Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Марына Адамовіч: Мы з Мікалаем заўсёды гаварылі — калі з’явіцца надзея, вы не пазнаеце беларусаў

12.03.2021 политика
Марына Адамовіч: Мы з Мікалаем заўсёды гаварылі — калі з’явіцца надзея, вы не пазнаеце беларусаў

«Залп Аўроры» можа прагучаць для Беларусі ў любую хвіліну.

Жонка Мікалая Статкевіча распавялв аб умовах утрымання мужа-палiтвязня i пра тое, што выратуе беларусаў.

— А вы сумняваецеся? — усміхнулася Марына Адамовіч у адказ на пытанне «Салiдарнасцi» пра настрой, які прасочваецца праз лісты яе мужа. — Калі мы гаворым пра майго мужа, можаце не сумнявацца, Мікалай —абсалютна вольны чалавек!

Больш за дзевяць месяцаў палітвязень Мікалай Статкевіч знаходзіцца за кратамі. Яго жонка Марына ўжо даўно ведае, чым адрозніваюцца рэжымы ў СІЗА і калоніі, i як павялічваецца адлегласць паміж Мінскам і Жодзіна, калі яна вымяраецца ў лістах.

Яна, як і ўсе, захапляецца беларусамі, упэўнена, што жах, які адбываецца, не мае перспектываў. Адзінае, што катэгарычна забараняе гэтая мужная жанчына, не жадаць ёй «трымацца». Чаму? Аб гэтым і іншым яна распавяла «Салідарнасці».

— Я падазраю, што магчыма на гэтым тыдні праходзяць, ціпа, нейкія следчыя дзеянні, бо выклікалі адваката. Таму ў мяне ёсць падставы меркаваць, што, мажліва, з’явіцца якая-небудзь інфармацыя.

— А дагэтуль праводзіліся нейкія следчыя дзеянні?

— Абсалютна не. Мікалай, як і ў 2010-м годзе, ні ў якіх следчых дзеяннях не ўдзельнічаў. Таму я лічу, што тое, што адбываецца, гэта проста прымусовае гвалтоўнае ўтрыманне яго пад вартай.

— Ці даходзяць зараз да вас яго лісты?

— Не магу сказаць, што ўсе, але, з большага, даходзяць. Лісты розныя, бываюць прыватныя, бываюць аб сітуацыі ў краіне. Ён адгукаецца на тое, што адбываецца, на гэтыя судовыя працэсы, на неадэкватныя дзеянні так званых уладаў.

Лісты ідуць вельмі марудна, звычайна дзён дзесяць, а то і больш, насуперак любым нормам, бо на цэнзуру даецца тры працоўных дні, згодна з правіламі ўнутранага распарадку.

Проста, відаць, людзі, якія ўпэўніліся ў сваёй беспакаранасці, не спяшаюцца прытрымлівацца правілаў, ведаць іх, чытаць нейкія дакументы, таму што, як адзін сказаў, «иногда не до законов».

Плюс, нахапалі людзей велізарную колькасць, а штат цэнзараў, мабыць, не павялічылі. Мяркую, што звычайны кантынгент зняволеных не мае такой інтэнсіўнай перапіскі, як зараз кожны палітзняволены. Вось і не спраўляюцца.

— Ці атрымлівае лісты ваш муж?

— Казаў, што ў яго накапілася багата лістоў, на якія ён проста фізічна не паспявае адказаць. У студзені ён хварэў і тады не мог адказваць. Чым хварэў, не ведаю, сімптаматыка прастуднага захворвання, можа ковід, можа проста бранхіт. Бо ў турме было вельмі холадна і ён не здымаў куртку нават ў камеры нейкі час. Відаць, прастудзіўся.

— Як ён зараз сабе адчувае, ці ведаеце?

— Ён сам піша мне, што яму лепш, але адвакат, які яго бачыў, сказаў, што крыху яшчэ пакашлівае, але ні на што не скардзіцца.

— Ці можна было перадаць яму нейкія лекі?

— Тэарэтычна можна, практычна амаль нерэальна перадаць нічога людскага, таму што там абмежаванні такія: антыбіётыкі нельга, вадкія формы нельга, то бок ні «паласкалкі» для горла, якія былі б эфектыўныя, альбо «пшыкалкі» якія-небудзь. У метале-шкле нельга, толькі таблетачкі нейкія, гарбаты ўсякія бранхіяльныя таксама нельга. З таго, што я прывезла, узялі літаральна парацэтамол і яшчэ нешта.

Лекі можна перадаць адзін раз на тыдзень на працягу двух гадзін. Калі ты, напрыклад, даведаўся ў той самы чацвер, што лекі патрэбныя, то ты здолееш перадаць іх только праз тыдзень.

