Свята Дня Волі супадае з ўрачыстасцю Звеставання Пана у каталіцкім Касцёле.
Аб гэтым у «Фэйсбуку» напісаў біскуп Юрый Касабуцкі:
— Гэта гістарычная падзея адчыняе новую старонку ў гісторыі збаўлення. Для Марыі распачынаецца час шматлікіх пакутаў і выпрабаванняў... Нават пад крыжам Сына трэба было стаяць... Але было і хвалебнае ўваскрасенне!
Прайшло шмат гадоў...
25 сакавіка 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Гэта адчыніла новую старонку ў гісторыі нашага народу. І хоць БНР праіснавала ў тым выглядзе вельмі кароткі перыяд часу, для нас, беларусаў, гэта знакамітая дата.
25 сакавіка - гэта дзень асаблівай малітвы за нашу Бацькаўшчыну, за Беларусь.
Мы молімся за наш шматпакутуючы народ, аб спыненне палітычных рэпрэсій, якія ахапілі нашу краіну, калі кожны дзень мы чуем звесткі аб чарговых арыштах, прысудах і іншых формах пераследу грамадзян за іх погляды і грамадзянскую пазіцыю. Мы молімся аб спыненне насілля супраць нашага народу ў нашай роднай Беларусі.
Мы молімся аб еднасці, салідарнасці, узаемапавазе і ўзаемападтрымцы паміж усімі жыхарамі нашай краіны, розных нацыянальнасцей, поглядаў, рэлігійных перакананняў... Мы адна нацыя, імя якой - "беларускі народ".
Я асабіста буду маліцца ў гэты дзень за наш народ, за палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі (я не пералічваю паімённа, але ахопліваю малітоўнай памяццю ўсіх без выключэння), за ўсіх тых, хто патрабуе Божай дапамогі...
Маліцеся за Беларусь і наш народ!