Заклапочанасць сітуацыяй у Беларусі выказаў сінод евангеліцка-лютэранскай царквы Паўночнай Германіі.
Пра гэта паведамляе «Радыё Рацыя».
«Больш за паўгода Беларусь перажывае дзяржаўны крызіс, які з самага пачатку суправаджаўся крызісам гуманітарным. Бязмежны гвалт з боку дзяржавы да мірных дэмакратаў ужо неаднаразова асуджаўся цэрквамі ўсіх канфесій у Беларусі», – адзначаецца ў заяве.
«На знак цеснай сувязі з братамі і сёстрамі, а таксама з пачуцця палітычнай адказнасці» сінод выказвае салідарнасць з усімі, хто мірнымі спосабамі выступае за свабодныя выбары, вяршэнства права і чалавечую годнасць, і выказвае глыбокую заклапочанасць становішчам тых, хто з-за сваёй пазіцыі вымушаны баяцца за сваё жыццё з прычыны гвалту з боку дзяржавы. Сінод заяўляе аб безумоўнай падтрымцы тых, хто па палітычных матывах «падвергся пераследам, арышту, катаванням, гвалту, быў забіты, адлічаны з ВНУ, звольнены, прыніжаны, падвергнуўся пагрозам і прымушаны да эміграцыі».
Евангеліцка-лютэранская царква Паўночнай Германіі адзначае таксама, што «відавочна сфальсіфікаваныя выбары» выклікалі ў краіне «выбух абурэння», на вуліцы выйшлі сотні тысяч людзей. Еўрапейскія народы павінны берагчы каштоўнасць права і справядлівасці, заўсёды змагацца за дэмакратыю і свабоду.