Як яго лячылі? Мікалай мне напісаў, а на той момант ён ужо хварэў дастаткова доўга, у іх знайшлося дзве таблеткі нейкія. Калі я вазіла лекі, я папрасіла лекара звярнуць увагу, але што і як было, ня ведаю.

— Ён па-ранейшаму ўтрымліваецца адзін?

— Так, ён і зараз адзін. У яго ёсць тэлевізар, я перадала, і падпіска. На вялікі жаль, зараз з незалежнай прэсай усё дрэнна, ну, хаця б, больш-менш нейтральныя выданні.

— А як з перадачамі?

— Для людзей, якія ўтрымліваюцца пад вартай, ці ў дачыненні да якіх прысуд не ўступіў у законную сілу, — можна перадаваць 30 кг на месяц, альбо дасылаць пасылкі ці бандэролі ў неабмежаванай колькасці. Прычым перадаць перадачку ці паслаць пасылку альбо бандэроль да іх можа любы чалавек. Гэта карэннае адрозненне ад людзей асуджаных, якія маюць ўсяго 1-4 перадачы на год, і толькі ад сваякоў.

Калі хтосьці жадае дапамагчы зняволенаму, калі ласка, звяжыцеся са сваякамі, каб даведацца, што чалавеку можна адправіць.

Гэта і спосаб паказаць чалавеку, што пра яго не забылі. Любому зняволенаму — і падследнаму, і асуджанаму — можна і перавесці грошы паштовым пераводам на той жа адрас, на які вы пішаце лісты. Грошы, у адрозненне ад лістоў, не «губляюцца», даходзяць да адрасата. Тады чалавек можа скарыстацца паслугамі так званай «атаваркі» і набыць тое, што яму неабходна.

— Што можна дасылаць Мікалаю Віктаравічу?

— Ён чалавек з вялікім досведам, за гэтыя доўгія гады ў яго ўжо выпрацаваны пэўны падыход да таго, што ў турме галоўнае захаваць сваё фізічнае і псіхічнае здароўе. Таму ён звычайна  вельмі рацыянальна падыходзіць да харчавання.

Калі мы гаворым пра тое, што можна перадаваць, то гэта найперш арэхі ці сухафрукты, прычым пералік іх дастаткова абмежаваны, бо з сухафруктаў не дазволены рызынкі і чарнасліў, і з таго, што ў нас прадаецца, застаецца толькі курага. Семкі ніякія не дазволены. Таксама можна сыравяленае мяса ці каўбасу, сала, пячэнькі, зефір, я думаю, што могуць дайсці нейкія апельсіны ці мандарынкі, тое, што не сапсуецца хутка. Кава ці зялёная гарбата, якую ён п’е.

Гэта ўсё можа даслаць любы чалавек любому чалавеку, у дачыненні да якога прысуд не ўступіў у сілу, я гэта падкрэсліваю. Калі прысуд уступае ў сілу, пачынаюць дзейнічаць іншыя правілы, там вельмі жорсткія абмежаванні на пасылкі, перадачы, бандэролі і гэтак далей, прычым яны залежаць ад рэжыму. Уласна кажучы, толькі гэтым рэжымы і адрозніваюцца, колькасцю пасылак, перадач, спатканняў на працягу года.

— Дзе вы чэрпаеце сілы ўвесь гэты час, хто вам дапамагае?

— Насамрэч, сілы, безумоўна, не бязмежныя, яны маюць тэндэнцыю вычэрпвацца. Але ж вельмі моцная падтрымка блізкіх, сяброў і ў гэты раз беларусы прадэманстравалі такую магутную салідарнасць, такую сфармаваную грамадзянскую супольнасць!

Беларусы мяне ўвогуле радуюць. Я абсалютна перакананая, што калі сітуацыя ў краіне памяняецца, беларусы хутка зробяць сябе прыгожую краіну. Прыгожую, утульную, разумную, арганізаваную і вельмі-вельмі прыдатную для жыцця.

— Раней мы лічылі сябе толькі талерантнымі і памяркоўнымі, і больш нічога пра сябе не ўяўлялі.

— Гэта вывучаная бездапаможнасць. Мы з Мікалаем заўсёды гаварылі іншае і гэта можна запісаць на наш такі сямейны шчыт: калі з’явіцца надзея, вы не пазнаеце беларусаў.

Беларусы кожны раз, калі з’яўлялася хоць мінімальная надзея, дэманстравалі такія самыя лепшыя чалавечыя вартасці.

— Але ж большасць заўважыла толькі ў мінулым годзе тое, што мы зусім іншыя, чым нам самім пра нас унушалі.

