Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларусам трэба быць пільнымі і змабілізаванымі

09.03.2021 политика
Беларусам трэба быць пільнымі і змабілізаванымі

Захаваць нацыю і незалежнасць мы зможам толькі самі.

Дыктатары прысабечылі права рашаць за народ, падмяняюць сваёй асобай дзяржаву. На палітычнай карце свету не стала беларусаў і расіян, засталіся А. Лукашэнка і У. Пуцін. Яны маюць абсалютную ўладу, кантралююць вертыкаль, усё падганяюць пад уласныя прыдумкі, якія вельмі часта бываюць архаічнымі і недарэчнымі. Грамадзянам застаецца адно — выконваць каманды.

Усталяванню аўтарытарных сістэм спрыялі не толькі постсавецкія «абарыгены», затаптаныя таталітарызмам, але і многія заходнія палітыкі, дэманізуючы нахабных індывідаў, гуляючы ў «выхаваўчую дыпламатыю».

Звычайныя вясковы і гарадскі «сыны вуліцы», дарваўшыся да прэзідэнцкіхкрэслаў у параўнаўча маладым узросце, уявілі сябе «вершителями народных судеб», «мессиями», хоць да старасці захавалі філасофію нішчымнага маленства: вырываць дары лёсу не здольнасцямі, а пераважна інтрыгамі, шантажом і сілай. «Харызматычнымі і ўдачлівымі палітыкамі» яны бачацца абываталям, якія прывыклі рабалепстваваць перад пасадамі і начальнікамі.

Беларусы памятаюць жнівеньскія і вераснёўскія дні 2020 года: страх рэжыму, няўменне чыноўнікаў гаварыць з пратэстуючымі грамадзянамі, якія адчулі сябе важнай фігурай на палітычным полі. Сітуацыя была складанай, аднак народныя сілы мелі перавагу.

Грамадзянам Беларусі думалася, што дыктатар, не падтрыманы большасцю выбаршчыкаў, прызнае паразу і сыдзе. Але аказалася, што ўлада, якую так апантана любіць А. Лукашэнка, важней народа. Гаворку з людзьмі ён звёў да выкарыстання дубінак, куляў, светлашумавых гранат, калючага дроту, вадамётаў, аўтазакаў і турмаў. Толькі і рэпрэсіі сілавікоў не зламілі грамадзян.

Але якраз у самы напружаны момант у канфлікт умяшаўся У. Пуцін з грашыма і «рэзервам сілавікоў на мяжы з Беларуссю». Гэта быў чарговы «падарунак» беларусам ад фанабэрыстага расійскага двухгаловага арла, які даўно стаў драпежным крумкачом у стаўленні да суседніх і нават далёкіх народаў.

Акрамя таго, да канца даціснуць дыктатуру не дапамог Еўразвяз, які гнеўна асуджае А. Лукашэнку, лічыць яго нелегітымным, захапляецца выключным гераізмам беларусаў, але абыходзіцца «камарынымі ўкусамі», не прымаючы эфектыўных караючых санкцый за фальсіфікацыю выбараў і рэпрэсіі.

Прагматыка еўрапейскіх палітыкаў зразумелая, на іх ціснуць нацыянальны бізнес і лабісты беларускіх алігархаў. Але як тады спыніць рэжым, які на вачах усяго свету тэрарызуе наш народ?

Беларусы кожны дзень ідуць пад дубінкі амапаўцаў, арыштоўваюцца, зневажаюцца рашэннямі судоў, пакутуюць у турмах. Так не павінна быць!

Тэма стасункаў Беларусі і Расіі жыве ў маёй паэзіі і публіцыстыцы здаўна. Цытую верш «Пацалунак крумкача», напісаны ў пачатку студзеня 1996 года:

Беларусь адкрыла вочы,

Каб свой вольны шлях пачаць,

Ды за ёю пільна сочыць

Хцівы назірк крумкача.

Ёй, пакуль што ледзь відушчай,

Лёгка зблытаць ноч і дзень.

На лугі, палі і пушчы

Наплывае змрочны цень.

Як раней, жаніх глюгаты

Да галубкі прыстае,

У агромністую хату

Цягне, валачэ яе.

Ён на шлюб чакае згоды…

Хоць ты смейся, хоць ты плач –

Не пускае на свабоду

Птушку ўчэпісты крумкач.

Шэпча: «Ты адна такая…

Без цябе — ну як мне жыць?..»

