі на беларускай мове.
– І ўсё ж які магніт прыцягнуў вас да беларушчыны?
– Па-першае, я веру ў моцную генетычную сувязь, якая выяўляецца менавіта праз мову, а ўсе мае бліжэйшыя продкі – беларусы. А яшчэ мне заўжды здавалася, што мовы нараджаюцца ў адпаведнасці з краявідам. То-бок менавіта гэтаму краю пасуе менавіта гэтая мова, толькі яна можа дакладна адчуць усе яго каменьчыкі, імхі, рэкі, палі, пагоркі, яго рыб і звяроў. Таму яна не можа не трапіць у само сэрца, гэта як ключ-разгадка да навакольнага свету. Я пражыла на гэтай зямлі большасць свайго жыцця, тут жылі ўсе мае продкі, таму ніякі іншы ключ мне не падыходзіць.
– А кім былі вашы продкі? Адкуль вашы карані?
– Тыя, пра якіх я ведаю, паходзяць з Рагачоўшчыны. І з мамінага, і з татавага боку. Род мой, здаецца, просты, сялянскі. Хочацца неяк знайсці час і магчымасці, каб атрымаць больш звестак пра свае карані. Мяне даўно цягне паглыбіцца ў вывучэнне свайго радаводу.
– Літаратурнай працай сёння беларускі пісьменнік пражыць не можа. Як выжываеце вы? Якім чынам зарабляеце на хлеб надзённы? У вас жа на руках яшчэ і двое непаўналетніх дзетак.
– Я сяджу дома з дзецьмі і займаюся рознымі падпрацоўкамі, часам іранічна называю сябе «дурніцай шырокага профілю». На жаль, сын хварэе на эпілепсію ад нараджэння, таму я не мела шанцаў наладзіць свой працоўны побыт так, як хацелася б. Але, з іншага боку, нішто не даецца дарэмна. Магчыма, менавіта такі жыццёвы рытм дазваляе мне больш пісаць. Я, дарэчы, мару зарабляць на хлеб надзённы літаратурнай творчасцю, каб можна было жыць, хай сабе і бедна. Пакуль што я бачу праблему не ў тым, што ў нас пісьменнікі кепскія ці чытачоў бракуе. З гэтым якраз усё добра. Проста ў Беларусі адсутнічае механізм падтрымкі і прасоўвання літаратуры, а гэта абавязкова мусіць рабіцца на дзяржаўным узроўні.
– Калі вы з раніцы чытаеце апошнія навіны, які настрой пераважае ў вашай душы – злосць, разгубленасць, адчай?
– Цяпер усё часцей адчай і бяссілле. Але гэта толькі з раніцы. Потым цягам дня абавязкова здараецца якая-небудзь цудоўная дробязь, якая вяртае раўнавагу і нагадвае аб тым, што дабра на свеце ўсё ж болей, чым зла.
– Няўмольна набліжаецца сакавік, на беларускіх рэках ужо шэпчуцца крыгі. Чаго вы чакаеце ад вясны – для сябе, для родных вам людзей, для краіны?
– Для сябе я чакаю шчасця і здзяйснення адной вельмі важнай мары. Хоць жыццё, здавалася б, прымусіла не чакаць нічога добрага… Але нават калі задуманае не здзейсніцца, я не буду адчайвацца. А вось для краіны я баюся чагосьці чакаць. Я разумею, што змены да лепшага непазбежныя, сама логіка жыцця іх дыктуе. Але як хутка чакаць тых змен? Тут я не бяруся прагназаваць. Лепш настроіцца на доўгае чаканне, не спадзявацца на імгненны вынік, тады ў нас хопіць сіл дажыць да перамогі.