Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Някляеў: «Пра ўсіх нашых ластавак, якія ўскрылілі, каб разагнаць груганнё»

08.03.2021 общество
Някляеў: «Пра ўсіх нашых ластавак, якія ўскрылілі, каб разагнаць груганнё»

Пісьменнік і экс-кандыдат – беларускам.

О, беларускія паненкі!..

На крылах – белыя сукенкі,

На ножках – лёгкія балеткі,

У закаханых сэрцах – кветкі…

– Вось такімі, у белых сукенках з кветкамі, яны і выйшлі супраць чорнай зграі.., – пiша паэт Уладзімір Някляеў. – Я дасюль адчуваю непазбыўную віну перад імі. Мы не мусілі дапусціць, каб нехта падняў руку на нашых жанчын. На самае гожае і светлае, што ў нас ёсць. Але мы гэта дапусцілі. Больш за тое: мы не сталі паперадзе іх.

У Мандэльштама ў вершы «Сумерки свободы»:

Мы в легионы боевые

Связали ласточек…

Гэта пра Кацю Андрэеву, Кацярыну Барысевич, Дар’ю Чульцову, Марыю Калеснікаву, Алену Леўчанку, Вольгу Хіжанкову – пра ўсіх нашых ластавак, якія ўскрылілі, каб разагнаць груганнё, што засціла неба. І апынуліся ў клетках. Не ў залатых.

Я не кажу, што не было дастойных іх мужчын. Былі і ёсць. І ўсё ж, і ўсё ж, і ўсё ж...

Мала – павіншаваць іх з вясной!

Мала, стаўшы на калені, пацалаваць ім рукі.

Мы павінны выкупіць віну перад імі.

Прамоўленыя сэнсы ўсе, якія

Прамовіць людзям дадзена.

Марыя!

Прашу цябе, маўчы! Не паўтарай

Таго, што чуў ад розных і ад многіх –

Сляпых, глухіх, бязрукіх і бязногіх –

Пра смерць, пра грэх, пра пекла і пра рай.

Марыя! Толькі Бог адзін між намі.

Нікога больш. Нічога. Ты грахамі

Напоўнена спакусліва таму,

Што ўбачылася гэтакай Яму –

Такою стала пад Яго рукамі.

Такой і будзь, як Ён стварыў, малю!..

Як Ён, Марыя, я цябе люблю,

Як Ён, Марыя, я цябе кахаю,

Цалуючы, удыхваю душу,

І калі нават я з табой грашу,

Ягонымі рукамі абдымаю,

Ягонымі рукамі калышу.

Як Ён, табой любуюся… Марыя!

Усе твае грахі Гасподзь укрые,

Ты – сон Ягоны, ты – Ягоны міт,

І каяцца ні ў чым ты не павінна,

Як каяцца ні ў чым не мусіць гліна,

З якой паўстала грэшная Лаліт.

Ёсць ты і Ён. Астатняе – пустое,

І ў пустаце, калі захоча Бог,

Пераліецца грэшнае ў святое,

І Ён табе даруе нават тое,

Што ў райскім садзе дараваць не змог.

Марыя, спі! У Бога на плячы

Маўчы пра смерць і пра жыццё маўчы,

Бо ўсё сказалі мёртвыя й жывыя,

Бо ўсім, што ёсць і будзе на зямлі,

Напоўніліся сэнсы ўсе, калі

Бог выдыхнуў імя тваё,

Марыя…

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]