— Я многія гады гаварыла і настойліва гэта паўтараю, мая асноўная прэтэнзія да гэтай улады акурат у тым, што яна выцягвае з людзей усё самае горшае, што ў іх ёсць, запатрабуе і культывуе яго. То бок, гэта ўлада пабудавана на культываванні горшага ў чалавеку, трымаецца на гэтым.

І беларусы выгадавалі ў сабе, ў рэшце рэшт, пратэст. У прыродзе ж павінна быць гармонія, раўнавага. Нельга ж жыць увесь час, апіраючыся на горшае.

Усё, што адбывалася летам, тое, чаму здзіўляўся ўвесь свет, як беларусы ні адной травінкі не растапталі, ні адной кветачкі, ні воднай галінкі не зламалі, ні воднай паперкі не пакінулі, мы і самі не разумелі, што гэта было. Усё ж такі, ты прязджаеш у лес і бачыш другую карціну, асабліва ў месцах адпачынку.

Я заўсёды здзіўлялася таму, што людзі, мабыць, думаюць, што ў іх заўтра з’явяцца новыя азёры, берагі, лес. Ну як можна так гадзіць, ты ж у наступным годзе прыедзеш сюды зноў!

Я ўпэўнена, што тое, што мы назіралі і працягваем назіраць, паглядзіце, агалілася зямля і смецця ў горадзе няма, як гэта бывае звычайна пасля зімы, я думаю, што гэта — неўсвядомленная дэкларацыя таго, што мы іншыя, што нам надакучыла падпарадкоўвацца гэтым гнусным правілам, што мы не «народзец», мы жывем не ў «гарадзішку», не на «клачку зямлі».

— Беларусы ўбачылі свой сапраўдны твар?

— Так, мы хочам і мы будзем такімі, якія мы ёсць насамрэч. Гэта не ўсвядомленая, але дэкларацыя, дэкларацыя аб намерах, калі хочаце.  

— Ці ведае Мікалай Віктарвіч пра гэта, пра тую вялізную салідарнасць, пра сотні тысяч людзей, якія выйшлі і змагаюцца?

— Канешне, ведае. На тыя жнівеньскія дні як раз прыйшліся этапы, але ж яго і этапавалі ў Жодзіна пасля таго, як мы некалькі дзён запар стаялі з пікетам пад «валадаркай». А пад час таго першага вялікага Маршу 16 жніўня частка людзей падышла да турмы, яны скандавалі, выкрыквалі і яго імя, і ён гэта чуў.

Мікалай, усе ж такі вайсковец, ён добра арыентуецца ў прасторы, лакалізуе сябе нават ў закрытых памяшканнях. Ён казаў, што сядзеў там ў нейкім паўпадвале з вакном ва ўнутраны дворык, але ж чуў гэтыя крыкі, адчуваў энэргію гэтай вялікай масы людзей, якія стаялі тады пад «валадаркай».

— Якi настрой зараз адчуваецца у яго лiстах?

— А вы сумняваецеся? (смяецца) Калі мы гаворым пра майго мужа, можаце не сумнявацца! Мы гэта заўсёды ведалі, воля ўнутры нас і чалавек, які абсалютна вольны, ён будзе гэту волю распаўсюджваць на наваколле. Мой муж абсалютна вольны чалавек і практычна ў кожным лісце ён выказвае падтрымку людзям, якія змагаюцца, якія працягваюць выходзіць, якія зараз знаходзяцца за кратамі за свае перакананні, за сваё жаданне, каб краіна стала свабоднай.

— Ці ведае ён, колькі зараз палітзняволенных?

— Я думаю, што гэтыя лічбы і мы з вамі не ведаем, бо яны мяняюцца ледзь не штодня, але ж маштабы яму вядомыя. Нават калі б ў яго было только БТ, ён бы зрабіў з яго належныя высновы. У яго падключаны так званы «сацыяльны пакет», палова з якога — расейскія прапагандыстскія каналы.  

— Як шмат незнаёмых людзей прыйшлі да вас апошнім часам? Бо многія даведаліся не толькі пра сапраўдны твар беларусаў у мінулым годзе, але і пра Паўла Севярынца і пра Мікалая Статкевіча таксама.

— Шмат, канешне. Большасць людзей, з якімі ты зараз размаўляеш, пачынаюць так: «Я до лета был вне политики». Насамрэч, з аднаго боку я вельмі-вельмі рада, а з другога — вельмі сумна. 26 гадоў летаргіі — яны зараз нам выходзяць такімі вось выпрабаваннямі, якіх, мабыць, магло і ня быць, калі б крышку раней людзі ўбачылі рэальны стан рэчаў. Але ж, дзякуй Богу, што гэта адбылося.

