Прыгожыя, душэўныя, смелыя і непахісныя ў супрацьстаянні.
Сітуацыя ў Беларусі застаецца складанай, але не такая, якой яе паказваюць прапагандысты і сілавікі, узнагароджаныя медалямі і ордэнамі. Народны пратэст не «сдулся», як задаволена лічыць рэжым, а, нібыта магма ў вулкане, спее, каб з новай сілай выбухнуць грознай лавай.
У наш час стала немагчымым схаваць праўду. Палітычная актыўнасць нацыі, магутны мірны пратэст, шматтысячныя маршы сталі ў 2020 годзе важнай навіной у свеце. Асвятленне супрацьстаяння паміж народам і рэжымам працягваецца.
Увага міжнароднай супольнасці цяпер прыкавана да неймаверна жорсткай судовай расправы над сотнямі мірных грамадзян Беларусі, над журналістамі, якія выконваюць прафесійны абавязак. Трэба сказаць праўду: у Беларусі грамадзянскай вайны ў класічным азначэнні няма, бо адна частка народа не ваюе з другой. Ёсць подлыя даносы, дробнае паскудства і агрэсіўныя выпады самых зацятых «ябатьков-забатьков», але гэта — з’явы лакальныя.
У рэальнасці ідзе маштабная рэпрэсіўная зачыстка дыктатарам абуджанага грамадства ад імкнення да свабоды, праўды, законнасці і справядлівасці.
Цяпер людзі тысячамі не выходзяць на вуліцы з пратэстам па прычыне неспрыяльнага надвор’я і татальнага «хапуна». Але маршы ў дварах, акцыі салідарнасці з палітычнымі вязнямі не спыняюцца. Дубінкі, кулі, аўтазакі, знясільваючыя суды і турмы не здольныя памяняць чалавечыя сэрцы і душы, знішчыць унутраную свабоду беларусаў.
Мая гаворка пойдзе пра цікавы аспект у палітычнай і прававой рэчаіснасці. Прадстаўнікі дыктатуры здаўна выяўляюць вялікую нянавісць і жорсткасць да палітычных апанентаў, а цяпер і да большасці народа, але адначасова патрабуюць далікатнага стаўлення да сябе.
Варта згадаць загадкавыя знікненні і смерці палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, журналістаў, пасадкі за турэмныя краты знакавых постацяў у эканоміцы, разгоны мірных маніфестацый, стварэнне «кішэннага» парламента, закрыццё свабодных СМІ, ліквідацыю незалежных судоў, каб зразумець, што гвалт у Беларусі — гэта не лакальныя праявы або перабор у жорсткасці канкрэтных выканаўцаў, а сутнасць дыктатарскай сістэмы.
У народзе ёсць выслоўе: «Ведае кошка, чыё сала з’ела». Яно згадваецца, калі бачыш выкрутасы вертыкальшчыкаў і сілавікоў па забеспячэнні сабе недатыкальнасці цяпер і на будучыню. А. Лукашэнка на гэтак званым «Всебелорусском народном собрании» завёў яшчэ не чутую «шарманку»: «Главное мое условие ухода из власти: в стране мир, порядок, никаких протестных действий, не переворачивать страну, высказывать в рамках закона мнение. Второе условие: если сложится так, что к власти придут не те, и у них будут другие взгляды, вторым пунктом мы запишем, что ни один волос с вас, сторонников нынешнего президента, упасть не может». Дарэчы, такі настрой пошуку далікатнасці нарадзіўся і ў Крамлі, указ пра ўласную недатыкальнасць падпісаў расійскі правіцель У. Пуцін.
А прысутныя ў Палацы рэспублікі з каменнымі, змрочнымі тварамі слухалі новыя матывы ў «песнях» традыцыйнага «саліста».
Чыноўнікі, сілавікі Беларусі і Расіі забяспечваюць сабе «недатыкальнасць», якой няма нідзе ў іншых краінах, прыняццем падагнаных пад сітуацыю законаў. Іх задача — пазбавіць людзей юрыдычных магчымасцяў у адстойванні правоў і свабод, любымі спосабамі падавіць пратэсты. Падобную сітуацыю характарызаваў славуты Цыцэрон: «Чым бліжэй крах імперыі, тым больш вар’яцкія яе законы».
