Калі прачнецца Бог.
Цяпер, калі на Беларусі амаль штодзённа адбываюцца арышты, ламаюцца лёсы, праходзяць бясконцыя суды, калі многія гатовы зьняверыцца і патануць у балоце смутнаглядзтва, вельмі важна мець узор для натхненьня. Рэжысэр і актрыса Тэатра юнага гледача Ганна Казлова гэта выдатна адчувае і таму недарэмна для сваёй новай пастаноўкі «Калі прачнецца Бог...» выбрала творы Ларысы Геніюш.
На сцэне ТЮГу адбыўся ўжо трэці паказ гэтага вельмі важнага для цяперашняга часу спэктакля. У аснове ляжаць успаміны паэткі («Споведзь»), а таксама яе вершы, дзе выяўлены пратэст супраць любых формаў таталітарызму і несвабоды.
Спэктакль пачынаецца як клясычны аўтабіяграфічна-хрэстаматыйны твор, дзе сем артыстаў (Раіса Астрадзінава, Арына Рабычына, Ала Паплаўская, Ганна Махун, Андрэй Каламіец, Андрэй Каралевіч, Павал Церахаў) таленавіта разыгрываюць перад намі розныя эпізоды з раньняга жыцьця Геніюш. Але неўзабаве празаічны пераказ саступае месца сапраўднай паэзіі.
Фото: Ганна ШаркоІ справа ня ў тым, што выканаўцы вельмі шмат чытаюць вершаў Геніюш; сама пастаноўка пачынае зачароўваць сваёй балетнай лёгкасьцю. Вось яшчэ маладая Ларыса (Ганна Рабычына) у вымушаным расстаньні з мужам (Андрэй Каламіец) гушкае дзіця і пачынае адбіваць нэрвовую чачотку. Творачы гэты поўны экспрэсіі танец, яна адначасова складае новыя вершы, поўныя болю, адчаю і марнага жаданьня шчасьця...
Фото: Ганна ШаркоВось нарэшце Ларыса і Янка сустракаюцца ў Празе. Перад імі зьяўляюцца дзьве вялікія квадратныя пласьціны, на якіх нашы героі, такія імпэтныя і закаханыя, крэйдай малююць абрысы Прагі...
Вось перад намі эпізод сьмерці прэзыдэнта Беларускай Народнай Рэспублікі Васіля Захаркі (Андрэй Каралевіч), і Ганна Казлова вырашае гэтую сцэну бліскуча: Захарка гаворыць пра свой хуткі сыход у нябыт і пачынае анучай выціраць намаляваныя абрысы Прагі, пакідаючы пасьля іх толькі брудныя шэрыя разводы...
Фото: Ганна ШаркоМногае тут вырашана праз шумы, нечаканую плястыку, малюнак, мэлядэклямацыю. Артысты робяць гэта нязмушана, на адным дыханьні, і дзякуючы гэтаму такая няпростая тэма, якая ўздымаецца ў спэктаклі — мірны, але настойлівы супраціў супраць дыктатуры, дзе моцная жанчына аказалася мацнейшай за ўсіх тыранаў сьвету, — успрымаецца неяк лёгка, ня патасна і надзвычай пераканаўча, а тая паэтычная нота, якая тут гучыць, сваёй жыцьцёвай натуральнасьцю зачароўвае.
Фото: Ганна ШаркоЛарыса Геніюш — гэтая першая беларуская дысыдэнтка, якую ня змог зламіць ні Сталін, ні Цанава, ні брэжнеўска-андропаўская арда. Яна заўсёды была яскравым прыкладам таго, што нават у самых бесчалавечных умовах можна маральна захавацца. Не згубіць веры ў тое, што ў Беларусі рана ці позна скончацца арышты, ніхто нікога ня будзе забіваць і калечыць.
Фото: Ганна ШаркоГэты сьмелы, шчыры, па-мастацку і па-грамадзянску пераканаўчы спэктакль, дзе адна моцная беларуска (Ганна Казлова) творыць дзівосную, натхняльную гісторыю пра другую моцную беларуску (Ларысу Геніюш) аднолькава будзе цікавы і эстэтам (за сваё плястычна-мастацкае й музычнае хараство) і простай публіцы (бо тут падрабязна і ў займальнай форме апавядаюцца біяграфічныя факты з жыцьця паэткі, гаворыцца пра яе каханьне).
Фото: Ганна ШаркоСамае ж галоўнае, што завяршае свой спэктакль Ганна Казлова на аптымістычнай ноце: героі ў самым фінале вызваляюцца з абдымкаў сталінскіх лягераў, зрываюць зь сябе ненавісныя лягерныя робы і кідаюць іх на дол. Героі становяцца свабоднымі.
Васіль Дэ Эм, «Радыё Свабода»