Чаму ёсць ўпэўненасць ў тым, што дыктатура аджыла свой час?
Песімісты не вераць, што ва ўмовах жорсткай дыктатуры, якая нахрапістаперараджаецца ў ваенную, можна здабыць свабоду, каб наладзіць годнае жыццё. Тупы гвалт заганяе людзей у палон разгубленасці і апатыі. Але я, маючы за плячамі значны перыяд беларускага быцця, застаюся аптымістам.
Як літаратару мне даводзіцца ўглядацца ў падзеі, абліччы і душы людзей, успамінаць былое, параўноўваць з сучаснасцю. Да ўражанняў, якія прыйшлі на роднай зямлі, дадаецца вопыт замежжа, назапашаны ў вандроўках. Такая спецыфіка рамяства: трэба як мага болей заўважаць, ведаць і асэнсоўваць.
Мае развагі пастаянна ўпіраюцца ў чалавечы фактар, бо ўсё залежыць ад людзей. Перамены, рэформы не даюць выніку, калі да дзеяння не гатовы народ, калі няма грамадзянскай салідарнасці, ініцыятыўнасці, адказнасці кожнага чалавека за ўласны лёс, за сям’ю і абавязкова — за будучыню нацыі.
Цяпер, калі А. Лукашэнка выкарыстоўвае ўзброеную сілу, спыняць яго цяжка. Але трэба, таму што кожны дзень дыктатуры — гэта калецтвы і пакуты, маральная і псіхічная дэградацыя грамадства, марнаванне рэсурсаў краіны.
Чаму я ўпэўнены ў тым, што дыктатура аджыла свой час?
Па-першае, за 26 гадоў кіраўнік, які ўласным рэтраградствам тармозіць прагрэсіўныя змены, павышэнне ўзроўню дабрабыту, які падкрэслівае, што сам аддаваў загады на арышт палітыкаў і на падаўленне народных пратэстаў, надакучыў большасці грамадзян і выклікае алергію.
Па-другое, у Беларусі ў выніку змены пакаленняў, а таксама пад уплывам агульнага прагрэсу выраслі людзі з новым падыходам да жыцця і, што не менш важна, — змянілася свядомасць старэйшага насельніцтва.
Па-трэцяе, у грамадзян і ў рэжыму розны запас фізічнай і маральнай трываласці, энергіі. Як бы ні пахваляліся А. Лукашэнка і сілавікі, але перамога будзе на баку народа.
Па-чацвёртае, у планетарнай палітыцы адбыўся паваротны момант. 16 сакавіка 2021 года прэзідэнт ЗША Д. Байдэн у размове з карэспандэнтам тэлеканала АВС згадзіўся з негатыўнай ацэнкай прэзідэнта РФ. Гэта пачатак новага супрацьстаяння палярных сілаў.
У. Пуцін і А. Лукашэнка карысталіся заходнімі навуковымі дасягненнямі, тэхналогіямі, інвестыцыямі, фінансамі для асабістага ўмацавання, падманвалі «імкненнем да дэмакратычнага развіцця». Цяпер фокусы «харызматыкаў» скончыліся. ЗША пад кіраўніцтвам вопытнага Д. Байдэна, які наскрозь бачыць аўтакратаў, які лічыць сучасны свет полем бітвы дабра і зла, дэмакратыі і аўтарытарызму, рашуча падтрымліваюць беларускі народ. Прытым Амерыка не зацыклена, як Еўразвяз, на цесных гандлёвых стасунках з Расіяй і Беларуссю, не палахлівая і асцярожная, не баіцца пагроз. Вашынгтон заявіў, што дыктатарскія рэжымы «будуць адказваць за злачынствы, якія здзейснілі».
Пералічаныя фактары дазваляюць быць аптымістам. Але эйфарыі ў мяне няма яшчэ з 1993 года, калі папярэджваў у друку, што Беларусь можа спаўзці да «бананавай рэспублікі». Таму паўтараю: усё залежыць ад людзей.