Зменамі ў заканадаўстве два народы ўзяты ў ціскі так, што не могуць паварушыцца і нават адкрыць рот, каб нешта вымавіць у абарону праўды і справядлівасці.
Мяне ўзрушыла жангліраванне чыноўнікаў і сілавікоў у публічных заявах такімі паняццямі, як «нацызм» і «фашызм». Міністр замежных спраў У. Макей сказаў, што пратэст народа вядзе да «фашиствующей демократии»(!). Зноў робіцца дэмагагічны кульбіт, апанентам прыпісваецца тое, што вытварае сам рэжым. Хто малоціць дубінкамі дзяўчат, жанчын, падлеткаў? Хто б’е нагамі ляжачых людзей? Хто ставіць на доўгі час затрыманых ля сцяны з узнятымі ўгару або зведзенымі на патыліцы рукамі, як гэта было ў 1941 годзе з савецкімі ваеннапалоннымі? Хто труціць пратэстуючых газам? Якраз акупанцкія паводзіны амапаўцаў і іншых сілавікоў на вуліцах і ў дварах выклікаюць народнае абурэнне.
Усе акупанты дамагаюцца пасіўнасці, абыякавасці, рабскай пакорлівасці ад насельніцтва. Нямецкія ідэолагі ў час апошняй вайны дакладвалі з Мінска ў Берлін пра «пасіўнасць і палітычную тупасць беларусаў», але ўсё скончылася гераічнай падпольнай і партызанскай барацьбой з фашыстамі.
Дыктатарскія чыноўнікі і сілавікі да 9 жніўня 2020 года радаваліся, што кар’ера будуецца на «тишайшей ниве», сярод «самого покорного населения», спадзяваліся на «толерантность и отсутствие агрессии» (цытуюцца словы з інтэрв’ю кіраўнікоў Беларусі), а таму былі страшэнна абураны пратэстамі.
У многіх сілавікоў нічога не звязана з Беларуссю. Нарадзіліся па-за межамі, вучыліся ў Расіі. Для іх наша зямля і народ — гэта толькі атрыбуты месца службы і пражывання. Адсюль такое жорсткае стаўленне да «абарыгенаў».
Пры ўсёй павазе да нармальных праваахоўных органаў, за працай якіх на масавых акцыях мне давялося назіраць у Італіі, Францыі, Германіі, ЗША, Даніі, падкрэслю, што не на іх трымаецца любая краіна. Яе хрыбет — людзі, якія ствараюць нацыянальны прадукт. Цывільны народ асноўны ў грамадстве, а сілавікі, якіх ён корміць і забяспечвае, абавязаны дапамагаць мірна жыць і працаваць. У нас жа ўсё наадварот. Народ стаў рабом у сілавікоў.
Стварэнні з чалавечым тварам, лексіка якіх на 50% складаецца з мата, прытым няма розніцы колькі і якіх лычак або зорачак на пагонах, якія б’юць і катуюць, называюць людзей «животными», раптам перайшлі ў сатус надта далікатных, залямантавалі пра парушэнне «этики», пра тое, што іх абражаюць, пагражаюць ім і сем’ям, «даже применяют физическое воздействие». Не смяшыце народ галаслоўнай балбатнёй! А ўрэшце трэба не парушаць службовыя абавязкі, і ніхто вас не пакрыўдзіць.
Але адважны далікатны кантынгент без двухкосся ў Беларусі ёсць. Героі былі не толькі ў гісторыі, тысячы нарадзіліся цяпер. Я захапляюся мужнымі хлопцамі і мужчынамі, але які цуд нашы юныя дзяўчаты, сталыя жанчыны і мудрыя бабулі — прыгожыя, душэўныя, смелыя і непахісныя ў супрацьстаянні!
Інтэрнэт даносіць мілыя абліччы, разумныя словы, нацыянальную сілу і энергію прадаўжальніц беларускага роду ў вечнасці. Яны ёсць, таму змаганне за свабоду — не безнадзейнае.
Мы пакуль стаім на першай прыступцы палітычнай культуры і актыўнасці, але любоў да неўміручай беларускасці дае падставы спадзявацца, што з кожным новым крокам ісці ў будучыню будзе лягчэй і радасней.
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com