Прыйшоў час высноў і іх увасаблення ў рэальнасць.
Ну вось і вясна прыйшла! Можа і банальна пачынаць фельетон з такіх слоў, але не гэтым разам, і не для сённяшняй Беларусі. Тут вясну чакалі як ніколі раней. Чакалі ўсе, хтосьці з надзеяй, хтосьці з страхам, нехта з насцярогай, з трывогай, з упэўненасцю, з рашучасцю… З рознымі эмоцыямі, але ўсе. Перыяд зімовага пераасэнсавання таго, што адбылося летам і восенню мінулага году закончыўся. Прыйшоў час высноў і іх увасаблення ў рэальнасць.
Высновы, да якіх прыйшло беларускае грамадства ў гэты перыяд, неўзабаве стануць дастаткова зразумелымі і набудуць лагічна акрэсленыя контуры. Яны ўжо абсалютна ясныя па большасці лёсаносных пытанняў. Ясныя мэты і задачы абодвух бакоў, і пратэснай вуліцы, і ўлады. Улада ад пачатку зрабіла стаўку толькі на сілавы варыянт, і маючы зімовую перадышку ад гіпермасавай у нядаўнім актыўнасці вуліцы, толькі ўзмацніла яго, той сілавы варыянт. Па пошук гістарычных аналогій такіх дзеянняў далёка хадзіць не трэба, іх і ў нядаўнім мінулым, і ў даўніне – дастаткова. І аж занадта. Таму ёсць абсалютна зразумелым і тое, да чаго такія дзеянні прывядуць у гістарычнай перспектыве.
Найбольш размытым, на маю думку, пакуль што застаецца пошук гістарычных аналагаў ў стратэгіі мірнага пратэснага руху беларусаў. Увесь свет з захапленнем і здзіўленнем назіраў, як стотысячныя натоўпы пратэстоўцаў пасля сваіх акцый не пакідалі не тое што нейкіх разбурэнняў, але нават акуркаў. Таму, нібыта, вельмі цяжка знайсці аналогіі і зрабіць прагнозы далейшай трансфармацыі гэтай стратэгіі.
І сапраўды, беларускі пратэсны рух моцна адрозніваецца ад іншых. І мне здаецца, найбольшае падабенства ён мае з тым народным рухам, які ў канцы мінулага стагоддзя паклаў канец СССР. Асабліва блізкае падабенства ёсць менавіта з пратэсным рухам у беларускай частцы Савецкага Саюзу, і зараз ёсць яго лагічным працягам. Так, сённяшні беларускі пратэсны рух ёсць лагічным працягам адраджэнскага руху канца дваццатага стагоддзя. Зараз дарабляецца тое, што не было даробленае тады.
У пратэстоўцаў цяпер, як і тады, зусім мала патрабаванняў. Па сутнасці, толькі два – беларуская дзяржава і справядлівыя выбары. Нават словазлучэнне справядлівыя выбары можна замяніць проста на слова Справядлівасць. Можна было б і без выбараў абысціся ўвогуле. Каб улада хоць спрабавала зразумець свой народ, і пайшла шляхам узмацнення дзяржаўнасці, а асабліва беларускасці, а таксама каб хоць крыху рухалася ў кірунку справядлівасці і законнасці, то грамадства, хіба што, з справядлівымі выбарамі яшчэ крыху магло б і пачакаць. Але разбураліся менавіта духоўныя беларускія каштоўнасці, ганьбілася годнасць, не выконваўся нават мінімум базавых нормаў самай простай бытавой справядлівасці і законнасці. І вось зараз беларускі пратэсны рух, які і цяпер не верыць, што хоць якая ўлада можа быць добрай, гэтую ўладу ўсё ж хоча памяняць на іншую. І абавязкова на сваю, беларускую. Вось што важна – на сваю.
Беларусы выйшлі пад бела-чырвона-белымі сцягамі, і ў адрозненні ад суседзяў не разбавілі свае нацыянальныя сімвалы ні еўрапейскай, ні агульнай, ні якой іншай сімволікай. Нават першапачаткова прапанаваныя лідарамі белыя стужкі не прыжыліся. І як бы гэта не глядзелася дзіўна з боку, беларусы зараз роднай называюць толькі беларускую мову, хоць большасць ёй яшчэ не навучылася карыстацца. Так мала яны патрабуюць, так мала ім трэба. Гэты мінімум магла б даць кожная ўлада. Але знайшлася такая, якая пачала разганяць мірныя вулічныя пратэсты. Таму і патрабаванні вуліцы да яе зараз адназначныя.
Некалькі дзён таму першы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў адзначаў сваё дзевяностагоддзе. Некалі ён не пайшоў на сілавы варыянт, не праліў кроў, і за гэта ўсе народы былога СССР даравалі яму не толькі памылкі, але і відавочныя злачынствы, такія як хаванне інфармацыі пра маштабы Чарнобыльскай трагедыі. Ёсць жа з каго браць прыклад і тым, у каго бязмерная ўлада.
Што тычыцца пратэснай часткі насельніцтва, то і ёй ёсць чаму павучыцца з таго перыяду сваёй гісторыі, каб больш не паўтарыць памылак нядаўняга мінулага.
А хто якія высновы зрабіў за гэты перыяд зімовага пераасэнсавання, пакажа вясна. Яна ўжо прыйшла.
Віктар Сазонаў, «Радыё Рацыя»