Абдымае, прыціскае

Так, што можа задушыць…

Ёсць у нас з няволі выйсце:

Стаць — плячо каля пляча,

І тады вачэй не вып’е

Пацулунак крумкача.

Прайшло 25 гадоў. Сітуацыя вярнулася «на круги своя». Беларусы трапілі ў палітычны тупік, створаны дыктатарам. А. Лукашэнка перашкаджае давесці пратэстную волю народа да лагічнага завяршэння. А пуцінская чэкісцка-армейска-алігархічная Расія мае магчымасці даціскаць «незгаворлівага суседа» да такой інтэграцыі, якая можа перарасці ў каланіяльную залежнасць.

Якраз такую небяспеку стваралі «саюзная дзяржава» і «халява» ад багацейшага суседа, якім радаваліся А. Лукашэнка і яго электарат у 90-х гадах ХХ стагоддзя. Тады ў публікацыях я выступаў катэгарычна супраць. Нават першакласнік ведае, што вялікая рыбіна заўжды заглынае меншую, што за ўсё трэба плаціць.

З самага пачатку Беларусі неабходна было будаваць стасункі з Расіяй не на хісткім грунце «гарачых абдымкаў», а на прыязным, адкрытым партнёрстве.

Цяпер усё ахутана цемрай. Важныя моманты палітычнага і эканамічнага жыцця дзвюх краін засакрэчаны, прапаганда пераключае ўвагу беларусаў і расіян на пустыя праблемы. Пад шум пра прыдуманую на хаду рэформу Канстытуцыі РБ або пра вяртанне помніка Дзяржынскаму на Лубянку ідуць фарсіраваныя інтэграцыйныя перамовы, у якіх на першы план выступілі падатковая сістэма, кааперацыя ў ВПК, узмацненне абарончага саюзу, сумеснае інфармацыйнае супрацьстаянне «варожым СМІ».

Прыўладныя палітолагі бяруць чужыя ідэі і выдаюць іх за вынаходніцтвы А. Лукашэнкі. Так выглядае «міратворчая задума» зрабіць Беларусь мастом сувязі паміж Усходам і Захадам.

Гаворка пра гэта вялася ў першыя месяцы незалежнасці. Але каб будаваць мост, трэба зацікаўленасць, разуменне, давер, праўдзівасць з двух берагоў. А цяпер у А. Лукашэнкі і У. Пуціна паўсюль, як унутры, так і звонку ў Еўропе, — адны ненавісныя «ворагі».

У геапалітычным сэнсе мы жывем на тэктанічным разломе, на стыку дзвюх глабальных цывілізацый — Еўропы і Азіі. Беларусь — краіна еўрапейская, кампактная, а Расія — еўраазіяцкая, велізарная, з мноствам нацыянальнасцяў. Выразна бачна ментальная непадобнасць беларусаў і расіян. Мы павінны ісці на свабоду, падтрымліваючы адзін аднаго, але ўласнымі шляхамі.

Пытанне з А. Лукашэнкам вырашыцца, будзе ліквідавана важная прычына нашага «васальства». Аднак небяспека страціць незалежнасць застаецца. Мы сціснуты накінутай удаўкай эканомікі і мілітарысцкай валтузні. Змрочныцень крумкача сыходзіць з Беларусі не збіраецца. Устрапянуліся нават расійскія імперскія мастадонты У. Жырыноўскі, Г. Зюганаў, А. Праханаў.

Захапіць уладу нацэліліся крамлёўская агентура і прарасійскія кадры, якіх шмат сярод мясцовых вертыкальшчыкаў і сілавікоў. Усцягванне на трон новага дыктатара таксама не выключана.

Беларусам трэба быць пільнымі і змабілізаванымі на тое, каб даць адпор усім прыхаваным хітрыкам. Тут нам ніхто не дапаможа, захаваць нацыю і незалежнасць мы зможам толькі самі.

Нягледзячы на вялікадзяржаўніцкую пыху, расіяне, за выключэннем самых ашалелых ад «скрепов» і «богоизбранности», прыязна ставяцца да беларусаў. Мы таксама паважаем разумных, адэкватных у паводзінах суседзяў.

Менавіта на каштоўным народным пазітыве, які супраціўляецца хцівым прыдумкам дыктатараў, сілавікоў і алігархаў, трэба будаваць добрыя, узаемавыгадныя стасункі паміж суверэннымі краінамі.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]