Да свайго юбілею выданне падрыхтавала адмысловы альбом.
Падзяліцца 65 гадоў споўнілася тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва», перадае «Радыё Рацыя».
Гэта важнае свята беларусаў Беласточчыны, але і агульнай беларускай прасторы, – кажа галоўны рэдактар газеты Яўген Вапа.
Ён узгадвае, што першае знаёмства з «Нівай» для яго і для многіх адбылося яшчэ ў дзяцінстве:
– Першы ўспамін свайго дзяцінства і першыя літары, з якімі знаёміўся чалавек, гэта былі кірылічныя літары ў «Ніве» і ў хатніх кнігах, якія тады купляліся. У мяне дома «Ніва» была заўсёды. Бацька, пішу і ўспамінаю, як такі сентымент, а таксама іншыя людзі гэтага хацелі, слухаць і чытаць. Мая суседка не ведала добра мовы, была ўжо слепаватая, мама беларускай мове не вучылася, таму тата кожную нядзелю спаўняў яшчэ ролю агульнага чытача, бо чытаў для мамы і для суседкі.
Да свайго юбілею праграмная рада тыднёвіка «Нівы» падрыхтавала адмысловы альбом са здымкамі з розных гадоў, якія зафіксавалі імгненні беларускага жыцця на старонках газеты, пачынаючы з яе заснавання ў сакавіку 1956 года.
Раней ужо выдалі альбом з фотаздымкамі асобаў «Нівы», цяпер падыход быў іншым – працягвае Яўген Вапа:
– Проста захацелася, каб такі альбом паказаў здымкі другога кшталту ў «Ніве». Не асобаў, а толькі той прасторы, у якой мы жылі, і матэрыяльнай, і духоўнай.
Тыднёвік «Ніва» 65 гадоў апісвае штодзённае жыццё беларусаў у Польшчы, публікуе матэрыялы на грамадскую, культурную тэматыкі, шмат краязнаўчых артыкулаў. Для дзяцей ёсць адмысловы дадатак «Зорка». Заснавальнікам і першым галоўным рэдактарам «Нівы» быў Георгі Валкавыцкі, таксама ў розныя гады выданнем кіравалі: Яўген Мірановіч і Віталь Луба.
Рэдакцыя Charter97 віншуе калегаў са святам!