Гледзячы на адданых патрыётаў і абаронцаў нацыі, сучасную сітуацыю ацэньваю з надзеяй. Толькі не трэба забывацца, што ў Айчыне жыве шмат абыякавых індывідаў, прыстасаванцаў, прыхаваных здраднікаў і адкрытых ворагаў нацыянальных і народных інтарэсаў. Асабліва ўражваюць стукачы, якія даносяць у міліцыю на любое выяўленне бел-чырвона-белых колераў. Дайшло да анекдотаў, за акцыю пратэсту прымаюць святло ў вакне. Бачыце, сярод нас ёсць і такія!
Што тычыцца знешніх пагроз, то навальнічныя хмары могуць прыпаўзці з усходу. Нездарма У. Пуцін нядаўна нагадаў «щедрые подарки России», за якія трэба разлічвацца.
Менавіта з гэтых прычын беларусам нельга думаць, што ўсё рашыцца само сабой і рассмокчацца, нельга згаджацца з зацягваннем узурпацыі ўлады і ўваходзіць у прывыканне да масавага тэрору. Пытанне стаіць рубам: або грамадства зноў дагаджае А. Лукашэнку, боўтаецца ў балоце, або крочыць да свабоды шляхам, абраным у жніўні 2020 года.
Страху не павінна быць. Праўда і сіла застаецца за большасцю народа, бо, акрамя людзей, якія смела выходзяць на вуліцы, у кватэрах і дамах безліч прыхаваных «маніфестантаў». Дыктатура сваім нахабствам дастала ўсіх!
Грамадства абудзілася ў змаганні з фальсіфікацыямі і гвалтам рэжыму, за што хвала. Яно яднаецца, вучыцца адстойваць свае правы ў крыві, пабоях і пакутах, бо такіх жорсткіх сілавых, следчых, судовых, пракурорскіх і заканадаўчых рэпрэсій, якія адбываюцца ў Беларусі, Еўропа не ведала.
А наперадзе яшчэ адна праца. Яна прадугледжвае размах сапраўднага палітычнага і грамадскага жыцця, нацыянальнага і дзяржаўнага будаўніцтва, забеспячэнне ўдзелу народа ва ўсіх справах. Неабходна спыніць пастаяннае крэмзанне Канстытуцыі. Трэба, каб кожны дзяржаўны інстытут займаў адведзенае законам месца і дакладна выконваў ускладзеныя на яго абавязкі.
Якраз для ажыццяўлення такіх змен патрэбны свабода, дэмакратычны лад, да якіх імкнецца народ.
Свае пачуцці перадаю ў вершы «Вясна 2021 года»:
Надзея і адчай адначасова —
Які невераемны гэты сплаў!
То ўшчэнт зліняе,
То ўзнясецца слова,
Застылі коні побліз перапраў.
А над усім пануе грозны вірус,
Яму няважна — хто ты і які.
Але вярнуўся ў край
Свабоды вырай…
Не адступіце, беларускія палкі!
Рэжым трымаецца толькі на паслугачах-робатах. Але кругавая парука скончыцца. Нікому не падабаюцца пустыя кішэні…
Калі я працаваў у 1967 годзе ў студэнцкім будатрадзе ў Казахстане, а было гэта ў дзікім стэпе, які пераходзіў у паўпустыню, то заміналі небяспечныя стварэнні: скарпіёны, фалангі, тарантулы, каракурты. Зрэдку мы забаўляліся тым, што наладжвалі ў вялікіх слоіках «кулачныя баі» скарпіёнаў з фалангамі або тарантуламі. Укус каракурта — смяротны, іх не лавілі. У бойцы гінулі ўсе: скарпіён наносіў удар атрутным шыпам, а фаланга, паміраючы, моцнымі пашчэмкамі разрывала яго.
Развал і разборкі заўжды наспяваюць у мафіёзнай, дыктатарскай сістэме. Хутка «героі» падаўлення пратэстаў стануць разбягацца на «запасныя аэрадромы» ў Расію, у іншыя краі, як спалоханыя прусакі ад уключанага яркага святла.
Свабода, заваяваная самаахвярнасцю герояў, якія загінулі, адвагай соцень тысяч звычайных грамадзян, і асабліва дзяўчат і юнакоў, што прайшлі празкатаванні, прыніжэнні і выстаялі, будзе ў Беларусі даўгавечнай і непахіснай.
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com