— Калі я пісала ліст вашаму мужу, у мяне было вялікае жаданне прасіць прабачэнне ў яго за гэты «летаргічны сон».

— Многія людзі просяць прабачэння, многія выказваюць падзяку. Безумоўна, прыходзяць з падтрымкай, з удзячнасцю, безумоўна,  прапануюць нейкую дапамогу.

Адно толькi не трываю, калі мне жадаюць «трымайцеся». Дарэчы, можаце лічыць гэта маім зваротам, бо пажаданне «трымайцеся» —  яно, здаецца, правільнае, але ж, калі па сутнасці, то гэта пажаданне надоўга трымацца, то бок доўга цярпець. Я не хачу, я заўсёды кажу, не жадайце мне трымацца, жадайце, каб мне гэта не спатрэбілася, каб усё гэта як мага хутчэй скончылася, і каб нашы блізкія былі дома. Навошта ж мне трымацца? Я і так ужо трымаюся дзесяцігодзямі.

Хочацца, каб усе нашы хлопцы, дзяўчаткі і дзеці выйшлі на волю як мага хутчэй. Дзеці за кратамі — гэта ўвогуле каласальная жахлівая трагедыя, да якой нізкасці дакаціліся тыя людзі, якія называюць сябе ўладай, правасуддзем і гэтак далей.

Судзяць юнакоў, дзяўчат, нават падлеткаў! Прычым на шалёныя абсалютна тэрміны. Але мне вельмі даўно вядома, наколькі даўно мы ўжо не знаходзімся ў прававым полі. Тое, што адбываецца зараз, я лічу апошняй ступенню падзення. Такія дзеянні — яны не пра планы на жыццё і не пра доўгія перспектывы. Гэта, па сутнасці, выглядае, як пацук, загнаны ў кут, у якога няма ніякіх шансаў. Менавіта вось гэтымі дзеяннямі яны набліжаюць свой канец.

Яны спадзяюцца, што ўсё будзе як раней, што людзі схаваюцца, зашыюцца, што страх і апатыя апануе грамадствам.

Гэта ўлада трымаецца на страху, на бясконцым шантажы, кампрамаце. Яны разлічваюць, што людзі, якія ўваходзяць у так званыя ўладныя структуры, пад уздзеяннем ці страха, ці кругавой парукі будуць, як адзін тут казаў, «адбівацца да апошняга патрона».

Гэта ўсё цалкам у стылі нашай улады. Па-першае, прынізіць, па-другое, «скляпаць» гэтыя гнюсныя «фільмецы», паказаць грошы, зброю, тоны ўзрыўчаткі. Мы ж памятаем і пра джыпы, і пра «жахлівых» беларускіх тэрарыстаў.

— Як вы лічыце, ці гэтым разам стане істотнай дапамога Еўрасаюза?

— Я вельмі спадзяюся, што ЕС не спыніцца, што будзе павялічвацца не толькі маральная дапамога, але і рэальныя дзеянні. Я не чакаю насамрэч, што яны так націснуць, што ўсё рухне. Я чакаю, што гэта будзе моцная пазіцыя маральная і што гэта будуць нейкія рэальныя эканамічныя санкцыі.

— А чаго чакаеце гэтай вясной?

— Рэвалюцыі па прызначэнні не адбываюцца. Мы ўсё мроім пра залп Аўроры, але, я думаю, што гэта можа адбыцца ў любую хвіліну. Ніхто не можа прадказаць, калі гэту накрыўку, якая раней была крышачку прыадчынена, а зараз задраена наглуха, калі гэту накрыўку рване.

Ніхто не ведае, што павінна адбыцца, што стане гэтым трыгерам. Я, напрыклад, ніякім чынам не ўяўляю сабе, што гэта будуць нейкія крывавыя падзеі. Я думаю, што дастаткова, каб выспела рашучасць. Рашучасць заставацца на месцы, супраціўляцца, стаяць непарушна на сваім.

Вось гэтыя, яны ж былі страшэнна напужаныя ў жніўні, калі узброеныя, экіпіраваныя, уцякалі ад двух-трох людзей без зброі. Нават жывёлы адчуваюць, хто іх баіцца, а хто не, чаму мы адмаўляем ў гэтым людзям? Я думаю, што халодная спакойная рашучасць нам дапаможа.

І мы яе ўжо бачылі, мы бачылі, як паводзілі сябе жанчыны, пенсіянеры… Яны сапраўды ужо вырашылі, што ёсць каштоўнасці, больш важныя за выжыванне ў рабстве.

— Дзякуй. Я жадаю вам шмат даўгачаканых сустрэч гэтай вясной.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]